Як паведамляе прэс-служба Прэзідэнта, адпаведны Указ № 485, накіраваны на ўдасканаленне аховы археалагічных аб’ектаў і артэфактаў, Аляксандр Лукашэнка падпісаў 14 снежня.
Дакументам прадугледжана перадача археалагічных артэфактаў, выяўленых пры правядзенні археалагічных даследаванняў або выпадкова, у дзяржаўную ўласнасць. Устаноўлены таксама парадак ажыццяўлення пошуку археалагічных аб’ектаў і артэфактаў, вызначаны парадак інфармавання мясцовых органаў аб выяўленых археалагічных аб’ектах і перадачы знойдзеных артэфактаў ва ўласнасць дзяржавы.
Выкарыстанне металашукальнікаў, геарадараў і іншых тэхнічных сродкаў і інструментаў для пошуку археалагічных аб’ектаў і артэфактаў дапускаецца толькі пры правядзенні ва ўстаноўленым парадку археалагічных даследаванняў. Уведзена забарона на набыццё, продаж, дарэнне, мену, залог археалагічных артэфактаў. Выключэнне прадугледжана для дзяржаўных навуковых арганізацый і дзяржаўных музеяў, а таксама для фізічных і юрыдычных асоб, якія да 1 студзеня 2017 года ўключаць існуючыя ў іх уласнасці археалагічныя артэфакты ў рэестр археалагічных артэфактаў.