Парасоны для палётаў ці ад дажджу ідэй?

№ 51 (1229) 19.12.2015 - 25.12.2015 г

Тэатральны форум: што ў маладых?
Наша сталіца прымала ІІ Маладзёжны тэатральны форум краін Садружнасці, Балтыі і Грузіі — восем дзён, на сямі розных сталічных сцэнах, 14 спектакляў, з іх 13 — конкурсных (па адным ад кожнай краіны, але Кыргызстан і Туркменістан спектакляў не даслалі), майстар-класы і выстава сцэнографаў (з каталогам), семінары драматургаў (са зборнікам п’ес), “круглыя сталы” крытыкаў, воркшопы рэжысёраў — творчая моладзь мела ўсе магчымасці, каб выявіць свой патэнцыял, атрымаць прафесійную ацэнку, слушныя парады і быць заўважанай.

/i/content/pi/cult/565/12385/8-3.jpgЗ прыцэлам на будучыню

“Пацягнуць” такое мерапрыемства можна было толькі агульнымі намаганнямі. Да яго спрычыніліся многія дзяржаўныя інстанцыі, аб’яднанні і ўстановы краін-удзельніц. Але найперш — Міждзяржаўны фонд гуманітарнага супрацоўніцтва краін СНД і Міжнародная канфедэрацыя тэатральных саюзаў. Першы такі форум праходзіў два гады таму ў Малдове і адразу даў свой плён. У прыватнасці, адным з яго вынікаў стала пастаноўка ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі спектакля “Ціхі шэпт сыходзячых крокаў”: пры падтрымцы Міжнароднай канфедэрацыі творчых саюзаў (Масква) п’есу нашага Дзмітрыя Багаслаўскага ўвасобіў рэжысёр з Кыргызстана Шаміль Дыйканбаеў, спектакль меў паспяховыя гастрольныя паказы, удзельнічаў у двух расійскіх фестывалях.

А сам РТБД стаў адным з галоўных арганізатараў цяперашняга форуму, узяўшы на сябе асноўны клопат пра ўдзельнікаў. Гасцінна змясціўшы ў сваім памяшканні штаб форуму і ўсе яго майстар-класы, тэатр практычна не зачыняў дзверы ажно да ад’езду апошняй дэлегацыі. У фае ўсіх бясплатна частавалі кавай ды гарбатай, а супрацоўнікі і валанцёры імгненна вырашалі ўсе пытанні, нават імчалі на таксі ў аэрапорт, каб паспець перадаць забыты кімсьці пашпарт.

“Блондзі”-1/6

Адным з цэнтраў прыцягнення на форуме сталася майстэрня маладых рэжысёраў. Сёлета ім была прапанавана яшчэ адна п’еса таго ж Дзмітрыя Багаслаўскага — “Блондзі”. Цягам двух — трох дзён, абраўшы кагосьці з беларускіх артыстаў ці з удзельнікаў форуму, яны павінны былі прадэманстраваць сваю версію магчымай пастаноўкі — у выглядзе эскіза да спектакля ці хаця б чыткі аднаго з фрагментаў. Вынікам гэткага аўкцыёну рэжысёрскіх ідэй павінен стаць кантракт на пастаноўку згаданага спектакля — усё па-даросламу!

У час дэманстрацыі такіх рэжысёрскіх праектаў (а іх набралося шэсць) было цікава назіраць, як па-рознаму прачытвалі адзін і той жа тэкст розныя творцы, які разгорт розных жанраў заявілі пастаноўшчыкі, з якой апантанасцю запрошаныя да ўдзелу прафесійныя і будучыя артысты выконвалі рэжысёрскія прыдумкі. Студэнты БДУКіМ увогуле вырашылі пахуліганіць, запрасіўшы гледачоў у… жаночую прыбіральню і выкарыстаўшы яе кабінкі ў якасці “сцэны”. Іншыя паказы, у тым ліку камедыйна-сатырычныя, былі больш сур’ёзнымі.

Праўда, маладыя рэжысёры апынуліся ў розным становішчы. Хаця маскоўскія арганізатары запэўнівалі, што папярэдне выслалі ўсім п’есу і папярэдзілі пра ўмовы пастаноўкі, многія пра ўсё гэта даведаліся толькі на першай сустрэчы. Спачатку абвясцілі, што прэтэндаваць на паказ сваёй версіі могуць толькі тыя пастаноўшчыкі, чые спектаклі вылучаны на конкурс. Але адгукнуліся з іх толькі двое, таму з’явілася магчымасць і ў іншых, ды многія надта позна пра гэта даведаліся.

