Бетховен у Гомелі?

№ 50 (1228) 12.12.2015 - 18.12.2015 г

Мурад АСУІЛ, галоўны дырыжор Гомельскага гарадскога сімфанічнага аркестра, аўтар ідэі і мастацкі кіраўнік Першага форуму класічнай музыкі ў Гомелі
Заўтра ў Гомелі адкрываецца Першы форум класічнай музыкі. За ўсю гісторыю горада тут яшчэ не было ніводнага музычнага фестывалю, прысвечанага класіцы. Цяперашні — у гонар Бетховена: пяты заключны канцэрт адбудзецца 17 снежня, акурат у дзень 245-годдзя з хрэсьбін сусветна вядомага кампазітара.

/i/content/pi/cult/564/12368/5-3.jpgІдэя такога музычнага свята нарадзілася ў мяне год таму, калі я прыехаў у славуты горад над Сожам са сваім першым канцэртам як дырыжор. Звярнуўся ў гарвыканкам, у падначаленні якога знаходзіцца сімфанічны аркестр. Дарэчы, у Гомельскай філармоніі маецца таксама эстрадна-сімфанічны аркестр, але ў яго іншы рэпертуар, па сваім складзе калектыў больш скіраваны да эстраднай музыкі, сімфаджазу, рок-апрацовак. Мне ж хацелася, каб фестываль прыцягнуў увагу слухачоў да класічных першакрыніц.

Цягам года назіраў сумную карціну: сімфанічны аркестр дае па адным канцэрце на месяц, публіка на іх практычна не ходзіць. А між тым, у горадзе ёсць добрыя па акустыцы залы, прычым з канцэртнымі раялямі, змешчаныя вельмі зручна для публікі — у цэнтры горада, адна ад другой непадалёк. Дзве — каледжа імя Сакалоўскага і абласнога драмтэатра — па дарозе ў парк, што вакол Палаца Румянцавых і Паскевічаў. Трэцяя, камерная, названая “Белай гасцёўняй” — у самім палацы. Як жа гэта не скарыстаць? Але нічога не змагло б здзейсніцца без узаемаразумення і дапамогі, атрыманай нашым аркестрам ад некалькіх дзяржаўных устаноў і знаных сталічных музыкантаў, пачынаючы з народнага артыста Беларусі, прафесара Ігара Алоўнікава, з якім калектыў супрацоўнічаў і раней.

Такія праекты трэба ўзнімаць толькі кансалідуючы намаганні. Я ўдзячны начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі гарвыканкама Таццяне Кручко, дырэктару згаданага каледжа Таццяне Пузырэнка. Дадам, што 7 — 11 снежня, літаральна напярэдадні форуму, у гэтай навучальнай установе прайшоў ХІІІ Міжнародны дзіцячы конкурс “Музыка надзеі”. Так што зала не пустуе, яна мае і сваіх пастаянных наведвальнікаў, а каледж паралельна займаецца некалькімі мерапрыемствамі.

Хацелася б, каб Форум класічнай музыкі ў Гомелі стаў штогадовым. Спадзяюся, надалей знойдуцца спонсары, бо сёлета, на жаль, адшукаць іх не ўдалося. Пэўна, можна будзе з’яднаць намаганні з Гомельскай абласной філармоніяй, мастацкім кіраўніком якой з’яўляецца народная артыстка Беларусі, цудоўная выканаўца рускай і еўрапейскай вакальнай класікі Галіна Паўлянок. Дый сёлета — ідэй было больш, чым паспелі рэалізаваць. Улічваючы, што фестываль прысвечаны творчасці Бетховена, ва Універсітэце імя Скарыны можна было б правесці лекцыі (хапае музыказнаўцаў, здольных зрабіць іх прыцягальнымі для самай скептычнай маладзёжнай аўдыторыі), сустрэчы з музыкантамі. У асветніцкіх і рэкламных мэтах планавалі наладзіць кінапаказы, бо дакументальных і мастацкіх стужак пра кампазітара хапае. У бібліятэках — зрабіць стэнды з матэрыяламі пра яго жыццё і музыку. А яна больш разнастайная, чым мы прывыклі думаць, абмяжоўваючыся мелодыяй “Да Элізы” (насамрэч, п’еса называлася “Да Тэрэзы”, але выдаўцы не разабраліся ў почырку).

Упэўнены, форум дадасць у фестывальную палітру горада (а тут праходзяць тэатральныя, харэаграграфічныя святы, вядомыя на ўсю краіну і за яе межамі) тыя фарбы, якіх не стае для агульнай культурнай панарамы Гомельшчыны. Сімфанічны аркестр можа стаць “візітоўкай” горада!

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"