“...Акорд” і акалічнасці

№ 50 (1228) 12.12.2015 - 18.12.2015 г

Як конкурс расце і сталее
У Жодзіне ў чатырнаццаты раз прайшоў Рэспубліканскі конкурс эстрадных выканаўцаў “Белазаўскі акорд”. З ранняй восені ён перамясціўся на познюю. Але ўжо ў трэці раз канкурсанты (з больш як 60 прэтэндэнтаў абралі 16) спявалі ў суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Віктара Бабарыкіна. І ўпершыню замест прыза глядацкіх сімпатый было папярэдняе інтэрнет-галасаванне — па запісах, выкладзеных у Сеціве. Якім жа атрымаўся “ўраджай”? І ці не сапсавалі музычнае надвор’е якія-небудзь “хмары”?

/i/content/pi/cult/564/12360/6-4.jpgУзровень спевакоў быў як ніколі высокі, перавышаючы, трэба прызнаць, агульную планку конкурсу, што ладзіцца кожнае лета ў рамках Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне. Прычын для таго шмат. У Жодзіне не прытрымліваюцца прынцыпу ўяўнай “роўнасці”, калі ад кожнай вобласці краіны павінна быць акурат па тры ўдзельнікі, як гэта робіцца ў Маладзечне, з-за чаго ў адным рэгіёне разгортваецца канкурэнцыя паміж патэнцыйнымі лаўрэатамі, а ў іншым — вымушаны прызначыць хаця б каго-небудзь. Першы тур “Белазаўскага акорда” праводзіцца хаця і па дасланых аўдыязапісах, але самімі арганізатарамі, а не кіраўнікамі на месцах, таму сістэма папярэдняга адбору для ўсіх аднолькавая. Спрыяюць тэрміны: хай восень і скупая на сонейка ды цяпло, але не ведае такой навалы, як чэрвеньскія іспыты, залікі, цэнтралізаванае тэсціраванне ды іншыя “надзвычайныя справы”, якія перашкаджаюць ехаць на маладзечанскае свята найбольш старанным старшакласнікам і студэнтам. Прыцягваюць у Жодзіне і больш каштоўныя прызы, і вельмі добрыя ўмовы конкурснага побыту. Дадатковым стымулам становіцца магчымасць крыху папрацаваць з Прэзідэнцкім аркестрам краіны, бо вынікам могуць стаць не толькі слушныя падказкі дырыжора ці парады бэк-вакалістаў (прафесіянал заўсёды знойдзе, што можна і трэба палепшыць), але і далейшы ўдзел у асобных праектах славутага творчага калектыву, які не мае ў сваім штаце салістаў-вакалістаў і ўвесь час клапоціцца пра “новыя імёны”.

Пра аўтарытэт конкурсу, нягледзячы на адсутнасць да яго ўвагі СМІ (за выключэннем, бадай, “К” і рэгіянальных выданняў), сведчыць наступны факт. Вырашыўшы прапіярыць “Белазаўскі акорд”, абласное радыё “Мінская хваля” выклала на сваім сайце дасланыя канкурсантамі запісы і прапанавала галасаваць за ўдзельнікаў. Трафік праслухоўванняў на сайце быў такі, што сайт літаральна “лёг” ад перагрузкі. Як прызналася дырэктар станцыі Тамара Вяцкая, уручаючы на гала-канцэрце пераможцаў прыз, піяр атрымаўся не столькі для конкурсу, колькі для самога радыё, бо дзякуючы канкурсантам з’явілася шмат новых слухачоў.

Найбольшую колькасць галасоў (і, па выніках усяго конкурсу, найбольшую колькасць узнагарод) назбірала маладзечанка Наталля Ламака: да згаданай перамогі на “Мінскай хвалі” далучыліся прыз за сцэнічнае абаянне і спецпрыз маладзечанскага Палаца культуры. Дый у тым, што былі адзначаны песні кампазітара Алены Атрашкевіч (дададзім, на гэтым фестывалі яе кампазіцый было чатыры!), ёсць і заслуга Наташы, бо тыя ацэньваліся і праз яе выкананне. Ну а сама кампазітар даўно ўжо павінна быць адзначана і за педагагічнае майстэрства: яе выхаванцы заўсёды вылучаюцца высокай культурай выканання, добра распрацаванай унутранай драматургіяй кожнай песні, імкненнем штурмаваць усё новыя, раней не ўзятыя прыступкі. У той жа Наталлі, у адрозненне ад большасці ўдзельнікаў, абедзве конкурсныя кампазіцыі былі прынцыпова кантраснымі, не паўтараючы пры гэтым яе выступленне на сёлетнім спаборніцтве ў Маладзечне. Вылучалася спявачка і ўласна эстраднай падрыхтоўкай, зусім не павярхоўным адчуваннем новых для яе джазавых павеваў.

