Вітанні з Багдановічам

№ 50 (1228) 12.12.2015 - 18.12.2015 г

Музейныя сустрэчы ля Чорнага мора
А было гэта ў ліпені 1978 года. Мы паздароўкаліся з Максімам Багдановічам каля санаторыя “Беларусь” у Місхоры, дзе ўстаноўлены яму ўзлётны помнік. Пачалі шукаць мясціны яго даўняй прысутнасці. Не знайшлі, на жаль, пазнакі каля даўняга пансіяната “Шалаш”...

/i/content/pi/cult/564/12372/13-2.jpgА вось і помнік класіку ўкраінскай літаратуры Лэсі Украінцы — ля дома, дзе яна жыла ў 1897 годзе. На вуліцы Літкенса, 8 размяшчаўся “Ялцінскі краязнаўчы музей”. Захацелася зазірнуць у гістарычны будынак. Радасна было заўважыць там стэнд, прысвечаны класіку нашай літаратуры Максіму Багдановічу, з прыгожым партрэтам, здымкамі таго ж “Шалаша”, дома, дзе паэтам былі напісаны апошнія радкі. Не, і мы не былі самотныя ад такой яркай сустрэчы, незабыўнага вітання.

На могілках, каля “першабытнага” помніка класіку, нас чакала неспадзяванка: ужо прытулілася да Максіма Адамавіча пісьменніца, педагог Таццяна Кабржыцкая — львавянка з мінскай прапіскай. Побач яе — рухавыя сыны.

Асаблівая сустрэча адбылася 3 ліпеня 1978 года. У Доме творчасці пісьменнікаў адпачываў чалавек, які аглядваўся на прамоўленае беларускае слова. Аказваецца, гэта Яўгеній Калечыц — сын легендарнай паэткі Канстанцыі Буйло. Вучоны меў ад маці і паэтычныя эрытрацыты маскоўскага гучання. Буйлянка была “хроснай” Янкі Купалы. У падзяку за гэта Яўгеній Калечыц прачытаў верш, прысвечаны Песняру.

З прыступак сённяшняга дня цікава паўглядацца ў водбліскі даўніх падзей. Вось яны, імгненні жыцця: выступленне ў Ялце паэтаў з усіх абшараў тагачаснай савецкай краіны адбылося 12 жніўня 1980 года. А Чэхаўская канферэнцыя там праходзіла 23 красавіка 1981-га, вядома ж, з удзелам мінскіх літаратараў. Сярод крымскіх пісьменнікаў знайшліся творцы беларускага паходжання — Міхась Казакоў родам з Магілёўшчыны і Ігнат Бяляеў з Віцебшчыны.

У снежні 1989 года адбылося адкрыццё мемарыяльнай шыльды на доме, дзе меў апошні прытулак Максім Багдановіч (вуліца Мікалаеўская, 8). Урэшце, Ялта — толькі адна з багдановічаўскіх выспаў яго крымскага мацерыка. Недзе ў космасе звіняць сляды Максіма, пакінутыя ім у Кактэбелі, Феадосіі, у мясцінах напісання старонак шчымліва-любаснага дзённіка. І хай Лэся Украінка, якая спазнала калісьці мерыдыяны Максіма ў Мінску, не дае журбоціцца яму на ялцінскіх паралелях. Тым больш, музей паэткі, заснаваны ў 1993 годзе, які прысылаў не так даўно прывітанні ў Музей гісторыі беларускай літаратуры, дзейнічае, будзем спадзявацца, і сёння.

Калі дапісаў апошнія радкі, вырашыў задаць пытанне багдановічазнаўцам. Скажам, што ў мінскім Музеі Багдановіча ведаюць пра ялцінскі перыяд? “Давайце сумесна створым публікацыю, каб імгненні жыцця не спыняліся”, — напісаў ім я. І хутка атрымаў адказ: “Паміж Літаратурным музеем Максіма Багдановіча ў Мінску і Ялцінскім гісторыка-літаратурным музеем існуюць цесныя і трывалыя сувязі. Яны пачаліся амаль адразу пасля стварэння ў Мінску музея беларускага генія. У Ялцінскі гісторыка-літаратурны музей супрацоўнікамі Музея Багдановіча ў 1990-я была перададзена значная колькасць матэрыялаў, і зараз яны прадстаўлены ў экспазіцыі.

Тады ж вяліся перамовы аб стварэнні асобнай залы, прысвечанай беларускаму пісьменніку. На жаль, маленькія плошчы ялцінскага музея не дазволілі гэта зрабіць. У тыя ж 1990-я супрацоўнікамі беларускай установы было арганізавана экспанаванне мастацка-дакументальнай выставы, прысвечанай Багдановічу, у Ялцінскім дзяржаўным аб’яднаным гісторыка-літаратурным музеі (тады ён меў такую назву).

Супрацоўнікамі тамтэйшага музея таксама аказвалася дапамога мінскім калегам у падрыхтоўцы экспазіцыі. У прыватнасці, Зінаідай Лівіцкай, загадчыкам аддзела ялцінскай установы, быў выяўлены запіс аб смерці Багдановіча ў метрычнай кнізе сабора Аляксандра Неўскага, якая захоўвалася ў фондах музея. Для мінскай экспазіцыі быў замоўлены муляж кнігі, які экспанаваўся ў пятай, апошняй, зале музея да закрыцця на капітальны рамонт.

Стасункі, якія завязаліся паміж супрацоўнікамі мінскага і ялцінскага музея ў 1990-я, не спыняюцца. У 2011-м, калі ўрачыста адзначалася 120-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча, мы звярнуліся ў Ялту з прапановай аб замене матэрыялаў стэнда, прысвечанага паэту. Быў падрыхтаваны і перададзены камплект электронных дакументаў, якія адлюстроўваюць крымскія перыяды жыцця літаратара. Па-другое, у снежні 2011 года было арганізавана экспанаванне мастацка-дакументальнай выставы “Геній зямлі беларускай”, прысвечанай Максіму Багдановічу, у Ялцінскім гісторыка-літаратурным музеі. Сёлета супрацоўнікамі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча атрыманыя з Ялты электронныя выявы метрычнай кнігі сабора Аляксандра Неўскага. Такім чынам, у фондах беларускага музея захоўваецца не толькі муляж кнігі, але і яе здымкі.

Гэта інфармацыя тычыцца толькі стасункаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча і Ялцінскага гісторыка-літаратурнага музея. Сувязі навуковых супрацоўнікаў мінскага музея паэта з Крымам, установамі, арганізацыямі і прыватнымі асобамі значна шырэйшыя. Хацелася б таксама ўдакладніць, што дом, у якім жыў Багдановіч падчас апошняга прыезду ў Ялту, быў знесены. На гэтым месцы зараз знаходзіцца санаторый “Ялта”. Мемарыяльная дошка, прысвечаная паэту, размяшчаецца на адным з будынкаў санаторыя. На ёй надпіс: “На этом месте находился дом, в котором жил (с марта по май 1917 г.) и умер (25 мая 1917 г.) выдающийся белорусский поэт Максим Богданович”.

Сяргей ПАНІЗЬНІК, паэт