Пацеркі і нітка

№ 50 (1228) 12.12.2015 - 18.12.2015 г

У Нацыянальным гістарычным музеі краіны адбылася прэзентацыя выставачнага перасоўнага праекта “Беларусь і беларусы”. Арганізатар і замоўца праекта — музей, выканаўца — Цэнтр фатаграфіі. Да распрацоўкі канцэпцыі спрычыніліся Інстытут гісторыі і Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

/i/content/pi/cult/564/12376/2-3.jpg

Перасоўны праект Нацыянальнага гістарычнага музея. / Фота прадастаўлена ўстановай

У матэрыяльным сэнсе праект уяўляе з сябе лёгкія, але трывалыя канструкцыі, на якіх размешчаны інфармацыйныя матэрыялы — фатаграфіі і тлумачальныя тэксты на беларускай і анлійскай мовах, а таксама экраны з відэазапісам і аўдыягіды. Канструкцыі можна лёгка сабраць-разабраць, яны не займаюць шмат месца пры транспарціроўцы. У разабраным выглядзе канструкцыя стэнда змяшчаецца ў не надта вялікай дарожнай сумцы. Зручнасць канструкцыі — бадай, галоўная якасць гэтага праекта. Мяркуецца, што гэтыя стэнды будуць вандраваць па краіне, а калі-нікалі скарыстоўвацца для аздобы культурных акцый, якія дзяржава ладзіць за мяжой. Пра тое, наколькі важным лічыцца гэты праект, сведчыць выступленне на прэзентацыі міністра культуры і прысутнасць не абы-якой публікі.

Аўтары праекта трактуюць яго як спробу займальна, пераканаўча і сцісла распавесці пра Беларусь, яе народ, гісторыю, культуру, этнаграфію, побытавыя традыцыі і ўсякія адметнасці, якія вылучаюць нас. Патрэба ў такой экспазіцыі “на ўсе выпадкі жыцця” — каб і ў парыжскай штаб-кватэры UNESCO прадставіць было не сорамна, і вясковаму Дому культуры пасавала, — насамрэч ёсць. Да ўсяго, у гэтым рэчышчы ў свой час працавалі і Літаратурны музей Максіма Багдановіча, і Літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа, і Літаратурны музей Янкі Купалы.

Але мне было цікава разабрацца ў тым, ці атрымалася тое, што дэкларавалася?

Найперш, адзначу, што прастора, у якой быў прадстаўлены выставачны праект, вонкава успрымаецца як ягоная частка, хоць ёю не з’яўяляецца, а праз гэта цяжка даць навукова-творчай распрацоўцы “Беларусь і беларусы” аб’ектыўную ацэнку. Стэнды выставачнага праекта змешчаны ў зале музея, дзе ахоплены час ад з’яўлення першых людзей на тэрыторыі нашага краю да друкаваных кніг Францыска Скарыны. Асабіста я спачатку ўспрымаў новыя стэнды і артэфакты музейнай калекцыі як адзінае цэлае. Некаторыя візуальныя спалучэнні падаліся мне даволі гарманічнымі, а іншыя дысананснымі. І толькі потым прыйшло разуменне, што адно другога не датычыць. Відаць, не адзін я такі. І іншыя госці прэзентацыі нярэдка пераключаліся на шкляныя вітрыны з артэфактамі, адрываючыся ад якасна зробленых стэндаў з фатаграфіямі, дзеля якіх уся падзея і ладзілася. На маю думку, прэзентацыю трэба было рабіць у памяшканні, дзе нішто не адцягвала б увагу ад гэтага выставачнага праекта. Да таго ж у названай музейнай зале было цеснавата, каб разгарнуцца напоўніцу. Карацей, у такіх варунках разгледзець канцэптуальную пабудову праекта, адчуць ягоны сэнсавы стрыжань — справа не самая простая. Гэтыя арганізацыйныя моманты, безумоўна, паўплывалі на маё ўспрыманне выставы “Беларусь і беларусы”.

Вартай ухвалення падаецца ідэя аўтараў выставы вызначыць цывілізацыйную ролю зямлі Беларусі ў дзяржаўных фармацыях, часткай якіх на сваім гістарычным шляху яна з’яўлялася. Гэта — Старажытная Русь, Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая, Расійская імперыя, СССР. Сёння Рэспубліка Беларусь — важны чыннік еўрапейскай і еўразійскай геапалітычнай прасторы. Карацей, ідэя аўтараў праекта не проста добрая, а выдатная! Аднак… Факты нашай чыннай прысутнасці ў найважнейшых цывілізацыйных з’явах і нашага ўплыву на глабальныя працэсы, хай сабе і асцярожна, але канстатуюцца, а высноў не робіцца. А паспаліты глядач усё ж не па тое прыходзіць на выставу, каб загадкі разгадваць. Тым больш глядач замежны...

Паспрабаваўшы аб’яднаць “пад адной вокладкай” мову, літаратуру, традыцыйны касцюм, нацыянальную кухню, спорт, прыроду, мастацтва, палітычную гісторыю, аўтары выставы пайшлі шляхам ахопу неабсяжнага. Неабсяжнае ж трэба трымаць у галаве, але, калі выходзіш на людзі з нейкай ідэяй, дык мусіш вызначыць для космасу разумныя межы. Інакш цябе папросту не зразумеюць. А найбольш плённым сродкам уплыву на свядомасць падаецца мне не ціск масы разнастайных фактаў, а вызначэнне сэнсавага стрыжню, магістральнай тэмы, на якія, нібы пацеркі на нітку, можна нанізаць найбольш яскравае, эфектнае, запамінальнае, пераканаўчае. Можна ўзяць, скажам, тэму мастацтва, і праз яе паказаць і палітычную гісторыю дзяржавы, і духоўную эвалюцыю грамадства, і драматычны лёс знакавых постацяў краіны. А ці гісторыя фарміравання народнага касцюма — не аповед пра барацьбу і адзінства нацыянальнай традыцыі і вонкавых уплываў, пра змены сацыяльных фармацый і ладу жыцця? Архітэктуру пафасна называюць “каменным летапісам”, а распавядае той летапіс пра развіццё тэхналогій і імпарт/экспарт эстэтычных ідэй, пра рэлігійныя войны і сацыяльную згоду. Гісторыя славутых храмаў і палацаў — адначасова паэтычны эпас і авантурны раман...

І ўсё ж... З пабачанага ў кантэксце перасоўнай выставы “Беларусь і беларусы”, замежнік, які ніколі ў нас не бываў, зробіць выснову, што Беларусь — звычайная краіна, дзе ўсяго патроху і ўсё прыкладна роўна ўнікальнае. Краіна, якіх шмат. А Беларусь жа насамрэч адна! Незвычайная і непаўторная. Каб пераканаўча давесці гэту тэзу, трэба добра парупіцца.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"