Тэст сувеніра: кітч ці аўтэнтыка?

№ 50 (1228) 12.12.2015 - 18.12.2015 г

Погляд старшыні Саюза майстроў на сувенірную прадукцыю ад РДР і прыватнікаў
Беларускія сувеніры з лёну, саломы, керамікі… Дзясяткамі іх прадаюць на фестывалях, уручаюць гасцям краін, прэзентуюць у раённых дамах рамёстваў ці музеях… Але наколькі яны аўтэнтычныя і наколькі яны… беларускія? Дзе выразная мяжа паміж аўтэнтыкай і кітчам? Чаму нельга ўпрыгожваць беларускія саламяныя лялькі ў зялёныя колеры? Як паяднаць вонкавую прывабнасць і практычнасць таго ці іншага вырабу? На гэтыя і многія іншыя пытанні мы спрабавалі знайсці адказ, запрасіўшы ў рэдакцыю эксперта — старшыню Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўгена Сахуту. І гутарка за рэдакцыйным сталом, на якім ляжалі дзясяткі сувеніраў, прывезеных журналістамі з розных рэгіёнаў Беларусі, атрымалася насычанай і змястоўнай.

/i/content/pi/cult/564/12356/14-2.jpgЗбан — сапраўдны

— Адразу адбяру тое, што выглядае найбольш аўтэнтычным, — пачаў свой аналіз Яўген Сахута, акідваючы прафесійным вокам “поле дзейнасці”. — Вось, да прыкладу, гэтыя гладышы. Я, праўда, не магу сказаць, чые гэта работы, але ў тым, што яны зроблены нашымі майстрамі, не сумняваюся.

Як адзначыў Яўген Міхайлавіч, сёння на Беларусі склалася вялікая сетка раённых дамоў і цэнтраў рамёстваў, і ў кожным добра захоўваюцца і перадаюцца рамесніцкія традыцыі таго ці іншага раёна, асабліва ў ганчарнай справе.

— За тысячагоддзі бытавання ганчарныя вырабы сталі настолькі практычныя, што лепшага сёння і прыдумваць не трэба, — кажа Яўген Сахута. — Чаму ў іх, можна сказаць, універсальная форма? Бо зручна такі гладыш браць у рукі, зручна мыць — у яго можа, як бачыце, лёгка пралезці рука, у ім вельмі добра захоўваць самыя розныя харчовыя прадукты — ад малака да алею…

Сярод аўтэнтычных рэчаў Яўген Міхайлавіч адабраў і гліняную цацку.

— Гэта, калі я не памыляюся, цацка з Крычава ці Крычаўскага раёна, — адзначыў Яўген Сахута. — Мясцовы майстар Вячаслаў Якавенка адрадзіў падняпроўскую гліняную цацку-свістульку, а таксама аднавіў стылістыку яе дэкаравання.

Як і гладышы, дзіцячыя цацкі таксама з цягам часу займелі ўніверсальныя формы, якія адточваліся гадамі. Захоўваюць яны іх і цяпер.

— Па-першае, дзіцячыя цацкі павінны былі быць бясшкоднымі для малечаў, невялікімі па памерах. Такімі яны засталіся, як бачыце, і да сёння, — адзначае Яўген Сахута. — Па-другое, цацка вельмі хутка ляпілася майстрам, бо кошт яе зазвычай быў невялікі: скажам, адно курынае яйка. І каб зарабіць на цацках, ганчар павінен быў іх рабіць, што называецца, дзясяткамі ў вельмі сціслы тэрмін. Таму падобны выраб ляпіўся прыкладна пяць хвілін — і гэта таксама, зразумела, патрабавала адточанасці рухаў і формаў.

Лыжка — не дэкарацыя!

Таксама аўтэнтычнымі Яўген Сахута прызнаў кошык з лучыны са Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці ды драўляную лыжку з цікава аздобленай ручкай…

— Драўляная лыжка за гады свайго існавання таксама набыла ўніверсальныя, адточаныя формы, — працягвае Яўген Міхайлавіч. — Але пра што тут трэба сказаць абавязкова? Вельмі важна, каб лыжка не была дэкаратыўнай, каб за прыгажосцю не гублялася практычнасць гэтага побытавага прадмету. Бо дэкаратыўнай лыжкай не будзеш ні чэрпаць, ні есці, ні замешваць цеста. Зразумела, што так быць не павінна і так ніколі даўней не было.

На жаль, па словах Яўгена Сахуты, сёння падобныя тэндэнцыі сярод беларускіх майстроў заўважаюцца: кожны хоча зрабіць лыжку “прыгожай” і настолькі сувенірнай, што карыстацца ёй у побыце будзе ўжо проста немагчыма.

— Таму мы заўсёды, кансультуючы майстроў, звяртаем увагу на практычнасць той або іншай рэчы, і кажам: не выдумляйце пораху, — сцвярджае Яўген Міхайлавіч. — Натуральна, можна паэксперыментаваць з формай чаранка, дзяржальна, зрабіць на ім кручок, нейкую інкрустацыю… Але далёка заходзіць не варта, каб не згубіць, паўтаруся, практычнага сэнсу прадмета, у нашым выпадку, лыжкі.