Адным з галоўных прэтэндэнтаў на грант адразу выступіў Відас Барэйкіс з Літвы. Ягоны конкурсны спектакль “Калігула” нарабіў фурору ў канцы форуму, але слава пра рэжысёра пайшла яшчэ з мінулага такога фестывалю. І хаця для “Блондзі” ён шукаў зусім маладзенькіх дзяўчат-бландзінак, артыстка Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра Наталля Падвіцкая так прасілася з ім папрацаваць, што спецыяльна для яе ён прыдумаў ролю, хаця прыехаў з ужо складзенай канцэпцыяй. Два піяніна, пастаўленыя “спінамі” адно да аднаго на адлегласці ў паўтара метра, утварылі апісаны ў п’есе бункер, закрыты ад гледачоў экранам. Дзеянне разгортвалася і перад інструментамі, і за іх клавіятурай, і непасрэдна “ў бункеры”, адкуль перадавалася праз відэакамеру на экран.

Мустафа Мустафаеў з Азербайджана з п’есай быў знаёмы, але сваё бачанне яе пачаў распрацоўваць непасрэдна пасля першай сустрэчы ў рамках майстэрні. Калі астатнія паказвалі па адной сцэне, дык ён “прайшоўся” па ўсім спектаклі, зрабіўшы яго пункцірны “дайджэст”. Вырашыўшы працаваць на стыку жанраў і стыляў, ён прадэманстраваў неабмежаваныя магчымасці далейшых абліччаў гэтага матэрыялу. І знайшоў у ім не заўважаныя іншымі тэмы — ад фаўсціянства і адказнасці навукоўца за свае эксперыменты да псіхалогіі творчасці з магчымай сублімацыяй нясцерпнага болю ў мастацкія парывы.

Адрозныя інтэрпрэтацыі паказалі таксама Ларэта Васькова (Літва), Элік Нурсултан (Казахстан), Таццяна Ларына (Беларусь). Усе паказы абмяркоўваліся, свае думкі не толькі наконт рэжысёрскіх паказаў, але і наконт самой п’есы выказвалі кіраўнік майстэрні Валерый Рыжакоў і старшыня журы Ігар Ясуловіч.

А які пошук?..

Прывезеныя спектаклі былі настолькі рознымі, што складалася ўражанне, нібыта нябачная машына часу перакідвае нас то ў бліжэйшую будучыню, то ў савецкія дзесяцігоддзі. Ды ніколі не паверу, што ў некаторых былых рэспубліках час спыніўся настолькі, што іх лепшыя працы дасягаюць эстэтыкі максімум 1970-х і ніяк не далей! Але гэтыя пытанні наўрад ці можна адрасаваць экспертнаму савету з Масквы, які складаў праграму. Яго прадстаўнікі спраўна выязджалі на тэатральныя фестывалі, што ладзіліся на постсавецкай прасторы. Пры іх адсутнасці ў краіне (а гэта, пагадзіцеся, таксама паказальнік, які насцярожвае) прасілі разам сабраць лепшыя спектаклі творчай моладзі і адбіралі штосьці з іх. Усё глядзелася “жыўцом”, а не па запісах. Значыць, дзесьці моладзь папросту не мае магчымасці эксперыментаваць — ці мясцовае кіраўніцтва свядома вылучала тыя састарэлыя па выразных сродках працы, якія лічыць магчымымі для прадстаўніцтва сваёй краіны ў замежжы. У гэтай сувязі эмблема фестывалю — парасончык з крыльцамі, які лунае ў паветры, — успрымалася сімвалічна. Так, для кагосьці гэта быў новы лятаючы апарат, які аберагае ад дрэннага надвор’я. А для кагосьці — традыцыйная заслона ад усяго, што дасылаюць нябёсы. І найперш — ад усялякіх перамен.

