Адкрыўся свет…

№ 51 (1229) 19.12.2015 - 25.12.2015 г

Асабіста я дзяржаўны суверэнітэт Беларусі лічу найвялікшай каштоўнасцю, але далёкі ад таго, каб агулам адмаўляць ўсё савецкае, не бачыць станоўчых момантаў эпохі, якая скончылася ў 1991 годзе. У прыватнасці, найвышэйшыя дасягненні беларускага выяўленчага мастацтва, на маю думку, прыпадаюць менавіта на той час.

/i/content/pi/cult/565/12387/4-28.jpgПеракананасці ў гэтым мне надало наведванне юбілейных выстаў у Нацыянальным мастацкім музеі. Адна экспазіцыя была прысвечана 85-годдзю народнага мастака Беларусі Мая Данцыга, другая — 90-годдзю з дня нараджэння Мікалая Залознага (1925  — 1982). Для тых, хто лічыць, што для беларускага жывапісу ўласцівы меланхалічны лад, камерны фармат і стрыманыя фарбы, мусілі ўбачыць у творах згаданых мастакоў зусім іншую Беларусь — яркую, выразна эмацыйную, у “выбуховым” каларыце і манументальным маштабе. (Пра выставу Данцыга, дарэчы, у “К” быў змешчаны грунтоўны матэрыял.)

Творы Залознага экспанаваліся ў дзвюх залах на першым паверсе музея ў той час, як у яго галерэі адкрылася выстава Рамана Заслонава, беларускага мастака, які стала атабарыўся ў Францыі. Такім чынам можна было параўнаць творчасць аднаго з мэтраў беларускага савецкага мастацтва і аднаго з самых паспяховых жывапісцаў суверэннай Беларусі. Параўнаць не для таго, каб аднаго пахваліць, а другому прэтэнзіі выказаць. А каб зразумець, што мы страцілі і што набылі з адыходам СССР і яго мастацкай традыцыі і ўсталяваннем суверэнітэту і павевамі новага часу.

Мікалай Залозны, як і ўсе мастакі ягонага пакалення, мусіў сцвярджацца ў коле тэм і сюжэтаў, якія лічыліся сацыяльна значнымі, інакш кажучы — актуальнымі для грамады, для народа. У Савецкай Беларусі статус нацыянальнай мела тэма Вялікай Айчыннай вайны. Не абмінуў яе і Залозны. А паколькі тая вайна закранула яго дзяцінства, дык у свае карціны, прысвечаныя ліхалеццю, мастак укладаў непрыхаваныя эмоцыі. Палотны атрымліваліся жывыя, выразныя, здольныя прыцягнуць увагу і выклікаць у гледача пачуццё суперажывання. Да таго ж, шэраг палотнаў майстра — праява ягонай здольнасці радавацца жыццю і знаходзіць прыгажосць у самых звычайных рэчах і з’явах. Атрымліваецца, што пры вонкавай залежнасці ад ідэалагічнай кан’юнктуры мастак быў свабодным, бо меў талент заставацца самім сабой у прапанаваных умовах.

Вонкава Раман Заслонаў больш свабодны, чым у свой час быў Мікалай Залозны. Ён мае магчымасць ігнараваць ідэалагічныя каноны з прычыны іх адсутнасці ў суверэннай Беларусі, а тым больш у Францыі. Ён малюе, нібыта, тое, што хоча. Але відавочна, рынак уплывае на яго творчасць не менш, чым на творчасць Залознага ў свой час дзяржаўная ідэалогія. Прытым, што карціны апошняга маюць у аснове ўсё ж ягоны сацыяльны досвед, тым часам як зробленае Заслонавым — збольшага штучна выбудаваны свет, гэткае “фэнтэзі” з эратычным ухілам. Залозны працаваў на шырокую грамаду. Заслонаў мае сталы попыт у кола эстэтаў ад “сецэсіі” і “ар-дэко”. Яшчэ адзначу, што Залозны, як і абсалютная большасць нашых мастакоў тае пары, працаваў на радзіме. Заслонаў жа ў Беларусі бывае наездамі. Мне асабіста бліжэйшы Мікалай Залозны, бо ён быў і бліжэйшым да рэальнага жыцця.

Мяркую, што творцам за апошнія гады адкрыўся свет. Але ж як карабель мае порт прыпіскі, так і ў мастака павінна быць, пафасна кажучы, духоўная радзіма (якая ў ідэале мусіць супадаць з геаграфічнай), куды ён вяртаецца па натхненне. Зрэшты без гэтага можна і абысціся… Праўда, тады з карцін знікае грунтоўнасць, сэнсавая глыбіня, шчырая эмацыйнасць. Тое, што вабіць публіку.

Залознага я ўспрымаю як земляка. Заслонаў, падаецца мне, з’ехаў у Францыю назаўсёды. А можа яно і някепска, што ў савецкі час грамада лічыла патрыятызм абавязковым чыннікам творчасці, а мастак мусіў лічыцца з меркаваннем грамады? Шырокай грамады.