Бібліятэка: рэжым "live"

№ 49 (1227) 05.12.2015 - 11.12.2015 г

Мінскі досвед: натхненне на "подзвігі выхаднога дня"
У нядзелю не працуюць нават паліклінікі. А бібліятэкі — зусім наадварот. Не раўнуючы — найважнейшыя сацыяльныя службы. І не прастойваюць гэтыя ўстановы культуры пустымі, а поўняцца людзьмі. Але ў гэтым лепш пераканацца самому, наведаўшы адну з кніжніц асабіста, як зрабіла ў нядзелю я. І вось якім атрымаўся мой адзін дзень з жыцця бібліятэкі. Дарэчы, а вы даўно бывалі ў бібліятэцы?

/i/content/pi/cult/563/12345/6-1.jpgМой выбар быў не выпадковым. Мінская дзіцячая бібліятэка №1 па адрасе Гарадскі вал, 3. Самы цэнтр сталіцы. Прызнацца, апошнім разам наведвала яе даўнавата: мітусня і наяўнасць электроннага рыдара робяць сваю справу нават адносна аматараў кніг і ўласна бібліятэк. А вось у дзяцінстве ўсё было інакш: і час знаходзіўся, і сілы, каб кнігі тыя (а быў іх ладны стос) давезці з цэнтра ў свой спальны раён. Так што ў нядзелю я, лічыце, знаёмілася з установай свайго дзяцінства наноў, тым больш што раней ведала толькі адну яе функцыю — кнігаабмен.

Першыя чытачы завіталі яшчэ за дзесяць хвілін да яе афіцыйнага адкрыцця. Дарэчы, у выхадны дзень яна адчыняецца а 10-й гадзіне, як і ў буднія дні. Маладая мама нешта прыглядала для сябе на дарослым абанеменце, а вакол яе круцілася дзіця гадоў пяці. Марына Анатольеўна Сакалова, што якраз адказвае за гэтую прастору, тлумачыць мне: дзіцячая бібліятэка насамрэч працуе для людзей любога ўзросту (і, галоўнае, фонд можа задаволіць, у тым ліку, і інтарэсы дарослых), але акцэнт робіцца на дзецях. І яны ў такіх установах — галоўныя, прынамсі, тут: “дэшкі” (дашкольнікі), пачатковая школа, 6 — 8-я класы і амаль дарослыя падлеткі. Асноўная аўдыторыя першай дзіцячай бібліятэкі, як па абанеменце, так і па наведваннях наогул, — асобы да 15 гадоў уключна. Усяго база налічвае 4752 чытача без уліку філіяла. Часцей на старэйшы абанемент запісваюцца пяці-сямікласнікі, якія прыходзяць ва ўстанову ўжо без бацькоў. З самых жа сталых — бабулі па 75 гадоў.

Супрацоўніца ўстановы Вольга Богук з самага ранку занятая. Знаёмімся — і пачынаем рыхтавацца да мерапрыемства, што ўжо на носе — сямейнай сустрэчы па тэме “Вакол свету з літаратурнымі героямі: падарожжы па краінах і кантынентах”. “У мінулы раз сабралі многа сем’яў, таму вырашылі правесці дадатковую сустрэчу”.

Разнастайныя дзеі ў першай дзіцячай — справа сістэматычная, і гэта не “паказуха” для журналіста. Пачалі прыходзіць мамы з малымі: гэтым разам дарослых толькі трое, напэўна, справу падпсавала надвор’е не толькі з першым снегам, але і з галалёдам. Ганна, мама мо чатырохгадовай Арышы, пацвярджае: на імпрэзах зазвычай больш актыўнасці. У тым ліку дзякуючы ёй самой (гэта ўжо маё меркаванне), бо Ганна амаль заўсёды выступае як адна з арганізатараў, забяспечвае падтрымку бібліятэкі з боку бацькоў, частку творчага кірунку, каардынуе працу бацькоў з супрацоўнікамі бібліятэкі. Гэтым разам нават прывезла шарлотку. Вось і пытанне: ці кожная матуля здольная на такія “подзвігі выхаднога дня” і ці кожная бібліятэка гатова стаць на некалькі гадзін сапраўдным дзіцячым садком, па якім носяцца маленькія дзеці?

