Аўдыя & Відэа-21

№ 51 (1229) 19.12.2015 - 25.12.2015 г

Лістападаўскія аўдыя/відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць кліпмэйкер Макс СІРЫ (A.) і спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура”, музычны крытык Алег КЛІМАЎ (B.).

/i/content/pi/cult/565/12383/8-1.jpgАўдыя

Гурт “Р’э мажор”, сінгл “Р’э мажор”

А.: Трэба нешта рабіць з усім гэтым уменнем! Вось, бывае, навучыўся пілаваць ці забіваць цвік, напільнік, зноў жа, ведаеш, з якога боку ўзяць. Але зэдлік пакуль не складваецца. Хоць зэдлік, можа, і складваецца, але, дапусцім, стол або шафа — ніяк. А дом пабудаваць — толькі ў марах. Гэта нармальна. Так амаль ва ўсіх. Хтосьці вучыцца і стварае потым і шафы, і дамы, і гарады нават. А некаторыя, паглядзеўшы на зэдлік, вырашаюць сысці ў навуку або ў кулінарыю. Я да чаго: выраб на чатырох ножках — вось ён. Пакуль хістаецца, з яго вызірае нічога такі, сiмпатычны жаночы вакал. Можна, вядома, гэты зэдлік наждачкай, лакам... Толькі для чаго? Што з ім рабіць потым? Узяў бы да сябе, але ў самога дома крэсла добрае. Зручнае. Навошта ён мне? Пачакаю, пакуль шафу і стол зробяць. Там відаць будзе...

В.: Усё гэта музіцыраванне нагадвае студэнцкую тусоўку: сабраліся аднагрупнікі адвячоркам у інтэрнаце, разлілі па піялах гарбату, узялі ў рукі гітары і давай з зачараваннем выконваць песні ўласнага сачынення. Паспявалі, абмяняліся рэплікамі “ты геній, стары!” або “ды ты канкрэтна Пака дэ Люцыя!”, дапілі, даелі, пахавалі шасцiстрункi ў кофры і разбрыліся па пакоях набірацца сіл перад заўтрашнім калёквіумам. А мелодыя засталася пад столлю, а словы не знаходзілі сабе прыстанку ў памяшканні...

Гурт “J:морс”, альбом “Паветра”

A.: Глабальных узрушэнняў няма. Горы не перакуліліся, рэкі не выйшлі з берагоў. Свет такі ж устойлівы, як і ўчора. “J:морс”, нягледзячы на вялікі перапынак, не прапанаваў нічога прынцыпова новага. Добрыя песні ёсць, хітоў няма. Калі малады, цябе гэта хвалюе. Сталееш, і цябе гэта супакойвае. Альбом нагадвае выдатна пашыты касцюм. Акуратны, якасны. Англійскi кравец! На замову! Сукно найвышэйшай якасці. Дзесьці ўнізе ён дапоўнены оксфардамi, а зверху — шаўковай хусткай на шыі. У кончыкаў рукавоў кашулі — запанкі, абшэўкі. За ўсім гэтым струменіцца ледзь улоўны водар тытуню з люлькі. Дацкага. І ці то бурбон, ці то віскі. Няголенасць, вядома ж. Прыгожа, спакойна і дорага. Надзейна. Змясціць гэта ў туман, дождж, аўто. Цёпла, суха, радыё. П’ём. Лепш вялікі глыток... І адразу другі ды трэці. Таму што за паваротам нас чакае… “крыніца” ці “барахолка-онлайнер”, паркоўка на тратуары і ўсялякае роднае. Але мы хоць бы хвілінку пабылі ў чыстай кашулі.

B.: У надзвычай прыгожую абгортку гурт стаў заварочваць песні ў апошніх двух альбомах (уключаючы гэты і папярэдні “Электрычнасць”). Пра што тое сведчыць?.. Пра кампазітарскiя і тэкставыя агрэхі, якія каманда хавае за “вітрынай” ? Асабіста для мяне кожны чарговы поўнафарматны рэліз гэтага гурта (пасля перыяду станаўлення) у гэтых адносінах быў прадказальным: мінімум запамінальных мелодый і не надта ўдала злеплены ў больш-менш выразнае цэлае (кампазіцыі) вербальны набор з сімвалаў, вобразаў і модных слоўцаў. Але менавіта да пары крайніх работ, у якіх і з запамінальнымі трэкамі стала лепш, і з паэтыкай больш складана. То бок версія аб “хованках” не пасуе. Мо падыдзе варыянт пра тое, што ансамбль дасягнуў пэўнай вяршыні майстэрства ў сваёй творчасці? Мабыць. Прытым, што і з мелодыямі па-ранейшаму не ўсё бліскуча, і з сэнсавым зместам нярэдка “траблы”. Але — доўгіх гадоў жыцця Уладзіміру Пугачу і яго “бандзе”! І як “Электрычнасць”, “Паветра” выйшаў па настроі, па атмасферы, па гуку вельмі навагоднім, безадносна да таго, пра што спяваецца ў канкрэтнай песні. Выйшаў іскрыстым, з чыстым начным небам і яркімі зоркамі (ці з ласкавым ранішнім сонейкам — як каму). У хіт-парад выбіраю дарожкі “Джульета” і “Чмялі”.

