А прыз рэжысёру не ўручылі…

№ 51 (1229) 19.12.2015 - 25.12.2015 г

Ударым “… Куфарам” па тэатры!
У Мінску завяршыўся ХІІ “Тэатральны куфар” — Міжнародны фестываль студэнцкіх і маладзёжных тэатраў, які сабраў прадстаўнікоў 12 краін. Акрамя паказаў 19 спектакляў, адбыліся майстар-класы, чыткі сучаснай беларускай драматургіі (на трох мовах), абмеркаванні ўбачанага, а міжнароднае журы вызначыла лепшых. Ды кожны агляд акрэслівае і праблемы студэнцка-маладзёжнага тэатра.

/i/content/pi/cult/565/12384/8-2.jpgТэндэнцыі

З аднаго боку, маладзёжныя трупы прафесійных тэатраў, студэнты профільных ВНУ. З другога — аматарскія згуртаванні, куды часта прыходзяць без падрыхтоўкі. Рознымі былі і сцэнаграфічныя магчымасці: хтосьці быў вымушаны абыходзіцца некалькімі крэсламі ды паўсядзённым адзеннем, а іншы мог дазволіць сабе прафесійнае афармленне і касцюмы. Але творчая фантазія, як вядома, не знаходзіцца ў прамой залежнасці ад колькасці выдаткаваных сродкаў. Урэшце, пераважалі спектаклі мінімалісцкія, але вострасацыяльныя, актуальныя сваёй грамадзянскай пазіцыяй, скіраваныя на набалелыя пытанні, якія не маюць адназначных адказаў і таму правакуюць на ўласны роздум і пошукі магчымага выйсця. Асобна былі вылучаны пластычныя пастаноўкі, што склалі праграму “Пластылін”, а таксама монаспектаклі ў праграме “МонаК”.

У выбары матэрыялу можна было заўважыць зварот да твораў “новага часу”. Іншымі словамі, да літаратуры, якая ці з’явілася ў апошнія гады, ці, створаная раней, стала даступнай для шырокай грамадскасці толькі ў постсавецкую эпоху. Другая тэндэнцыя — пераасэнсаванне самай “класічнай” класікі. Яе актуалізацыя можа ісці рознымі шляхамі. Больш просты варыянт — перанясенне дзеяння ў сучаснасць. Больш складаны — пошук сучасных форм увасаблення. Выкарыстоўваліся абодва, але некаторыя творы браліся відавочна “на выраст”, сыходзячы і з узросту артыстаў, і з іх магчымасцяў, і з узроўню асэнсавання няпростай для ўвасаблення драматургіі (ці прозы, што на парадак больш складана). Улічваючы працягласць спектакляў — не больш за гадзіну, максімум паўтары, практычна кожны твор патрабаваў скарачэння (пажадана, не ва ўрон агульнай канцэпцыі і разумення сэнсу), пэўнай адаптацыі. Што ж атрымалася?

Далёка не ва ўсіх пастаноўках былі знойдзены ключы да сцэнічнага ўвасаблення матэрыялу. Часам рашэнне не выходзіла за межы жанру “гаворачых галоў”, што раз-пораз змяняюць "дыслакацыю".

Што ў іх?

Імкненне Кіеўскага ўніверсітэта культуры і мастацтваў зрабіць з “Аповеда пра семярых павешаных” Леаніда Андрэева “сапраўдную” п’есу прывяло да страты непадробнага стылю пісьменніка — тым больш, у спалучэнні з патэтычна-пафасным сцэнічным маўленнем. Маўклівы пластычны пачатак спектакля мог бы мець працяг, надаўшы героям адметныя характарыстыкі, але гэтага не адбылося. Тым не менш, двое з удзельнікаў атрымалі прызы за лепшыя ролі — жаночую другога плана і мужчынскую.

“Гамлет” Маскоўскага дзяржуніверсітэта меў не толькі трагічнае адценне, але і рысы клаўнады. Галоўны герой, сыграны дзяўчынай, стаў падобным на “цяжкага” падлетка, занятага ідэяй помсты куды больш, чым каханнем, якое для яго не больш, чым чарговая гульня. Праўда, за гэтай прыцягальнай нязвыкласцю не аказалася галоўнага: дзеля чаго нам у чарговы раз, хай і па-свойму, пераказваць гэту гісторыю.

