Аэрапорты замест замкаў

№ 49 (1227) 05.12.2015 - 11.12.2015 г

Як гуляць па правілах UNESCO
Тэма ўключэння беларускіх аб’ектаў у Спіс сусветнай спадчыны UNESCO ў нас абмяркоўваецца вельмі эмацыйна — нават “з прыдыханнем”. Навукова-практычны семінар “Ідэнтыфікацыя, дакументаванне і захаванне сусветнай культурнай спадчыны”, які сабраў у сціплай аўдыторыі Інстытута культуры Беларусі цэлую кагорту прадстаўнічых экспертаў з Германіі, засведчыў, што падыход да “паходу ў UNESCO” мусіць быць куды больш узважаным.

Замежнікі ў адзін голас раілі беларускім калегам адкінуць эмоцыі ды “ўключыць” прагматызм, ахвотна дзяліліся пакуль для нас малаўцямнымі сакрэтамі ды настойліва рэкамендавалі ўлічваць міжнародную кан’юнктуру. Іх парады падаюцца асабліва важнымі, калі ўлічыць, што шэраг аб’ектаў, прапанаваных нашай краінай у сусветную скарбонку, вось ужо каторы год завіснуў на стадыі падрыхтоўчага спісу.

Запаўненне прабелаў

Разважаючы, які з айчынных аб’ектаў варты UNESCO, мы зазвычай кіруемся прынцыпам аналогіі ды вышукваем у родных пенатах нейкія адпаведнікі тых “шчасліўцаў”, якія ўжо патрапілі ў спіс. Дырэктар дэпартамента аховы спадчыны Берліна Ёрк Хаспел перакананы: такі падыход прынцыпова памылковы. Значна больш шансаў маюць акурат тыя аб’екты, якія аналагаў у спісе не маюць і тыпалагічна пакуль не прадстаўлены. Адзін з апошніх павеваў у эмпірэях UNESCO — менавіта запаўненне прабелаў.

Чаго ж не хапае ў спісе, які на сёння ўключае 1031 аб’ект? Натуральна, зусім не замкаў ды палацаў. Нямецкія эксперты з задавальненнем наведалі Мір і Нясвіж, але куды больш увагі звярнулі на зусім іншы помнік спадчыны — цэнтральны праспект Мінска. Іх меркаванне было аднадушным: аб’ект, які на сёння нават не прадстаўлены ў папярэднім спісе кандыдатаў у UNESCO, мае папраўдзе рэальныя шансы патрапіць у выніковы… Імпазантны прафесар універсітэта Котбус-Зенфтэнберг Майкл Шміт з гэтай нагоды падняў угару вялікі палец ды патлумачыў:

— Мінск, чый цэнтр з’яўляецца папраўдзе выбітным узорам сацыялістычнага горадабудаўніцва, ідэальна ўпісваецца ў той шэраг сталіц дзяржаў, што вядзе ад Масквы да Берліна.

Цалкам вытлумачальна, што большасць лакунаў у спісе UNESCO звязаны акурат са спадчынай ХХ стагоддзя — яе ўзоры панаўключаць удосталь яшчэ проста не паспелі. Навідавоку сусветная тэндэнцыя: той часавы адмежак, што аддзяляе ўтылітарны аб’ект ад статуса гістарычнага помніка, скарачаецца несупынна.

Гэта па-першае. А па-другое — важны не столькі эфектны від, колькі эфектная ідэя. Прыкладам, замежныя спецыялісты ўсур’ёз задумваюцца аб намінаванні ў спіс UNESCO… “жалезнай заслоны”! Прычым на ўвазе маецца не толькі яе канкрэтнае ўвасабленне — парэшткі Берлінскага мура, — але ўвогуле мяжа паміж колішнімі геапалітычнымі антаганістамі.

— Тут можна казаць не толькі пра культурную спадчыну — скажам, рэшткі памежных альбо фартыфікацыйных пабудоў, — але нават і пра ўнікальныя ўзоры прыроднай спадчыны, сфармаваныя там, дзе праходзіла мяжа, — распавядае Ёрк Хаспел, дэманструючы зробленыя з верталёта фотаздымкі, на якіх “заслона” і сапраўды выразна прасочваецца ў 
ландшафце.

Нам, здавалася б, нават і выдумляць нічога не трэба — у адрозненне ад тых краін, якія рыхтуюць да ўключэння ў спіс, скажам, старыя аэрапорты і касмадромы. Спробы горадабудаўнічай утопіі ў Мінску выклікаюць у замежнікаў стабільны і непадробны інтарэс. Гэта не заўсёды можна сказаць пра нашых суайчыннікаў: беларуская сталіца і пагэтуль пазіцыянуе сябе праз усё, што заўгодна, але толькі не праз “горад сонца”.