Гурт “Касіяпея”, альбом “Крыжык”

A.: “Касіяпея” — адзiн з двух беларускіх гуртоў, пра якія будуць памятаць і гадоў праз 100. І слухаць яго трэба не для таго, каб гэта зразумець. Таму што ўсё роўна не зразумееце, а ён ў гісторыі застанецца. Чаму? Таму што ў яго ёсць базіс, талент і густ. А ў пераважнай большасці слухачоў — няма. Але калі вы ўсё ж такі абудзілі ў сабе героя-меламана і запусцілі яго ў нетры новага альбома “Касіяпеі”, ведайце — можна там згубіцца, растварыцца, застацца. Там шмат смачнага. Сумнага, іранічнага, меладычнага і паэтычнага. Усё гэта закрашана казкай чароўных гукаў і чымсьці нагадвае першы альбом каманды…

B.: Тая Касіяпея — яна, вунь, дзе. А гэтая — побач, на лавачцы. Або на сцэне — публіку ў транс уводзіць. Альбо з пласцінкі тэксты дурманлівыя ў галовы заганяе. Як сцвярджаў старажытны кітаец, цяжка знайсці котку, калі яе няма ды і калі не шукаеш. У прынцыпе, уся творчасць гэтых няўрымслівых фрыкаў і ўяўляе з сябе адсутнасць пошукаў таго, што нялёгка класіфікаваць з пункту гледжання пэўнай філасофіі. Штосьці яшчэ гэтак жа разумнае і канкрэтнае мне цяжка дадаць да рэцэнзіі на дадзены альбом, а таму пакідаю вас з ім адзін на адзін: атрымлівайце асалоду, па-магчымасці, разбірайце на цытаты. Лепшы трэк рэлізу — бліскучая “Памру”.

Відэа

“P.A.N.”, кліп на песню “Задуменная восень”

А.: Перад тым, як пачаць хлусіць, я хацеў бы сказаць праўду. Яна адна. Музыкант не вінаваты. Ён не прычым. Ён ахвяра абставінаў, глупства, “мувiмейкераў”, прыхільнікаў, прадзюсараў прыкладу Міхалка і базавай адукацыі. Апошняе, дарэчы, часцяком і з’яўляецца прычынай з’яўлення музыканта. Але ён не вінаваты. Не вінаваты да таго часу, пакуль ён на сваёй тэрыторыі і не спрабуе пазначаць чужую. Паколькі чужую тэрыторыю пазначаць трэба з піетэтам, любоўю і, на ўсялякі выпадак, каб не звінавацілі ў невуцтве, — з гумарам. На яго шмат што можа спісаць... А тут яго няма. Толькі невуцтва. А цяпер мёду ў вушы. Я рады, што колькасць інфармацыі расце неймавернымі тэмпамі. Асабліва відэакантэнту. Мне падабаецца, што людзі вывяргаюцца адно ў аднаго інфармацыяй, задзейнічаючы кожны вольны нерв. Гэта радасна і свабодна. Гэта правамерна. Бо кожны мае права ўвайсці ў гісторыю з той... дзындрай, што ў яго ёсць.

В.: Кліпам няхай гэты твор называе Макс Сіры, калі возьме на сябе такую смеласць, а я вызначу дадзенае мастацкае палатно як “самаробная візуалізацыя пад музыку і чытку”. Ды так яно наогул і ёсць. Вось хлопец з Салігорску з рэдкім для беларусаў імем, седзячы перад мікрафонам, паведамляе свету пра тое, чым гэты свет у яго прадстаўленні з’яўляецца. Так, маўляў, фрэнды, жыццё нялёгкае, але пражыць яго трэба, хай пры гэтым і будзе пакутліва балюча. (Прычым, усё інтэлігентна, без абсцэннай лексікі: вучыся, Эмінэм!) Вось такая сумная мелодыя. А тут і карцінкі, што перабіваюць кадры з выканаўцам: каласы, апалае лісце, прыродная вадзіца, рака ў асяроддзі горада, сам горад: восень перыяду скупасці яе колеру. Ёсць над чым падумаць, карацей. Вось і думайце...

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"