Клуб майго юнацтва

№ 50 (1228) 12.12.2015 - 18.12.2015 г

Яшчэ раз праехаліся з Кастусём Антановічам па сельскіх клубах, і штосьці я занядужаў. Не фізічна, а маральна. Згадаўся клуб майго юнацтва. А ён зусім не падобны на сённяшнія. І справа тут не ў настальгіі. Проста сённяшняя вёска і тагачасная — як неба і зямля. Чаму? Пытанне не да мяне. Я толькі пра тое, што заўжды буду памятаць.

/i/content/pi/cult/564/12365/4-1.JPGЯ — не вясковы. Хоць і з пыльнага, але гарадка. А маці вясковая. Дарэчы, другая па ліку ў Купрэеўцы набыла вышэйшую адукацыю. Першым быў пасляваенны рэдактар “Настаўніцкай газеты”. Але гэта так, да слова.

Дык вось, купрэеўскі клуб. Дзіўная рэч, вёскі больш за дваццаць гадоў як няма, а клуб стаіць перад вачыма, як “жывы”. Жывым ён і быў. Але спачатку патлумачу, якое меў дачыненне я, гарадскі, да сельскіх рэалій: мама кожныя вакацыі, гадоў з васьмі, аддавала мяне на вясковае дзядзькаванне. Можна доўга спрачацца, прыдумаў гэты абрад у сваім творы Караткевіч ці не, але факт маёй біяграфіі застаецца. Кожныя канікулы ў Ветку на калёсах прыязджаў маўклівы дзядзька Ілья, садзіў мяне на сена і вёз на выселкі. Паездка суправаджалася плачам. Маім. Клубам тады быў нязграбны драўляны дамок. Адзінае, што памятаю: кінаперасоўка дэманстравала фільмы на знешнюю затынкаваную сценку, бо сцэны і кінаэкрана ў самім памяшканні, напэўна, не было. Асаблівай цікаўнасці гэта не выклікала.

А вось калі я падрос і клуб перабраўся ў цагляную аднапавярхоўку, дзе месца хапіла для сцэны, залы ды бібліятэкі, дык сам пачаў ірвацца ў Купрэеўку — на ровары, з песнямі і не толькі па вакацыях. Далучыўся не толькі да касьбы, пасьбы, ворыва і начнога агляду чужых садоў, але да культуры. І ніякіх тут жартаў. Далучэнне пачалося са спорту. Побач з клубам знаходзілася абавязковая валейбольная пляцоўка. А праз дарогу — футбольнае поле. Абавязковыя клубныя “філіялы” не толькі для Купрэеўкі. Часу і сіл ставала не толькі набегацца, але і танчыць ледзь не да раніцы. Сёння такія прыклубныя пляцоўкі — рэдкасць.

Цяпер пра клуб. Рэжым працы па выхадных — “калі дзядзька Мішык прачнецца”. А прачынаўся ён рана. Цётка Маня — клубная загадчыца — кіравала ўстановай, як кажуць, намінальна. Мішык адкрываў “ачаг” з раніцы, і тут імгненна збіралася грамада. Пераважна мужчынская. Асабняком трымалася малеча. Гулялі ў шашкі, даміно. Праз сцэну знаходзіўся ўваход у бібліятэку. Тут таксама ўсё было на самаабслугоўванні, бо бібліятэкара доўга не было. Чытацкая перавага, як памятаю, аддавалася поўнаму збору твораў украінскага гумарыста Астапа Вішні. Кнігамі пэўны час карысталіся без уліку. Але нічога не гублялася і не прыўлашчвалася. Да скасавання ўстановы на паліцах Астап Вішня заставаўся ў поўным зборы. Дзіва! Але ж і хаты тады не замыкаліся.

Калі б ад цёткі Мані патрабавалі, як сёння, справаздачнасць, яна хадзіла б у перадавіках. Уявіце, цягам нядзелі ў клубе прысутнічалі ад пяці да дваццаці чалавек пастаянна з ранку і да вечара. А падчас танцаў народу прырастала ў разы. Дзе вы зараз такое ўбачыце!

Пасля абеду збіралася самадзейнасць: танчыла ды спявала. Мяне гэта тады не цікавіла: збягаў на сажалку, у лес, у поле па гарох. Тут галоўнае было не празяваць прыезд кінамеханіка з новым “кіном”. Цётка Маня станавілася на кантроль. Маёй задачай было прарвацца на першы рад. Хто ведае, галоўнае на вёсцы падчас кінасеанса — гэта каментары таго, што адбываецца на экране: “А куды гэта ён? А за што яна яго?”. І бясконцы шэраг усеагульных адказаў. Самае ж галоўнае — танцы. Пад радыёлу з пласцінкамі. “Там, где клён шумит…”. Крэслы зрушаны да сцен, на пятачку — не разгарнуцца з-за ахвотных паказаць харэаграфічны шык. Нават узімку пры сціплым тарфяным ацяпленні з памяшкання патыхала гарачынёй. І ніхто не забараняў непаўнагадовым заставацца на танцпляцоўцы пасля строга пазначанай цяпер гадзіны…

Я ўрэшце пра што? Не толькі клуб быў жывы, але і вёска. А гэтыя паняцці, як вядома, узаемазвязаныя. Таму і нядужу цяпер.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"