Чым не спосаб?

№ 50 (1228) 12.12.2015 - 18.12.2015 г

У гімназіі-каледжы мастацтваў імя Івана Ахрэмчыка адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу “Венесуэла вачыма дзяцей”. Праходзіў ён сярод навучэнцаў гімназіі-каледжа, а спрычынілася да арганізацыі Пасольства Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ў нашай краіне.

/i/content/pi/cult/564/12373/13-3.jpgМенавіта Пасольства прадаставіла юным мастакам друкаваныя, а таксама аўдыя- і відэаматэрыялы па гісторыі, культуры і мастацтве Венесуэлы, з якімі канкурсанты працавалі два месяцы. У выніку ў моладзі склалася ўласнае ўяўленне пра далёкую краіну.

Спачатку праходзіў конкурс эскізаў. Журы ў складзе выкладчыкаў гімназіі-каледжа і прадстаўнікоў Пасольства ўхваліла дзесяцёра лепшых. На аснове эскізаў былі створаны карціны. Адных аўтараў прывабіла экзатычная прырода лацінаамерыканскай рэспублікі, іншыя натхніліся міфалогіяй Венесуэлы. Не абышлі ўвагай і гісторыю краіны. Журы адзначыла тры лепшыя карціны, яшчэ адна атрымала прыз глядацкіх сімпатый. Палова карцін упрыгожыць інтэр’еры Пасольства.

Той, хто мае ўяўленне пра сучасны лацінаамерыканскі жывапіс, мяркую, пагадзіцца, што юныя мастакі праз завочнае знаёмства з Венесуэлай здолелі адчуць эмацыйна-вобразны, ментальны лад выяўленчага мастацтва і ўвогуле культуры гэтай краіны. Калі б гэтыя карціны выставіць у Венесуэле, аўтараў далібог палічылі б за сваіх, за мясцовых творцаў. Мяркую, што калі б навучэнцы гімназіі-каледжа мелі магчымасць пабачыць Венесуэлу сваімі вачыма, мастацкая якасць карцін аказалася б яшчэ больш высокай.

Пра тое, што журы ацэньвала менавіта мастацкую якасць карцін, а не іх змест, сведчыць тая акалічнасць, што лепшым сярод прадстаўленых на конкурс твораў быў прызнаны пейзаж. Гэта карціна Аляксандры Руткоўскай “Сэрца Венесуэлы”. Такую пафасную назву мае невялікае (15 тысяч жыхароў) паселішча непадалёк ад сталіцы краіны — Каракаса. Пафарбаваныя ў яркія колеры дамкі ствараюць ілюзію стракатай коўдры, кінутай на высокі пагорак. А асабіста мне прыйшлася даспадобы карціна Аляксея Юча “Шлях да Незалежнасці”. Натхніў мастака вобраз нацыянальнага героя Венесуэлы і ўсёй Лацінскай Амерыкі Сімона Балівара. Гістарычная асоба намалявана на кані на фоне характэрнага ландшафта Венесуэлы. Мастак адкрыў для сябе і паказаў гледачам, што колеры нацыянальнага сцяга гэтай краіны наўпрост узяты з прыроды краю. Герой і Айчына паўстаюць у карціне нападзельнымі.

Прадстаўнікі дыпламатычнай місіі на ўрачыстай імпрэзе выказвалі задаволенасць вынікамі конкурсу, казалі, што гэты праект пілотны, што супрацоўніцтва Пасольства з навучальнымі ўстановамі культуры і мастацтва мусіць мець працяг.

Як мне падалося, гэта вельмі цікавы досвед, на які варта звярнуць увагу беларускім прадстаўніцтвам, установам і арганізацыям за мяжой. Чым не спосаб працаваць у тым ліку і на распаўсюджванне ў свеце ведаў пра Беларусь, на фарміраванне іміджу нашай краіны?

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"