Конкурс у чарговы раз нагадаў пра надзвычай балючую праблему айчыннай эстрады — адсутнасць сапраўднай нацыянальнай школы ў гэтай галіне. Калі акадэмічны вакал мае даўно складзеныя педагагічныя напрацоўкі і традыцыі, дык эстрадны пакуль ці пераймае іх, ці ідзе навобмацак. Алена Атрашкевіч, маючы глыбокую не толькі кампазітарскую, але і музыказнаўчую падрыхтоўку, пачала закладаць першыя цаглінкі такой сучаснай эстраднай школы. Але да вялізнага, на ўсю краіну будынка ў некалькі паверхаў, дзе роўныя прыступкі вялі б ад пачатковага навучання да вышэйшай адукацыі, пакуль далёка.

Гэта адбілася і на конкурсных выніках. Першую прэмію атрымаў мінчанін Аляксандр Саванец — яшчэ адзін з выхаванцаў Алены Віктараўны. Трэцюю — падзялілі яго землякі Дар’я Хмяльніцкая і Раман Волазнеў (апошні ўвогуле з’яўляецца не столькі спеваком, колькі таленавітай творчай асобай, адоранай музычна і кампазітарскі). Прызамі былі ўганараваны таксама магіляўчанка Лідзія Заблоцкая (за любоў да роднай песні), Руслан Рагалевіч з Мядзельшчыны (за лепшую аўтарскую песню). Артура Якушава прыглядзеў для некаторых сваіх праектаў дырыжор Віктар Бабарыкін. Гран-пры сёлета не было (у тым сэнсе, што прэтэндэнтаў — хапала, а вось з каштоўным падарункам на гэтую “ганаровую пасаду” штосьці не атрымалася). Другой прэміяй была адзначана студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Яўгенія Крохіна з Гомеля. Яна вылучалася адметным голасам, добрай опернай падрыхтоўкай (літаральна праз некалькі дзён яе бельканта ў найскладанай арыі Джакама Пучыні ўпрыгожвала два сталічных оперных канцэрта запар). Але ці ж яе гэта справа — эстрада?

З аднаго боку добра, што ў эстрадных спевах становяцца ўсё больш запатрабаванымі не толькі доўгія ногі, але і наяўнасць голасу. З іншага ж, адно прыгажосці тэмбру і шырыні дыяпазону — малавата. Эстрадныя спевы таксама патрабуюць спасціжэння прафесійных таямніц — не менш, чым оперныя. І гэткіх жа пошукаў рэпертуару. Дарэчы, арганізатары задумаліся, як унесці папраўкі ў конкурсныя ўмовы, бо здараюцца выпадкі, калі ў якасці беларускай песні канкурсанты прывозяць кампазіцыі замежных аўтараў, перакладзеныя на беларускую мову, часам самастойна.

Конкурс працягвае развівацца, удасканальвае свае “брэнды”. Конкурсная сімволіка прысутнічала ў лазерна-харэаграфічным шоу, якім пачыналася свята, была адбіта на папках з нотамі ў руках харыстаў, на роспісах сцэнічнага задніку і куліс. Праз год, магчыма, яшчэ адной “фішкай” спаборніцтва можа стаць онлайн трансляцыя праслухоўванняў — у Інтэрнэце, як гэта робіцца на самых прэстыжных конкурсах свету.

На здымку — лаўрэаты “Белазаўскага акорда-2015” (злева направа): Раман Волазнеў, Яўгенія Крохіна, Аляксандр Саванец, Дар’я Хмяльніцкая.

Фота Руслана АНАНЬЕВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"