Музейныя здабыткі

№ 51 (1229) 19.12.2015 - 25.12.2015 г

Магілёўшчына: вынікі Дзяржапраграмы “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады
Чарговыя тэлефанаванні — гэтым разам на Магілёўшчыну — яшчэ раз пацвердзілі, што вынікі дзейнасці Дзяржпраграмы “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады многімі кіраўнікамі сферы ацэньваюцца даволі пазітыўна. Гэтая ацэнка, натуральна, тычыцца ў першую чаргу паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры таго ці іншага раёна. Бо, што ні кажы, а ў лядашчым раённым доме культуры ці музеі, дзе працякае дах або мёрзнуць супрацоўнікі, паспяхова не напрацуешся. Як, натуральна, не атрымаеш задавальнення ад старога камп’ютара ў бібліятэцы ці ад састарэлых музычных інструментаў у дзіцячай школе мастацтваў.

Мільёны да мільёнаў

Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Хоцімскага райвыканкама Аляксандр Цішчанка літаральна закідаў мяне лічбамі і тымі мільёнамі рублёў, якія па гадах былі атрыманы, а пасля і асвоены ва ўстановах культуры раёна паводле Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады.

— Напрыклад, у 2012 годзе толькі на стварэнне новых экспазіцый у Хоцімскім гісторыка-краязнаўчым музеі намі было атрымана каля 300 мільёнаў рублёў, — кажа візаві. — Яшчэ прыкладна 150 мільёнаў пайшло на рамонт музейнага будынка. Таксама 110 мільёнаў было выкарыстана на набыццё музычных інструментаў і апаратуры для раённай дзіцячай школы мастацтваў.

Сотні мільёнаў рублёў працягвалі паступаць і ў наступных гадах. Так, па словах Аляксандра Цішчанкі, у 2013 годзе былі зроблены закупкі электронных даведнікаў для Хоцімскай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, а таксама працягвалася паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы Хоцімскай ДШМ. А летась працягвалася праца над стварэннем экспазіцыі ў гісторыка-краязнаўчым: так, на афармленне залы этнаграфіі было выдаткавана блізу 120 мільёнаў рублёў, а больш за 80 мільёнаў рублёў пайшло на набыццё музейных прадметаў.

— Так што ацаніць вынікі Дзяржпраграмы я магу толькі на “выдатна”, — адзначыў суразмоўца. — Да таго ж трэба сказаць і аб тым, што ўсе паказчыкі па наведвальнасці бібліятэк, павелічэнні колькасці клубных фарміраванняў і многія іншыя, прадугледжаныя дакументам, мы выканалі. Гэтаму, натуральна, паспрыяла і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы нашых устаноў культуры.

Абнаўленне і папаўненне

Да слова, пра абнаўленне музейных устаноў мне казалі літаральна ўсе кіраўнікі сферы культуры Магілёўшчыны, з кім гэтым тыднем пагутарыў. Даволі знакавы факт, улічваючы, што падобнымі здабыткамі ў іншых рэгіёнах Беларусі пахваліцца могуць далёка не ўсе раёны.

Так, начальнік аддзела ІРКСМ Крычаўскага райвыканкама Вадзім Рыськоў адзначыў, што ў мясцовым краязнаўчым музеі, які месціцца ў палацы Пацёмкіна — помніку архітэктуры XVIII стагоддзя — дзякуючы Дзяржпраграме была значна абноўлена экспазіцыя.

— На сёння асноўны фонд музея налічвае прыкладна 19 тысяч адзінак захоўвання, і папаўненню нашых калекцый у многім паспрыяла Дзяржаўная праграма “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады, — адзначыў Вадзім Вячаслававіч. — Акрамя таго, трэба зазначыць, што дзякуючы Дзяржпраграме мы змаглі значна палепшыць тэхнічнае абсталяванне музея: набылі сучасныя камп’ютары, найноўшае праграмнае забеспячэнне, мультымедыйную ўстаноўку…

Па словах начальніка аддзела ІРКСМ Слаўгарадскага райвыканкама Алены Шаўцовай, яшчэ ў 2013 годзе ў райцэнтры быў уведзены ў дзеянне будынак, дзе сёння месціцца Гісторыка-краязнаўчы музей.

— Сёлета мы адкрылі ў музейным будынку залу, прысвечаную Вялікай Айчыннай вайне, а таксама залу для правядзення зменных выставаў, — адзначыла суразмоўца. — Акрамя таго, набылі ўсё неабходнае тэхнічнае абсталяванне для працы музейшчыкаў... А яшчэ паводле Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” мы закупілі камп’ютары для ўсіх бібліятэчных устаноў раёна, камплекты сцэнічных касцюмаў для нашых калектываў, правялі капітальны рамонт і мадэрнізацыю кінатэатра “Радзіма”. Так што Дзяржпраграма нам вельмі дапамагла…

Рамонты і вынікі

Выснову калегі падтрымала і начальнік аддзела ІРКСМ Краснапольскага райвыканкама Алена Раманенка.