Але, зразумела, нам трэба спяшацца. Як распавёў Ёрк Хаспел, у Польшчы і Германіі ўжо вядзецца праца над намінаваннем у Спіс сусветнай спадчыны аб’ектаў часоў сацыялізму. У той самы час, эксперт перакананы, што канкурэнцыя ў дадзенай галіне можа цалкам саступіць месца ўзаемавыгаднаму супрацоўніцтву.

Патрапіць у абойму

Гер Хаспел прапанаваў і яшчэ адзін актуальны для для нас алгарытм: серыйныя аб’екты. Ён вельмі просты: ёсць адна цікавая канцэпцыя, пад якую ў якасці ілюстрацыі падбіраюцца аднатыпныя помнікі. Уся “фішка” ў тым, што паасобку ніводзін з іх у спіс UNESCO ніколі б не патрапіў. Прыкладам, для Германіі гэта пабудовы перадавой некалі школы Баўхаус, якая спецыялізавалася на даволі ўтылітарнай і вонкава някідкай архітэктуры. Толькі спецыяліст адрозніць яе ад звыклай забудовы мікрараёнаў.

У дадатак, серыйная намінацыя можа ісці паэтапна: спачатку самы эфектны помнік, а потым, ціхай сапай… І самае галоўнае — яе цалкам магчыма зрабіць міжнароднай. Па словах гера Хаспела, гэта вельмі істотна павялічвае шансы прайсці праз сіта адбору. Пагатоў, перад нашымі вачыма ўжо ёсць добры прыклад: Дуга Струвэ, аб’екты якой знаходзяцца на тэрыторыі ажно дзесяці краін. Адпаведна, кожная з іх здолела дадаць па адным “ачку” ў свой нацыянальны спіс — і можа па праве гэтым ганарыцца.

Увогуле, варыянтаў міжнароднага супрацоўніцтва ў гэтай сферы — надзвычай шмат. Напрыклад, можна “прысуседзіцца” са сваімі аб’ектамі да тых заявак, якія падалі іншыя краіны, альбо сумеснымі намаганнямі прасоўваць трансмежны аб’ект сумеснага валодання — як гэта ўжо адбываецца сёння з Аўгустоўскім каналам, падзеленым паміж Беларуссю і Польшчай.

— Важна зразумець, што працэс намінавання — гэта не спаборніцтва паміж дзяржавамі, але магчымасці для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, — перакананы Ёрк Хаспел.

Безумоўна, надзвычайную важнасць тут мае такі фактар, як інтэграванасць беларускіх адмыслоўцаў у міжнародную супольнасць. Каб прапаноўваць супрацоўніцтва іншым краінам, трэба, прынамсі, ведаць, хто, дзе і чаму намінуе. “Жалезнай заслоны”, вядома, ніякай няма, але… Наўрад ці спецыяліст раённага альбо абласнога ўзроўню рэгулярна п’е каву са сваім польскім павятовым ці ваяводскім калегам.

Уласна, менавіта таму і здарыўся пэўны казус. Уедлівыя нямецкія эксперты са здзівам запрыкмецілі, што міжнародныя намінацыі, у якіх удзельнічае наша краіна, лічацца міжнароднымі толькі ў нас. Беларусь уключыла ў свой прэвентыўны спіс драўляныя цэрквы Палесся (разам з Украінай) і храмы абарончага тыпу (разам з Літвой і Польшчай). Але ў спісах згаданых дзяржаў такіх пазіцый няма.

Унікальны, альбо…

Начальнік аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інстытута культуры Беларусі Ала Сташкевіч, якая выступіла непасрэднай каарадынатаркай семінару, пагаджаецца з тым, што павевы “юнэскаўскай” моды” да Беларусі пакуль не даходзяць.

— Мы маем шчыльныя міжнародныя кантакты, датычныя Канвенцыі па ахове нематэрыяльнай спадчыны: вядзем грунтоўную перапіску, атрымліваем і перакладаем усе дакументы і ў курсе ўсіх наваўвядзенняў, — кажа яна. — А вось што да спадчыны матэрыяльнай… Мы, па сутнасці, нават не ведаем, што адбываецца ў свеце, не маем доступу да апошніх публікацый.

Менавіта таму семінар, які сабраў “топ-менеджараў” рэгіянальнага звяна ў сферы аховы спадчыны Беларусі, быў надзвычай карысны для сваіх слухачоў. Ала Сташкевіч спадзяецца, што супрацоўніцтва стане рэгулярным, а ўслед за гэтай падзеяй пройдуць і іншыя. Таксама нямецкія эксперты могуць стаць карыснымі кансультантамі пры падрыхтоўцы файлаў намінацый, дзе “погляд збоку”, вядома ж, у любым выпадку не зашкодзіць.

Зрэшты, пакуль што ў нас яго прымаюць далёка не ўсе. Падчас семінару не раз узнікалі характэрныя дыскусіі з прыблізна аднолькавым сюжэтам: беларускія спецыялісты сіліліся даказаць, нібы той ці іншы айчынны аб’ект з’яўляецца папраўдзе ўнікальным у сусветным маштабе, а немцы ў адказ прыводзілі аналагі, часам знаходзячы іх нават на іншых кантынентах.

