Люкс Высоцкага

№ 50 (1228) 12.12.2015 - 18.12.2015 г

Музей легенды ў брэсцкім гатэлі
Пад заслону адыходзячага года ў прыгранічным Брэсце, Культурнай сталіцы Беларусі-2015, адбылася падзея яркая, на першы погляд зусім нечаканая, але, як аказалася, шчыльна пераплеценая з энергіяй горада над Заходнім Бугам. Гэта І Міжнародны бард-форум імя Уладзіміра Высоцкага “Паласа нейтральная”.

/i/content/pi/cult/564/12353/6-1.jpgЦі ёсць што сказаць?

Здавалася б, што новага можна сёння распавесці пра жыццё, пра лёс, пра творчасць Уладзіміра Высоцкага? За 35 гадоў пасля яго сыходу сябрамі, калегамі і знаёмымі напісаны кіламетры ўспамінаў. А асабліва скрупулёзныя “старацелі” намагаюцца захаваць кожны яго крок, спасцігнуць кожны рух яго ўтрапёнае душы, бясконца цытуюць яго радкі і вобразы, выяўляюць спраўджаныя прароцтвы нават у простых словах. А ў паўгоддзе між датамі яго народзінаў і сыходу — 25 студзеня і 25 ліпеня — як доўгачаканае вывяржэнне незгасальнага вулкана, у тэлеэфіры, куды пры жыцці ход яму быў замоўлены, транслююцца прысвечаныя Уладзіміру грандыёзныя канцэрты вядомых выканаўцаў, з’яўляюцца новыя дакументальныя стужкі, фанаграмы, фатаграфіі. Яго імем ужо назвалі вуліцы, караблі, самалёты, скалы, каньёны, ледавікі і нават астэроід у Сонечнай сістэме. Вершы Высоцкага перакладзены на 209 моваў. У розных краінах і на розных кантынентах праходзяць прысвечаныя яму шматлікія фестывалі, створаны музеі, клубы і супольнасці яго памяці. Энтузіясты-добраахвотнікі вывучаюць яго творчасць, як самавітыя акадэмічныя інстытуты даследуюць мармуровых класікаў. Неспасцігальны народны рух неверагоднага маштабу!

Музей пра беларускі след

Якую главу, якую старонку можна дапісаць у гэты “збор твораў”? З чым выйсці на велізарнае поле сфармаваных каманд і капітанаў-лідараў? Памяць пра вялікага паэта захоўваюць невыпадковыя і неабыякавыя людзі. Такія ёсць і ў Брэсце. “Беларускія старонкі” — так называецца нядаўна створаны невялікі музей у гасцініцы “Буг”. І стала відавочным, што Высоцкага звязвае з Беларуссю мноства нітак і з нядаўняга мінулага, і зусім здалёк, і агульнавядомых, і сенсацыйных.

На адным са стэндаў музея — ролі Высоцкага ў карцінах Віктара Турава на студыі “Беларусьфільм”. “Я родам з дзяцінства” — наогул адзін з лепшых фільмаў у гісторыі нашага кіно, танкіст Валодзя — адна з першых значных роляў акцёра. Тут упершыню прагучалі яго ваенныя песні. Упершыню ў цітрах Высоцкі значыўся не толькі як выканаўца ролі, але і як паэт ды кампазітар. І сцэнарыст фільма Генадзь Шпалікаў, і рэжысёр Віктар Тураў, і артыст Уладзімір Высоцкі — усе родам з ваеннага дзяцінства. Гэта — асаблівае пакаленне, асаблівай закваскі і асаблівага калібру. Амаль усе свае канцэрты, ці як ён сам называў, сустрэчы Высоцкі пачынаў песняй “Брацкія магілы” з гэтага беларускага фільма. Без абвесткі. Яе ведала ўся краіна. Гэтак жа стрымана і рытмічна, без абвяшчэння ў першым аддзяленні заключнага Гала-канцэрта брэсцкага форуму выходзілі на сцэну сучасныя выканаўцы песень Высоцкага.

Былі ў акцёра і яшчэ сумесныя працы з Віктарам Туравым: “Вайна пад стрэхамі”, “Сыны ідуць у бой” і “Кропка адліку”. І праз гады Высоцкі цёпла ўзгадваў беларускія дарогі, прыроду, гарады: здымкі фільмаў праходзілі ў Гродне, Навагрудку, Слоніме, куды музыкант часта прыязджаў з жонкай — французскай актрысай, знакамітай “вядзьмаркай” Марынай Уладзі. З Віктарам Туравым яны пасябравалі на доўгія гады, спыняліся ў яго праездам у Францыю. Усе гэтыя эпізоды біяграфіі Уладзіміра Высоцкага — і на фотаздымках у музеі, і ў выдадзеных невялікім накладам у 1999 — 2003 гады рарытэтных зборніках “Уладзімір Высоцкі. Беларускія старонкі”, якія цяпер стаяць на паліцах музея.

Ёсць тут і малавядомыя фатаграфіі Высоцкага ды Уладзі з савецкімі памежнікамі і мытнікамі, лісты, сяброўскія прысвячэнні Уладзіміра вартавым мяжы.

