“Малітва” пра “Спадчыну”

№ 50 (1228) 12.12.2015 - 18.12.2015 г

15 снежня Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы адкрывае новую літаратурна-дакументальную экспазіцыю Купалаўскага мемарыяльнага запаведніка “Ляўкі”. Па словах кіраўніка музея Алены Ляшковіч, на абнаўленне было выкарыстана каля мільярда бюджэтных рублёў.

/i/content/pi/cult/564/12361/6-5.jpgІ ўвогуле, “апгрэйд” музея і яго філіялаў вядзецца досыць планамерна ды эфектыўна. Спачатку, натуральна, была даведзена да ладу экспазіцыя сталічнай установы. Напоўніцу пачалі выкарыстоўвацца мультымедыйныя тэхналогіі. Якасна вырас і ўзровень крэатыву музейных супрацоўнікаў. Дастаткова згадаць інтэрв’ю з Песняром, апублікаванае колісь на старонках “К”. Адказы на рэдакцыйныя пытанні былі знаходліва і дасціпна “складзены” музейшчыкамі з цытат Івана Дамінікавіча. Класік нібыта сышоў з пастамента, стаў для нас больш даступным. На мой погляд — адзін з паспяховых эксперыментаў па ўсведамленні таго, кім быў і будзе для нас класік. На гэта ж працуюць святло, гук, галаграфічныя выявы. Асоба Купалы, супярэчлівая, але шчырая і знакавая для незалежнай Беларусі, таго вартая.

Шмат зроблена для таго, каб звязаць сучаснасць з мінуўшчынай і ў Мемарыяльным запаведніку “Вязынка”. Свайго часу чакаюць філіялы ў Акопах і Яхімоўшчыне. Як кажа Алена Ляшковіч, экспазіцыя ў Акопах дзейнічае з 1991 года. Выпрабаванне часам яна з гонарам вытрымала, але надышла пара “абсучасніць” і яе. Як і ў Яхімоўшчыне, упор пры гэтым будзе на больш удумлівае выкарыстанне мясцовага матэрыялу. Тут Купала жыў і працаваў, тут думаў і натхняўся мясцовымі шчодрымі краявідамі ды сустрэчамі з не менш адкрытымі вяскоўцамі. Пісьменнік быў дакладным камертонам, што гучаў ва ўнісон з прыродай і людзьмі. Менавіта гэтая канцэпцыя і рэалізоўваецца музейшчыкамі ў выставачных залах…

Але вернемся на Аршаншчыну. Лішне даводзіць, што Ляўкоўскі перыяд — адзін са знакавых у жыцці і творчасці Песняра. Сваё лецішча народны паэт Беларусі называў “беларускай хаткай над Дняпром”. Тут заўжды было завозна і не выводзіліся госці. Колішняя сядзіба Копыскага лясніцтва неўзабаве пераўтварылася ў своеасаблівы сельскі клуб, вясёлы і дружны. Перачытайце верш “Госці”, вы зразумееце, пра што я. Хтосьці ўключае твор у нізку “камуністычных”. Пярэчыць тут цяжка. Але для мяне галоўнае іншае: збузаваны жыццём паэт імкнецца знайсці адхланне ў шчырай дружбе. Новая экспазіцыя і імкнецца данесці да нас атмасферу сяброўства, гасціннасці, еднасці. А таксама — паэтавага болю, які яму наканавана несці да скону.

Выніковым працягам даўніх творчых стасункаў установы з дырэктарам “Тэхнамузея” і старшынёй Музейнага апякунскага савета Вадзімам Дзем’яновічам стала чарговая мультымедыйная прынада. Тэлеэкран у адным з ляўкоўскіх пакояў зроблены ў выглядзе акна. Праз яго можна ўбачыць, як Купала прыязджае на лецішча, як абыходзіць з кійком уладанні і гаспадарыць з кошыкам у руках. Кінахроніка тут прыйшлася да месца. Між іншым, менавіта ў гэтым пакоі Купала дэманстраваў гасцям мастацкія кінастужкі. Іх сёння таксама можна паглядзець.

А яшчэ 15 снежня на купалаўскае лецішча завітае ўнук аднаго з паэтавых гасцей, прынясе гармонік, на якім ягоны дзед граў для Івана Дамінікавіча. А на стале будуць “пірог, і лён, і мёд”… Тая музыка загучыць ізноў. А яшчэ мінскія артысты прачытаюць “Спадчыну”, “Малітву”, вершы, якія ніяк нельга аднесці да камуністычных.

Камерыцыйны поспех любога музея — акалічнасць спадарожная. Галоўнае ж у тым, па маім меркаванні, каб экспазіцыя звярнула цябе да сябе самога. Інакш кажучы, часам варта адчуць чужы боль як свой. Гэта іншым разам ратуе ад абыякавасці.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"