“Падарожжы па краінах і кантынентах” прайшлі паспяхова і не марна для прысутных дзяцей: яны атрымалі каліва неабходных ведаў пра Беларусь, нашых суседзяў, карту свету, прыроду. Маленькія гледачы, дарэчы, рэагавалі жыва, удзельнічалі ў дыскусіі, адказвалі на пытанні, дзяліліся сваімі меркаваннямі.

Пасля “лікбезу” і пачастунку дзеці разбегліся па калідорах (а бібліятэка прасторная: 2 паверхі ў “сталінцы” 1953 года), а дарослыя за гарбатай пачалі размову. Не пра цэны на малако і падарванае здароўе, а пра кнігі. І нічога больш арганічнага я даўно не чула. Аказалася, сярод сучасных бацькоў ёсць тыя, хто не проста ўважліва ставіцца да таго, што “спажываюць” іх дзеці. Мамы і таты сёння вельмі пераборлівыя ў выданнях, перакладах і нават ілюстрацыях да пэўных твораў і аўтараў. А выбраць на рынку дзіцячай літаратуры ёсць што, па сцвярджэнні тых жа бацькоў: ад класікаў (беларускіх ды замежных) да кніг зусім новых, якімі запоўненыя нашы крамы, выстаўкі-кірмашы і бібліятэкі. Якасная свежая дзіцячая літаратура, як аказалася, таксама дзеліцца на дзве групы: сапраўды цяперашняя і тая, якая даўно зарэкамендавала сябе за мяжой, але дайшла да нас толькі нядаўна. Беларуская літаратура на фоне агульнага кніжнага кантэксту выглядае сіратліва. Бацькі, якія сядзелі перада мной, сапраўды хацелі б больш глыбока знаёміць сваіх дзетак з роднай мовай, але… Не могуць знайсці такое ж прывабнае чытво для дзяцей, асабліва для дашкалят, як у замежных аўтараў.

На пытанне, чаму месцам сустрэч стала бібліятэка, прычым не тая, што каля дома, мамы адказалі наступным чынам: ім хацелася недзе бачыцца, мець зносіны, і кніжніца стала аптымальным рашэннем. А спагадны і кампетэнтны калектыў дзіцячай бібліятэкі № 1 скарыў іх, і месцазнаходжанне перастала быць праблемай.

Пад страху будынка на Гарадскім вале хто толькі не збіраўся. Сюды завітваюць псіхолагі, дызайнеры адзення, юрысты, настаўнікі, артысты, пісьменнікі з розных краін свету. Бібліятэчныя мерапрыемствы выйшлі за рамкі проста чытанняў і сустрэч: тут праводзяцца і прыродазнаўчыя эксперыменты, і інтэлектуальна-рухомыя квэсты, і гутаркі, і майстар-класы. Пра ўсё гэта мне распавяла тая ж Вольга (працуе ў бібліятэчнай сферы шэсць гадоў), якая збольшага і адказвае за кантэнт установы. Кожную ідэю найперш трэба зацвярджаць у кіраўніцтва, але маладыя кадры рабіць гэтага не баяцца, бо сустракаюць адэкватную рэакцыю на свае задумы. Бібліятэка таксама супрацоўнічае з некаторымі школамі Мінска і пасёлка Бараўляны, праводзіць вакацыйныя летнікі, дапамагае інтэрнатам літаратурай. Ды і сама ўдзячна прымае дапамогу: прэзентаваць кніжніцы можна друкаваныя выданні, лялькі, пазлы. Але кожная кніга, якая трапляе на паліцу бібліятэкі, праходзіць кантроль: яе правярае спецыяльны аддзел камплектавання (менавіта дзякуючы яго працы вы ніколі не знойдзеце ў дзіцячай установе тыя ж “50 адценняў шэрага”). Ён, апроч таго, ажыццяўляе выкананне замоў чытачоў, трымае кніжны баланс па горадзе...