Без сумневу, падобная спрэчка мае рытарычны характар: усе мы ў нечым унікальныя, а ў нечым — падобныя. Але, як мяркуюць дасведчаныя замежныя эксперты, шукаць падабенствы ў дадзеным выпадку куды больш карысна для справы. І таму эпітэты кшталту “ўнікальны” і “непаўторны” спецыялісты раюць выкарыстоўваць там, дзе ім самае месца — у рэкламных буклетах і турыстычных даведніках. А вось пры падрыхтоўцы дасье ў UNESCO варта рабіць ухіл на іншыя крытэрыі.

На думку Ёрка Хаспела, той жа Аўгустоўскі канал можна было б паспрабаваць дапасаваць да ўжо створанай міжнароднай намінацыі, якая ўключае падобныя гідратэхнічныя аб’екты таго самага часу з розных краін. Але для гэтага беларускім спецыялістам варта было б не столькі акцэнтаваць увагу на ўнікальнасці беларускага аб’екта, колькі, наадварот, шукаць паралелі паміж ім ды іншымі помнікамі каналабудаўніцтва. Што, у сваю чаргу, немагчыма без грунтоўнага кампаратыўнага аналізу.

Нямецкія эксперты ў адзін голас адзначалі: падрыхтоўка намінацый у Спіс сусветнай спадчыны ні ў якім разе не павінна адбывацца сіламі пары-тройкі энтузіястаў у вольны ад іх асноўнай працы час: гэта сур’ёзны працэс, які патрабуе паслядоўнасці. Вельмі цікава было назіраць у гэты момант за тварамі беларускіх спецыялістаў, на якіх адна за адной з’яўляліся сумныя ўсмешкі.

— Карыстаючыся міжнароднымі практыкамі, для падрыхтоўкі намінацыі трэба ствараць адмысловую рабочую групу, якая б складалася з разнапрофільных спецыялістаў — гісторыкаў, мастацтвазнаўцаў, рэстаўратараў… — тлумачыць Ала Сташкевіч. — Да ўсяго, папраўдзе неабходным я лічу абавязкова ўключаць у яе замежных экспертаў — нашы, як я ўжо казала, даволі ізаляваныя. Прычым гутарка зусім не пра прафесійную кампетэнтнасць, але менавіта пра “ўбудаванасць” у тыя самыя міжнародныя трэнды.

Здавалася б, падрыхтаваць невялікае дасье аб’екта з адпаведным візуальным матэрыялам пад сілу ледзь не студэнту. І таму “наш чалавек” здатны моцна здзівіцца, пачуўшы, што гэтая справа вымагае немалых выдаткаў. Тым не 
менш, як адзначыла Ала Сташкевіч, нюансаў тут — процьма. Нават лексіка:

— Трэба разумець, як у такіх дакументах будуюцца фразы, якія ідыёмы для іх уласцівыя, як правільна расставіць акцэнты. Як паказвае наш досвед, просты перакладчык на англійскую з такой задачай не справіцца, таму патрэбны прынамсі вельмі кваліфікаваны рэдактар.

Няма сумневу ў тым, што прапанаваныя нямецкімі экспертамі ідэі здатныя выклікаць у многіх нашых суайчыннікаў хіба што неўразуменне. Маўляў, нам бы Крэўскі замак уратаваць, а вы тут кажаце пра нейкія аэрапорты альбо “сталінкі”…

Яно і зразумела: надта розны ў нас і ў іх гістарычны кантэкст. Калі мы спакваля адраджаем ды ментальна засвойваем уласны “залаты фонд”, стомленыя ад сваіх замкаў ды сабораў заходнееўрапейцы актыўна шукаюць “нешта новенькае”. Але тут варта адразу ўлічыць, што дзейнасць па прасоўванні нашых аб’ектаў у Спіс UNESCO ад пачатку скіравана менавіта на экспарт. Адпаведна, прыярытэты тут могуць быць цалкам іншыя. Як і ўвогуле стаўленне да гэтай справы.

Яшчэ адзін госць з Нямеччыны, прафесар Вольфганг Шустэр, выказаў папраўдзе правакацыйную думку: тыя немалыя грошы ды высілкі, якія выдаткоўваюць дзяржавы, каб прасунуць свае пазіцыі ў Спіс сусветнай спадчыны, куды больш рацыянальна выкарыстаць для вырашэння праблем таго ці іншага канкрэтнага помніка. Маўляў, для самой сусветнай спадчыны гэта было б нават лепей. Але калі ўжо палітыкі ды грамадскасць ва ўсім свеце лічаць інакш, спецыялістам нічога не застаецца, як толькі гуляць у гэтую гульню. І гуляць у яе трэба па правілах.