У “Дэмакратыі” маладзёжнай трупы Камернага драмтэатра з Кастрамы, заснаванай на аднайменнай п’есе Іосіфа Бродскага, ад арыгінала хіба асобныя фразы. Але спектакль патрапіў “у яблычак”, атрымаўшы спецпрыз журы “За самы актуальны спектакль”. Вызваліўшыся ад шматслоўя, ён яшчэ больш закцэнтаваў галоўную ідэю — трансфармацыі вынесенага ў назву паняцця ў ілжэдэмакратыю. На гэта працавалі і сцэнаграфічныя сімвалы — старое, напаўразбітае аўто, якое не можа зрушыць з месца, былыя дрэвы, ператвораныя ў пянькі, і вяроўка, дзе так нізка знаходзіцца пятля, што нават немагчыма павесіцца.

Як і летась, не расчараваў спектакль з Ірана. Гэтым разам у форуме ўдзельнічаў іншы тэатр, дый спектакль “Цені і вецер” быў пластычным, але яго ідэя чыталася без перашкод, а ўзаемадзеянні чалавека і ягонага ценю часам нагадвалі перыпетыі п’есы Яўгена Шварца “Цень”.

А што ж нашы?

Вядома, асаблівую ўвагу прыцягвалі беларускія ўдзельнікі. Хаця, можа, імі было здзейснена і не ўсё з задуманага, чырванець за іх не давялося. Працягам “пашыранай” беларускай праграмы ўспрымаліся і разнастайныя інтэрпрэтацыі беларускай драматургіі. Па-першае, гэта чыткі п’ес нашых аўтараў — Мікалая Рудкоўскага, Віталя Каралёва, Лёхі Чыканоса, ажыццёўленыя замежнымі рэжысёрамі, у тым ліку членамі журы (дадамо, што сярод апошніх быў і Дарыюш Язерскі, знаёмы беларускай публіцы па нядаўняй пастаноўцы ў “Тэатры Ч” спектакля “Што рабіць з Тыграм?!” паводле п’ес Славаміра Мрожака). Па-другое, гэта спектакль “Пасля слэша /” Тартускага ўніверсітэта па п’есе “Сітуацыя 
№ 2222 /…” нашага Віктара Красоўскага. Праўда, пастаноўка выглядала таксама не больш, як чыткай, але сам факт звароту гасцей да сучаснай беларускай п’есы, ды яшчэ на фоне ці не ігнаравання яе на радзіме, быў асабліва прыемны (спецыяльны прыз “За падтрымку сучаснай беларускай драматургіі”).

Гогалеўскі “Вій” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў сабраў суквецце ўзнагарод: Гран-пры форуму, прызы за сцэнаграфію і мужчынскую ролю другога плана (Мікіта Прымачэнка). Рэжысёр Вячаслаў Сашчэка, адмовіўшыся ад сакавітых дэталяў тагачаснага ўкраінскага побыту, максімальна наблізіў гогалеўскую аповесць да сучасных “недалеткаў”, ператварыўшы яе ў гэткую “жахаўку” (паводле праграмкі, “страшны жарт”), што пачынаецца з вядомай сучасным дзецям і падлеткам прыказкі: маўляў, у чорным-чорным пакоі… Праўда, крыху недарэчнай здалася прэамбула, калі ўдзельнікі быццам упершыню чуюць словы “Вій”, “семінарыя”, “бурса”. Так, “загугліць” некаторыя старадаўнія паняцці было б няблага, ды не ў такім кантэксце, калі ўсіх прысутных нібы за дурняў трымаюць. У астатнім гэта быў сапраўдны выбух фантазіі, калі з нагрувашчвання крэслаў утвараліся абрысы царквы, святло смартфонаў складалася ў крыж, экраны ноўтбукаў замянялі відэапраекцыю, а абліччы артыстаў, дзякуючы светлавым эфектам і пластыцы, набывалі таямніча д’ябальскія рысы. Хаму Брута па чарзе ігралі трое хлопцаў, і ў гэтым таксама была свая рацыя. Вялізная роля, раскіданая на траіх, аказвалася не такой складанай для кожнага. Задзейнічана была максімальная колькасць удзельнікаў, што з’яўляецца працягам традыцый старадаўняга школьнага тэатра. Дый псіхалагічныя змены, што адбываліся з галоўным героем, былі для ўсіх відавочнымі — што называецца, у поўным сэнсе слова “налицо”.

Той жа варыянт максімальнага набліжэння да падлеткаў — удзельнікаў і гледачоў — прапанаваў Тэатр-студыя “Трыумф” з Барысава ў пластычна вырашанай “Гісторыі Мушкі-Зелянушкі і Камарыка-Насатага тварыка” паводле Максіма Багдановіча. Спектакль, уганараваны Гран-пры на Адкрытым абласным тэатральным фестывалі “Чароўны куфэрак” у Любані, быў заўважаны і на цяперашнім форуме міжнароднага маштабу, атрымаўшы спецпрыз журы. Дадам, што ўдзельнікі калектыву аказаліся бадай самымі актыўнымі ўдзельнікамі фестывальных майстар-класаў і іншых мерапрыемстваў.