Не толькі рэдкія экспанаты, але і напамін пра прысутнасць самога Высоцкага напаўняе аўру ўнікальнага музея. У 1970-я ў гасцініцы “Буг” Высоцкі спыняўся ў адным і тым жа нумары “люкс” на другім паверсе. Спыняўся праездам у Францыю і на зваротным шляху, спыняўся, калі сустракаў Марыну Уладзі. Цяпер тут створаны мемарыяльныя пакоі з фрэскамі на сценах і радкамі яго песень. Захаваны інтэр’ер тых часоў, нязменным застаўся выгляд з акна на аўтамабільны мост, які вядзе да брэсцкага вакзала. З’явілася рэдкая магчымасць стаць пастаяльцам гэтага нумара, паглядзець тут дакументальныя фільмы пра Высоцкага, паслухаць яго песні.

І крыху адкрыццяў

Але і гэта яшчэ не ўсё. Ізраільскі даследчык творчасці паэта Ліён Надэль скрупулёзна вывучыў яго радавод і склаў генеалагічнае дрэва Высоцкіх. Прадзед Уладзіміра па бацькоўскай лініі быў у Брэсце шкловыдзімальшчыкам і... настаўнікам рускай мовы. Яго дзед, Вольф Шлёмавіч Высоцкі (пазней ён змяніў імя на Уладзімір Сямёнавіч), нарадзіўся ў Брэсце 13 красавіка 1889 года, тут жа атрымаў пачатковую адукацыю, а затым тры вышэйшыя адукацыі і званне кандыдата эканамічных навук у Кіеве. На стэндзе музея загаловак “Дзед Уладзіміра Высоцкага... быў асобай артыстычнай”. І фотапартрэт Уладзіміра Сямёнавіча Высоцкага-старэйшага. У капелюшы і ў элегантным гарнітуры — гэта джэнтльмен з цалкам галівудскай знешнасцю і, па ўспамінах родных, “яркі, таленавіты, інтэлігентны, з запалам да навучання і клапатлівым характарам”... На серабрыстай лістоце купчастай кроны генеалагічнага дрэва — усе сваякі гэтай вялікай сям’і, з Брэста, з Жабінкі, з Пружанскага раёна, з Тульскай губерні — да сярэдзіны ХVIIІ стагоддзя. Наўрад ці сам Высоцкі так дасканала ведаў сваіх продкаў. Уласна, як і ўсе мы тады. Хіба што па сямейных легендах і аповедах старэйшых.

Але аднойчы я ўсё ж спытала ў музыканта, адкуль у яго жартаўлівых песнях такая прастамоўная тульская інтанацыя. Я нарадзілася ў Туле, часта там бывала, таму добра адчуваю мелодыку гэтай гаворкі. Высоцкі мне адказаў, што па матчынай лініі яго радня сапраўды з Тульскай губерні, з вёскі Агарова. І што якаясь з яго прабабуль была прыгоннай актрысай.

Музей і мемарыяльныя пакоі ў гасцініцы “Буг” адкрыліся напярэдадні І Міжнароднага брэсцкага бард-форуму ў гонар Уладзіміра Высоцкага “Паласа нейтральная”. І ўсе гэтыя падзеі маюць сваю перадгісторыю. Галоўны рэдактар “Брэсцкага кур’ера” паэт Мікалай Аляксандраў невыпадкова 25 гадоў таму абраў радок Высоцкага “Ничего, распогодится” дэвізам газеты, дзе пастаянна публікаваліся артыкулы, архіўныя матэрыялы пра творчасць Высоцкага, пра яго беларускія карані. На пачатку года журналісты газеты пабывалі ў польскім Кашаліне на традыцыйным фестывалі “Страсці па святым Уладзіміры”, што і стала магутным імпульсам для рэалізацыі ідэі стварэння свайго, беларускага брэсцкага форуму...

Некалі яго паэзія, ролі, песні, яго гітара, яго голас абрынуліся на сучаснікаў метэарытным дажджом. Але часта бывае так, што разам з выканаўцам сталее і сыходзіць пакаленне яго гледачоў, слухачоў, ды проста губляецца цікавасць. Уладзімір Высоцкі, Булат Акуджава, “Бітлз” — равеснікі па творчасці, рэдкія з’явы талентаў. Больш за паўстагоддзе таму прагучалі іх першыя вершы, акорды, гармоніі. Яны і сёння застаюцца адзінымі, першымі, так і не пераўзыдзенымі. Я разглядала публіку ў зале філармоніі і на заключным Гала-канцэрце бардаўскай песні. У большасці сваёй — дарослыя, сівыя людзі з добрымі тварамі — яны маладзелі на вачах, калі падпявалі або, нібы малітвы, шапталі словы песень Высоцкага. А жывым нервам фестывалю, яго будучыняй стаў конкурс маладых выканаўцаў.

У адным з інтэрв’ю на пытанне: “Што вы падарылі б любімаму чалавеку?” — Высоцкі адказаў: “Яшчэ адно жыццё”. Калі б усе, хто любіць Высоцкага, маглі падарыць яму яшчэ па адным жыцці, без сумневу, яны гэта зрабілі б. Толькі такое, на жаль, людзям не пад сілу. Але арганізатары форуму ўжо ствараюць новыя планы: у горадзе з’явіцца помнік Высоцкаму, вуліца яго імя. У праграмах будучых фэстаў — выставы, кінапаказы, новыя пераклады.

Цяжка зрабіць першы крок. Яшчэ цяжэй будзе зрабіць наступныя. Але гэта ўжо сапраўды падуладна энергіям удзячнага шанавання і любові.

Вера САВІНА, кінасцэнарыст, журналіст