— Сапраўды, Дзяржаўная праграма значна паспрыяла нашай працы, — сцвярджае візаві. — Дзякуючы ёй мы змаглі распачаць яшчэ ў 2012 годзе капітальны рамонт нашага раённага гісторыка-этнаграфічнага музея. Тры гады таму на пачатак рамонтных работ была выдаткавана даволі неблагая сума: звыш мільярда рублёў.

Рамонт установы культуры працягваўся і ў наступныя гады. Цяпер музейны будынак даведзены да ладу і ў ім адбываецца афармленне экспазіцыі.

— Акрамя таго, мы значна палепшылі матэрыяльна-тэхнічную базу раённай дзіцячай школы мастацтваў, а таксама набылі камп’ютары для ўсіх бібліятэк раёна, — кажа Алена Раманенка. — Разам з тым, выканалі амаль усе паказчыкі, даведзеныя Дзяржаўнай праграмай “Культура Беларусі”. Не ўдалося толькі дасягнуць паказчыка па росце колькасці навучэнцаў ва ўстановах пазашкольнага выхавання і навучання сферы культуры.

Прычына, па словах кіраўніка аддзела, ляжыць на паверхні: у Краснапольскай ДШМ няма аддзялення харэаграфіі, бо… няма спецыяліста-харэографа.

— У нас вельмі шмат ахвотных займацца на харэаграфічным аддзяленні ў дзіцячай школе мастацтваў, а вось чалавека, які б мог прафесійна навучаць харэаграфіі, у раёне, на жаль, пакуль не з’явілася, — кажа Алена Раманенка. — Маладыя спецыялісты да нас не даязджаюць, — магчыма, у тым ліку і па прычыне таго, што мы не можам прадаставіць ім жылля, — а свае кадры мы выхаваць пакуль не змаглі. І гэта тая праблема, якая стаіць перад намі не першы год…

Слова ўпраўленню

Па завядзёнцы, апошняя гутарка прыйшлася на абласны цэнтр. Як распавёў у гутарцы з “К” начальнік галоўнага ўпраўлення ІРКСМ Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Сінкавец, Дзяржаўная праграма “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады значна паспрыяла ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы шматлікіх устаноў культуры рэгіёна.

— Гэта першая падобная рэспубліканская праграма, якая змагла даць пазітыўны штуршок у развіцці сферы культуры як усёй краіны, так і Магілёўскай вобласці, і я вельмі ўдзячны Міністэрству культуры Беларусі за высілкі па прыняцці і рэалізацыі гэтага важнага дакумента, — адзначыў Анатоль Сінкавец. — Сярод найбольш важкіх дасягненняў Дзяржпраграмы на Магілёўшчыне — праца на аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны рэгіёна, поўная камп’ютарызацыя бібліятэк, значнае абнаўленне кніжных фондаў як гарадскіх, так і сельскіх бібліятэчных устаноў, набыццё музычных інструментаў для дзіцячых школ мастацтваў і рамонты ў многіх установах культуры Магілёўшчыны.

Паводле слоў Анатоля Сінкаўца, за апошнія гады ў развіццё сферы культуры Магілёўшчыны былі ўкладзены значныя фінансавыя сродкі.

— Дзякуючы гэтаму сёння большасць устаноў культуры маюць сучасную матэрыяльна-тэхнічную базу, пачынаючы ад бібліятэк, музеяў і завяршаючы кінатэатрамі з магчымасцю паказу кінафільмаў у сучасных фарматах “Dolby” і “3D”. Акрамя таго, на сёння ў большасці раёнаў вобласці разам з дамамі культуры і клубамі дзейнічаюць новыя тыпы ўстаноў — маладзёжныя цэнтры, дамы рамёстваў, клубы-музеі, клубы-бібліятэкі, дамы культурна-сацыяльных паслуг.

Як адзначыў Анатоль Сінкавец, менавіта дзякуючы Дзяржпраграме “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады, як і Дзяржпраграме “Замкі Беларусі” на 2012 — 2018 гады, у Магілёўскай вобласці сёння адбываецца рэканструкцыя і рэстаўрацыя Быхаўскага замка, блізкія да завяршэння работы па аднаўленню Жыліцкага палацава-паркавага ансамбля ў Кіраўскім раёне, пачаты работы на шэрагу іншых аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны.

— Наша першачарговая задача на бліжэйшую перспектыву — далейшае садзейнічанне ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры, стымуляванне іх эканамічнага і творчага развіцця, стварэнне яшчэ больш спрыяльных умоў для адукацыі і выхавання нашай таленавітай і творчай моладзі, — сказаў напрыканцы нашай размовы начальнік галоўнага ўпраўлення ІРКСМ Магілёўскага аблвыканкама.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"