У “Ночы Гельвера” БДУ падкупляла імкненне маладога рэжысёра Дзмітрыя Цішко да няпростай праблематыкі часоў нараджэння фашызму, натуральнасці маўлення і сцэнічнага існавання герояў (спецпрыз журы “За акцёрскі дуэт”). “Кроткая” сталічнага тэатра танца “Альтана” паводле аднайменнага аповеду Фёдара Дастаеўскага была адзначана “За эстэтычную дасканаласць”. Няпростыя сацыяльна-псіхалагічныя матывы, уласцівыя творчасці пісьменніка, у балетнай неакласіцы аказаліся змікшыраваны, на першы план выйшла тэма кахання, спозненага прызнання. Але супрацоўніцтва маладых творцаў (рэжысёра Алены Медзяковай, харэографа Ганны Корзік і вядомага дырыжора Івана Касцяхіна, які выступіў тут кансультантам па падборы музыкі) дало плён: многія сцэны, разлічаныя на аматарскае выкананне (у калектыве танцуюць пераважна маладыя архітэктары!), па сваёй пластычна-эмацыйнай выразнасці ці не пераўзыходзілі балетныя пастаноўкі Вялікага тэатра за апошнія гады.

Акадэмічны кірунак з арыентацыяй на лепшыя класічныя ўзоры прадэманстраваў спектакль “Пайсці і не вярнуцца” Акадэміі мастацтваў паводле аднайменнай аповесці Васіля Быкава. Перад будучымі артыстамі былі пастаўлены задачы, з якімі справіцца не кожны прафесіянал “са стажам”. Шчырая, кранальная Дар’я Парменянкова была адзначана за лепшую жаночую ролю. Але персанаж Мікалая Вараб’я з яго пастаяннымі душэўнымі хістаннямі куды больш складаны для ўвасаблення.

І добра, што рэжысёр Андрэй Саўчанка (а ён на форуме і майстар-класы праводзіў, і ўласны монаспектакль “Сад”, дзе адштурхоўваўся ад Чэхава, каб дадаць уласныя роздумы пра захаванне памяці продкаў) не стаў спрошчваць быкаўскую праўду жыцця, як адзін з расійскіх пастаноўшчыкаў, які ў свой час рабіў з Антона просталінейна “заўзятага” здрадніка.Спектакль паказваўся не ў лепшых умовах, з-за чаго патанулі многія выразныя дэталі. Не зусім драматургічна вывераным аказаўся і адкрыты, як у аўтара, фінал. Вядома, спектакль будзе развівацца, магчыма, праз паўтары гады стане адной з дыпломных прац майстэрні Мікалая Кірычэнкі. Але гэты фестывальны паказ закцэнтаваў і адсутнасць камерных эксперыментальных сцэн у сталіцы, дзе такія спектаклі маглі б штовечар збіраць зацікаўленую аўдыторыю.

Сёлета ўсе спектаклі форуму ішлі на адной сцэне — у Ліцэі БДУ. Гэта ўраўняла калектывы ў прапанаваных ім умовах, але некаторыя спектаклі, як і апошні з пералічаных, за адсутнасцю іншага выйсця збіралі гледачоў наўпрост на сцэне, ператвараючы яе ў падабенства “камернай залы” — і не заўсёды паспяхова, бо ў тэатры хочацца і чуць, і бачыць.

Увогуле, арганізацыя форуму, пры ўсіх яго складанасцях і маштабах, пакідала жадаць лепшага. Больш інтэнсіўна павінен быў абнаўляцца сайт, дый на стэндах пры ўваходзе ў залу інфармацыя магла б быць больш поўнай — у прыватнасці, час і месца абмеркаванняў перадаваліся хіба “сарафанным радыё”, а пры замене аднаго са спектакляў, як пра тое паведамілі, насамрэч змяніўся і калектыў-удзельнік, не гаворачы пра пастаноўшчыкаў. Але свята адбылося. І паказала, што ў конкурсе, дзе змагаюцца студэнты профільных ВНУ з аматарскімі аб’яднаннямі, перамагае рэжысёрская кемлівасць, уменне недахопы ператварыць у выйгрышную адметнасць. Але запланаваны прыз лепшаму рэжысёру так і не быў уручаны. Ёсць пра што задумацца?..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"