Маладыя крытыкі, склаўшы альтэрнатыву прафесійнаму журы, назвалі лепшым спектаклем “Жанчын Троі” (Грузія). Але Першая прэмія і адпаведны ёй Залаты парасончык паляцелі ў Эстонію, да Рэнаты Кеэрд з Тарту, якая паставіла пластычны спектакль “Чысты розум / Укусі мяне”. Прызнацца, паводле драматургічнага развіцця яго яшчэ трэба ўдасканальваць, і нямала. Бо нумарная структура так і схіляе яго да тэатралізаванага канцэрта, з’яднанага асацыятыўнымі сувязямі, надае яму некалькі фіналаў. Але самі пластычныя эксперыменты, выкшталцоныя акрабатычныя падтрымкі, праца з прадметамі, элементы пародыі на оперу, балет, дэманстрацыю мод і іншыя жанры, моманты пераўтварэння ўсяго ва ўсё, якія ствараюць разгалінаванае па ўсіх нумарах асацыятыўнае асяроддзе, што звязвае адасоблена “незвязаныя” фрагменты новымі нітачкамі, — усё гэта і быў той “чысты розум”, які, калі трэба, можа не толькі зачапіць, але і “ўкусіць” за жывое. Дзіўна толькі, што гэты адметны калектыў з пяці артыстаў мы ніколі не бачылі на Міжнародным фестывалі сучаснай харэаграфіі ў Віцебску, дзе прадстаўнікі Эстоніі — вельмі частыя госці.

Другая прэмія і Сярэбраны парасон дасталіся ўкраінцам за “Любоў людзей” усё таго ж Дзмітрыя Багаслаўскага, які па праве стаў адной з галоўных славутасцяў усяго форуму (больш падрабязна пра гэты спектакль — у адным з бліжэйшых нумароў “К”). За лепшую жаночую ролю была адзначана Марыям Казанчан (Арменія), за мужчынскую — Кірыл Імераў (Расія).

“Гамлет” Магілёўскага абласнога тэатра лялек атрымаў Трэцюю прэмію і Бронзавы парасон. Спектакль, пастаўлены Ігарам Казаковым тры гады таму, у снежні 2012-га, да гэтага часу ўжо знік з афіш, бо выканаўца галоўнай ролі Юрый Дзівакоў сышоў з тэатра. Але да форуму “Гамлета” аднавілі — і ўсе ігралі, “як у апошні раз”. Хаця некаторыя крыўдныя недакладнасці выканання ўсё ж былі заўважнымі, спектакль раптам атрымаў новыя сэнсавыя фарбы. Можа, пасталеў не толькі ён, але і наша ўспрыманне, узбагачанае пазнейшымі працамі Аляксея Ляляўскага? Бо калі раней там галоўным здавалася зухаватае разбурэнне стэрэатыпаў, вясёлае развенчванне “супер-героя”, дык цяпер у поўны рост паўстала тэма смерці і таталітарызму, які працінае гісторыю многіх эпох і народаў.

Сярод іншых спектакляў вызначым два, на якіх беларускім творцам было чаму павучыцца. Спектакль “Індраны” (Латвія) быў цікавы спалучэннем нацыянальнай класікі, акадэмічнай манеры і абсалютна сучаснай агульнай “карцінкі”, дзе мэта дасягалася простымі, здавалася б, выразнымі сродкамі — без наўмыснага авангарда, але і без адцення рэтра. І ўсе складнікі знаходзіліся ў гармоніі, дапаўняючы адно аднаго.

Этна-мюзікл “Боская гульня” (Азербайджан) прыцягваў самім музычным матэрыялам, дзе спляліся нацыянальныя традыцыі, элементы тэатралізаваных абрадавых дзеянняў (бой з быком), нацыянальны інструментарый, рысы манодыі, у якой працуюць тамтэйшыя народныя сказіцелі, і славянскага фальклорнага шматгалосся з усімі асаблівасцямі так званага “стужачнага” голасавядзення, эстрадныя павевы і нават спецыфічная спеўная манера Уладзіміра Высоцкага. Частковае выкарыстанне фанаграмы часам губляла эфект “жывой прысутнасці”. Але ў астатнім гэта быў вельмі ўдалы прыклад жанру нацыянальнага мюзікла з выкарыстаннем жывога гучання традыцыйных народных інструментаў. Сапраўды, чаму мюзікл — гэта ці вялізны аркестр, ці зашкальванне дэцыбелаў фанаграмы? Этна з жывым гучаннем нацыянальных інструментаў можа быць годнай альтэрнатывай як эстраднай папсе, так і напаўтэатральным з’явам.

…А вам не шкада, што праз два гады форум пройдзе не ў нас?..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"