Груфала і Лізелота: а нашы дзе?

№ 49 (1227) 05.12.2015 - 11.12.2015 г

У дзіцячай бібліятэцы я заўсёды імкнуся ў стос сусветнай класікі пакласці беларускамоўную кнігу. Вось толькі тыя друкаванкі для дашкалят на 90 % складзены… з перакладных выданняў замежных аўтараў. Рэдкім айчынным томікам часта бракуе арыгінальных, захапляльных з першага погляду ілюстрацый. Дык дзе ж шукаць роднае слова ў смачным мастацкім афармленні?

/i/content/pi/cult/563/12348/4-3.jpgМае бацькі нават у эпоху дэфіцыту ўмудраліся знаходзіць прыгожа аздобленыя кнігі, дзе ілюстрацыя сама па сабе стварала непаўторную гісторыю. Таму ў маёй бібліятэцы можна знайці кнігі на любой мове свету — галоўнымі былі малюнкі.

Сённяшняй дзятве пашчасціла куды больш: кнігі, дзе разгляданне і чытанне знаходзяцца на адной прыступцы, даступныя ў перакладах. Прычым у бацькоў ёсць выбар: набыць, напрыклад, папулярную сёння серыю пра Маму Му ў ілюстрацыях Свэна Нурдвікста на рускай мове альбо ў перакладзе на беларускую. Дарэчы, ў Швецыі ладзіцца безліч праграм па заахвочванні дзяцей да чытання. У выніку, краіна сёння перажывае залаты век у дзіцячай літаратуры. У гэтым можна было ўпэўніцца, трапіўшы на майстар-клас пісьменніцы і ілюстратаркі Сары Лундберг, што праходзіў у Літаратурным музеі Петруся Броўкі.

Вельмі хочацца, каб традыцыйныя зайчыкі і вавёрачкі на старонках айчынных выданняў саступілі месца больш удумлівым і глыбокім вобразам. Кніга для сямейнага чытання і разважання дае падставу падрабязна разгледзець малюнкі, адшукаць падтэксты і алюзіі. Так, на старонках у Сары Лундберг можна пабачыць адсылкі да сусветнавядомых эпасаў, інтэртэкстуальныя спасылкі на казкі, на іншых мастакоў і эпохі. Пры гэтым прадстаўнікі выдавецтва ўзважваюць не толькі мастацкія якасці работы, але і ацэньваюць яе з пункту гледжання дзіцячай псіхалогіі, напрыклад, ці не занадта драматычны для чатырохгадовага дзіцяці малюнак, дзе на пірсе асуджаны на расстанне хлопчык цягнецца да сяброўкі, што адплывае на караблі. Ці можна ў нас пабачыць, каб знакаміты мастак працаваў над выданнем для гадавалых дзетак? У лепшым выпадку друкаванку на тэму “вось гэта — восень”, “тут сабака пад плотам” камплектуюць малюнкамі з фоташопа, а ў Швецыі ілюстратар для “несур’ёзнай” кнігі стварае цэлы свет. У скандынаўскай краіне ідуць сур’ёзныя спрэчкі, ці трэба распавядаць малым пра смерць, як можа выглядаць у дзіцячай кнізе д’ябал, якой павінна быць адзінота і Нішто, і як візуальна паднесці ў паэтычнай казцы эпізод з Чарнобыльскай станцыяй, каб не прыпыніць саму гісторыю (бо бацькі пераключацца на тлумачэнне страшэннай катастрофы, і аповесць згубіць увагу чытача).

Можа, таму ў скандынаўскіх ілюстратараў сваё кола прыхільнікаў. Там чытачы свядома ідуць у кнігарню па імя. Дарэчы, імёны замежных мастакоў добра вядомы беларусам. Запытайцеся на любым сталічным кніжным кірмашы, што шукаюць бацькі. Упэўнена, неаднаразова пачуеце пра ўзгаданага мною Свэна Нурдквіста (асабліва выпрабаванні Пэтсана і ката Фіндуса), а таксама нямецкага мастака-ілюстратара Аляксандра Штэфенсмайера (напрыклад, серыю пра карову Лізелоту), яго англійскага калегу Аксэля Шэфлера (гісторыі пра Груфала). На жаль, у гэтым модным топе няма айчынных аўтараў…

Завяршыць хочацца пазітыўна. Летась з'явілася шыкоўная беларускамоўная казка Дар’і Вашкевіч “Баваўняная дзяўчынка” з арыгінальнымі ілюстрацыямі Алены Медзяковай. Сёлета ў “Мастацкай літаратуры” выйшла ілюстраваная кніга Алега Аблажэя “Красамоўнае сэрца”. Гэтыя крокі прыкметныя не для ўсіх, і пакуль выглядаюць кропляй у моры падобнай замежнай літаратуры. Аднак, хто ведае: можа, яна стане тым ручаём, што зробіць імя айчыннай ілюстраванай — якаснай і папулярнай — кнізе сярод суайчыннікаў.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"