Культурны кантэкст стасункаў

№ 50 (1228) 12.12.2015 - 18.12.2015 г

Прэзідэнты Беларусі і Туркменістана Аляксандр Лукашэнка і Гурбангулы Бердымухамедаў учора наведалі сумесную беларуска-туркменскую выставу-кірмаш. У час яе адбываецца і знаёмства туркменскага гледача з беларускім мастацтвам. З 11 па 13 снежня культурная частка выставы-кірмашу ўключае канцэрт майстроў мастацтваў Беларусі, выставу твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і майстар-класы народных умельцаў, дэманстрацыю дакументальнага фільма “Беларусь. XXI стагоддзе”.

Таксама ў рамках дзяржаўнага візіту Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка з кароткай экскурсіяй наведаў мемарыяльны комплекс “Народная памяць” у Ашхабадзе, паведамляе прэс-служба Кіраўніка дзяржавы. Лідар беларускай дзяржавы ўсклаў вянок да манумента загінулым у Вялікую Айчынную вайну. Мемарыяльны комплекс адкрыты ў леташнім кастрычніку. Ён уключае помнік у гонар Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, а таксама манументы, якія ўвекавечваюць памяць загінулых у Геок-Тэпінскай бітве і ахвяр Ашхабадскага землетрасення. Побач з комплексам — музей. На памяць аб наведванні музея Аляксандр Лукашэнка пакінуў запіс у Кнізе ганаровых гасцей.

Тым часам абмеркаванне перспектыў супрацоўніцтва ў культурнай сферы адбылося ў час Дзён культуры нашай краіны ў Туркменістане. На сустрэчы першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Ірына Дрыга абмеркавала з намеснікам міністра культуры Туркменістана Бахаргуль Абдыевай пытанні пралангацыі міжурадавай праграмы супрацоўніцтва ў галіне культуры, правядзення абменных Дзён культуры, заключэння дагавораў аб супрацоўніцтве паміж установамі культуры дзвюх краін.

Акрамя таго, была закранута тэма магчымасці стажыровак выкладчыкаў і студэнтаў Туркменістана ў творчых ВНУ Беларусі, магчымасці арганізацыі ў краінах узаемных выступленняў артыстаў цырка. Ішла размова таксама аб правядзенні Дзён беларускага кіно ў Туркменістане і арганізацыі падзеі ў адказ — паказаў туркменскага кіно ў Беларусі. Кінематаграфісты Туркменістана атрымалі запрашэнне прыняць удзел у міжнародных кінафестывалях, якія праводзяцца ў Беларусі.

Дні культуры Беларусі ў Туркменістане, што пачаліся 6 снежня, завяршыліся сёння. Раней магчымасць пазнаёміцца з беларускай культурай у жыхароў сярэднеазіяцкай краіны была тры гады таму, калі праходзілі Дні культуры Беларусі і Дні беларускага кіно. Дні культуры Туркменістана ў Беларусі прайшлі ў 2010-м і 2014-м. Таксама ў 2012 годзе ў Беларускім дзяржаўным цырку выступіла туркменская група джыгітаў “Галкыныш”.

Што да сёлетніх Дзён культуры, то 7 снежня ў ашхабадскім Палацы мукамаў Дзяржаўнага культурнага цэнтра Туркменістана адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця падзеі. Праграма ўключала выступленні ансамбляў “Харошкі” і “Песняры”, народных артыстаў Беларусі Аляксандра Ціхановіча і Ядзвігі Паплаўскай, заслужаных артыстак краіны Ніны Шарубінай і Алёны Ланской. Работы беларускіх майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва прадставілі на выставе ў Музеі выяўленчых мастацтваў Туркменістана. Беларуская літаратура была рэпрэзентавана Днямі паэзіі.

У Дзяржаўнай бібліятэцы Дзяржаўнага культурнага цэнтра Туркменістана 9 снежня перадалі камплекты выданняў, якія адлюстроўваюць сацыяльна-эканамічнае і палітычнае жыццё Беларусі, яе гісторыю і культуру. Тым жа днём беларускія творцы высадзіліся ў Туркменабадзе. Таксама з 9 па 12 снежня туркменскія гледачы пазнаёміліся з фільмамі “Белыя Росы. Вяртанне”, “Сляды апосталаў”, “Беларусь. 4 гады вайны”, а таксама з беларускай анімацыяй.

Сумесны канцэрт майстроў культуры і мастацтва Туркменістана і Беларусі адбыўся 10 снежня. А ў канцэрце майстроў эстрады, прымеркаваным да святкавання 20-годдзя нейтралітэту Туркменістана, 12 снежня прыме ўдзел Алёна Ланская.