І гэта, бадай, усе прадметы на вялікім рэдакцыйным стале, якія прайшлі прафесійны тэст на аўтэнтыку. Далей пайшла сувенірная прадукцыя, якая толькі прэтэндуе на гэтае званне. Ці, наадварот, зусім пад такі статус не падпадае.

Абярэгі — пад пытаннем

— Усе рамёствы, і гэта не сакрэт, заўсёды арыентаваліся на патрэбу часу, — сцвярджае Яўген Сахута. — Таму цяпер з’яўляецца шмат прадукцыі, якая не мае практычнага прымянення, а служыць толькі ў якасці сувеніра. Вось, да прыкладу, гэты куфлік. Ён выглядае як сапраўдны, зроблены па колішніх традыцыях, але яго нельга нават добра ўхапіць за ручку. Гэта проста якасная сучасная сувенірная прадукцыя, як і ўсё астатняе, што прадстаўлена на гэтым стале.

Як мяркуе Яўген Сахута, і такія рэчы патрэбныя. Іншая справа, наколькі дакладна наша рамесніцкая традыцыя ў такіх сувенірах развіваецца і працягваецца.

— Напрыклад, вось гэты сувенірны збаночак я адразу адстаўлю ўбок, бо ён невядома для чаго зроблены і невядома што прадстаўляе, якую традыцыю, — кажа Яўген Сахута. — Што да гербаў гарадоў, — керамічных, саламяных, з дрэва, — дык гэта тая сувенірная прадукцыя, якую сёння можна сустрэць усюды. Гэтыя сувеніры таксама маюць права на жыццё, але ж да традыцыйнага беларускага мастацтва яны не маюць ніякага дачыннення.

Колькі слоў было сказана і пра ляльку-абярэг, якую старшыня Саюза адшукаў на рэдакцыйным стале.

— Сёння пайшла мода на нейкіх “дамавушак”, “зернавушак” і гэтак далей, — кажа Яўген Сахута. — Але сцвярджаць, што гэта беларуская традыцыя, я не магу: гэтая плынь у нас, на жаль, дасюль не вывучаная. Гэта, скажам так, агульнаславянская традыцыя, якая ў нас пачынае апошнім часам прыжывацца, у тым ліку — і пры дапамозе Інтэрнэту. Бо ў Сеціве можна знайсці сёння ўсё, і некаторыя майстры бяруць адтуль пэўныя ідэі, у тым ліку, славянскіх лялек-абярэгаў. Але ці бытавалі яны на нашых землях — пытанне адкрытае.

Зеляніна — не для нас

— Зразумела, з сувенірамі, як і ў любой іншай справе, трэба быць вельмі асцярожнымі і пісьменнымі, — кажа кіраўнік Саюза майстроў народнай творчасці. — Вось, да прыкладу, гэтыя дзве саламяныя лялькі. Колькі разоў я такія вырабы ўжо бачыў на самых розных кірмашах рамёстваў! Падыходжу да майстра, пытаю: а дзе вы бачылі ў беларусаў чырвона-зялёную тасьму на адзенні? Кажуць: здаецца, нідзе не бачылі, але ж прыгожа выглядае, ярка, заўважна, таму і зрабілі гэтак. Але гэта ўжо не традыцыя! Некаторыя кажуць: гэта колеры дзяржаўнага сцяга… Прабачце, але той жа арнамент на дзяржаўным сцягу чырвоны, а не зялёны!

Па словах Яўгена Сахуты, зялёны колер — не сімвалічны для беларусаў, як белы ці чырвоны.

— Гэта, дарэчы, загадка народнай культуры: на Беларусі зеляніны, зяленіва многа, а вось на адзенні яго няма, — кажа госць рэдакцыі. — У арабскіх краінах наадварот: людзі жывуць сярод пяскоў, а зялёны колер у іх прысутнічае на дзяржаўных сцягах…

Магчыма, свае ўмовы дыктуе рынак. Вось чаму, кажа Яўген Сахута, неабходна метадычная дапамога, кансультацыі тым майстрам, якія пачынаюць сваю дзейнасць. Гэтую работу, натуральна, і праводзіць Саюз майстроў народнай творчасці з дапамогай майстар-класаў, семінараў і сустрэч з носьбітамі ці пераемнікамі традыцый…

Што ж, як відаць, справа гэта сапраўды важная і неабходная. Асабліва ў наш час, калі кітайскія вырабы з прэтэнзіяй на аўтэнтыку даўно атабарыліся на паліцах многіх сталічных ды абласных крамаў. На шчасце, аўтэнтычныя беларускія вырабы можна сёння адшукаць і ў сталіцы, і ў айчынных РДР ды музеях, а традыцыйныя рамесніцкія промыслы ў нас не толькі захоўваюцца, а і перадаюцца маладым пакаленням. У гэтым, натуральна, — вялікая заслуга як Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, так і сотняў майстроў-рамеснікаў з усіх куткоў нашай краіны...

Фота Аліны САЎЧАНКА

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"