Пасля ранішняга мерапрыемства вырашыла паназіраць за старэйшым пакаленнем супрацоўнікаў першай дзіцячай. Алена Мікалаеўна Казакова прыехала ў Мінск гадоў шэсць таму і адразу ўладкавалася сюды па спецыяльнасці. Некалькі апошніх месяцаў працуе на пасадзе намесніка загадчыка ўстановы. Аднолькава лёгка спадарыня Алена прапаноўвае тром розным чытачам літаратуру па іх запытах — пра кацянё Шмяка, азнаямленчую пра СНІД для малодшага школьнага ўзросту ды гістарычную пра вайну 1812 года на тэрыторыі Беларусі для групы падлеткаў. Пошук патрэбнай кнігі можа займаць пэўны час: і па электронным каталозе, і ў кнігасховішчы ў падвальных памяшканнях. А галоўны стэрэатып, з якім сутыкаюцца бібліятэкары, па словах маёй суразмоўцы, якраз тое, што многія лічаць іх працу занадта лёгкай (нават прымітыўнай) і маларухомай. На свае вочы ўпэўнілася ў адваротным: сучасны бібліятэкар сядзіць мала, думае шмат, шукае альтэрнатыўныя варыянты і стварае інтэлектуальны камфорт сваім гасцям. А яшчэ бярэ на сябе функцыю выхаваўчую. Я заўважыла, што нават у самай добрай бібліятэцы вялікая доля кніг мае сумнеўны характар: танныя раманчыкі, страшылкі, “палёныя” дэтэктывы. У бібліятэку прыходзяць людзі з самым розным літаратурным густам. Калі чытачоў ва ўзросце асабліва не пераробіш, то густ моладзі карэкціроўцы падлягае. Вось і ў гэтай бібліятэцы супрацоўнікі імкнуцца замяніць улюбёную многімі макулатуру тымі ж жанрамі, але ў больш якасным выкананні.

Пытаюся ў Алены Мікалаеўны пра грошы: ці зарабляе нешта бібліятэка, ці павінна яна гэта рабіць увогуле. Батутаў, прынтараў, міні-кавярні ўстанова не мае. Адзінае, за што дазваляе сабе браць грошы, дык за карыстанне камп’ютарам, але сума — сімвалічная. Разумею, тут палітыка такая: дзіцячая бібліятэка павінна быць максімальна даступнай, фінансавае пытанне можа стаць перашкодай, таму ў першай гарадской усё бясплатна, хоць гэта і не вельмі на карысць заробкам супрацоўнікаў. Дарэчы, яны — традыцыйна маленькія.

Цікавай мне падалася асоба і самага маладога члена калектыву. Яна Яблонская, студэнтка 4 курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, пайшла па шляху сваёй маці, што працуе бібліятэкарам у адным з невялікіх гарадоў Міншчыны. Дзяўчына чакае размеркавання і спадзяецца затрымацца менавіта ў першай дзіцячай. Падзялілася яна і трывожнай навіной: яе спецыяльнасць “Абслугоўванне дзяцей і юнацтва” наступным годам прыпыняе існаванне ва ўніверсітэце, як і шэраг іншых. Быць бібліятэкарам, атрымоўваецца, не прэстыжна... Але Яна будзе, і, я ўпэўнена, стане класным спецыялістам.

Дзень прайшоў незаўважна. Літаральна перад закрыццём дазволілі сабе печыва з гарбатай. Вакол нас лятае папугай Трышка, пастаялец бібліятэкі, у клетцы ціха шабуршаць мышкі, булькае акварыум — ну як дзецям тут можа не падабацца, думаю я? А Вольга падхоплівае маю думку аповедам пра нейкага Валянціна, які з заўсёдніка гэтай бібліятэкі пераўтварыўся ў высакакласнага спецыяліста. А яго бацькі ў свой час нават пужаліся такой нястрымнай цягі Валянціна да псіхалогіі і галіновай літаратуры…

Яшчэ адна цікавая гісторыя пра першую дзіцячую: аднойчы туды патэлефанаваў дзядуля і сказаў, што хоча завесці два чытацкіх білета на сваіх унукаў: аднаму чатыры гады, а другі сёння ў матуліным жываце паварушыўся. Чым не падарунак да дня нараджэння?

Фота аўтара
Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст