Кластар у Грушаўцы

№ 50 (1228) 12.12.2015 - 18.12.2015 г

Ці спрацуе прынцып “культурнага квартала” ў мікрараёне?
Увосень у раёне мінскай станцыі метро “Грушаўка” ўтварыўся, лічы, культурны кластар: адчыніліся крама-галерэя, музей, а ў адным з офісаў пачалі экспанавацца фотавыстаўкі. Да ўсяго, гэты квартал вядомы аматарам драўлянай і цаглянай архітэктуры сталіцы (якая часткова захавалася да сёння і можа лічыцца яшчэ адной атракцыяй культурнага кластару). Заўважым, у спальным раёне няма буйных дзяржаўных устаноў культуры.

/i/content/pi/cult/564/12359/6-3.jpgМузей ката

Музей ката — прыватны праект. Гэта, хутчэй, галерэя, але з асаблівасцямі: творы мастацтва тут прысвечаны выключна кацінай тэматыцы (“Каты ў горадзе”, “Halloween у Музеі ката”, “Каты на карцінах класікаў”). Некаторыя з іх — яркія, іншыя, можна сказаць, — на мяжы кітчу. Але ж гэта і не мастацкі музей!

Уваход платны, атмасферу ствараюць некалькі жывых коцікаў. Іх можна лашчыць, фатаграфаваць, нават забраць дадому пры ўмове ўзнікнення ўзаемнай сімпатыі. Даведацца пра музей — нескладана: рэклама ў вагонах метро і на станцыях, уласны сайт, сацыяльныя сеткі, а ўваход — блізка ад станцыі, добра бачны. Мабыць, наведвальнікі бываюць з бліжэйшых дамоў, але і на метро публіка не лянуецца прыехаць.

Кнігарня як цэнтр

Уваход у “Кніжную шафу” з двара і знаходзіцца яна трошкі далей ад метро. Але крама-галерэя не губляецца: на фасадзе шматпавярховіка, у якім яна месціцца, пра яе паведамляе вялікая шыльда. “…Шафа” (назва менавіта беларускамоўная) пазіцыянуецца як аб’яднаная прастора: кнігарня і фотагалерэя. Тут некалькі палічак з беларускімі кніжкамі, шмат прыгожай дзіцячай літаратуры. Фота ў галерэі мяняюцца штомесяц. Праект “Кніжная шафа” вырас з любові гаспадароў да сваёй справы: дырэктар Анастасія Дудкова доўга працавала ў выдавецтвах і марыла пра ўласную кнігарню. Яе муж Іван захапляецца фатаграфіяй, здымае на стужку.

Кнігавыдавец Зміцер Вішнёў адзначыў пра гэты куток: “Прыватным ці дзяржаўным кнігарням у цэнтры Мінску “...Шафа” не канкурэнт, бо знаходзіцца ў спальным раёне. А з часам грушаўцы стануць наведваць імпрэзы”.

Па чацвяргах тут кінапаказы, па выхадных — заняткі для дзяцей і іх бацькоў (даводзіцца нават дзяліцца на дзве групы праз вялікую колькасць наведвальнікаў). На заняткі па выхадных прыходзяць маладыя маці, кажуць, што для іх гэта вялікая аддушына. Завітваюць і жыхары суседніх дамоў, проста гуляючы з сабачкамі. Побач некалькі офісных будынкаў, таму частыя госці айцішнікі, якія купляюць добра аздобленыя кніжкі. Што да моўных заняткаў, то сустрэчы праходзяць па прынцыпе размоўных клубаў, кшталту тых, якія ладзяцца і для вывучэння замежных моў.

Наведаўшы “Кніжную шафу”, узгадала вясковыя бібліятэкі, што становяцца цэнтрам культурнага жыцця, асабліва калі там няма клуба. Маленькія чытачы прыходзяць “у госці да цёці бібліятэкаркі”, пагуляць, пасядзець. Старэйшыя завітваюць пагутарыць, ідучы ў краму ці з працы. Магчыма, грушаўскі праект стане такім жа цэнтрам прыцягнення для мясцовай супольнасці.

Офіс-галерэя

У офісе Студэнцкага этнаграфічнага таварыства экспануюцца фотаработы яго сяброў. Ужо паказаны праект “Блізкае далёкае”, дзе жанчыны выяўлены ў традыцыйных строях і ў сучасным аддзені, выстаўляліся лепшыя здымкі з летняй экспедыцыі па Ганцавіцкім раёне. І вось 25 лістапада распачалася выстава “Нашы людзі”, дзе сябры таварыства выяўленыя “пры поўным парадзе”, у святочных этнаграфічных строях і ў традыцыйным антуражы (на фоне вясковых посцілак). Новы кірунак у дзейнасці з’явіўся дзякуючы фатографам Міхасю і Кацярыне Аракчэевым.

Як грамадская арганізацыя, а не музей ці галерэя, СЭТ не можа на цэлы дзень адчыніць офіс для наведвальнікаў, пасадзіць наглядчыка. Таму не дае вялікай рэкламы ні аб адкрыцці выстаў, ні аб іх працы. Даведацца пра выставы можна толькі на сайце арганізацыі ці на старонках у сацсетках. Але па вечарах у будні ў офісе заўсёды гурткі, таму тэарэтычна пабачыць фота можа кожны ахвотны.

Фактычна дзейнасць таварыства ніяк не змяняе культурную сітуацыю на Грушаўцы: мясцовых жыхароў на імпрэзах бачыць не даводзілася, хаця некаторыя суседзі сочаць за абвесткамі ў сацыяльных сетках. Але гэта хутчэй выключэнне, чым правіла.

Тры ўстановы пакуль не ўсведамляюць сябе кластарам, хаця і ведаюць аб існаванні адна адной. Напрыклад, у час Месяца фатаграфіі, у якім удзельнічала і “Кніжная шафа”, кожная выставачная прастора прапаноўвала карту з пазначэннем астатніх выстаў. Магчыма, калісьці такая друкаваная прадукцыя з’явіцца і ў паўнавартасным кластары на Грушаўцы. Супрацоўніцтва магло б стаць наступным піяр-крокам, а пакуль абмяжоўваецца продажам прадукцыі СЭТа ў “...Шафе”.

Фота аўтара і Ганны ЯКУШ

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"