Як з Гётэ сустрэліся (б) Караткевіч з Кашкурэвічам

№ 49 (1227) 05.12.2015 - 11.12.2015 г

Пра што творцы розных часоў маглі пагутарыць на Парнасе
У 1970-я на адной з прыступак Парнаса сустрэліся беларусы — мастак Арлен Кашкурэвіч і пісьменнік Уладзімір Караткевіч. А натхняльнікам гэтай сустрэчы стаў… нямецкі паэт Ёган Вольфганг Гётэ, трагедыю якога “Фаўст” пераклаў на беларускую мову Васіль Сёмуха. Для першага выдання перакладу мастак рабіў ілюстрацыі, а пісьменнік каментаваў іх, завітаўшы да сябра на Парнас. Такім Парнасам стала майстэрня Кашкурэвіча, дзе і адбылася (а чаму б, у рэшце рэшт, і не?) сустрэча беларусаў з вялікім алімпійцам. Прынамсі, так пра тое спатканне мне распавёў Арлен Міхайлавіч, а сёе-тое для стварэння палілогу дадала аўтар гэтых радкоў.

/i/content/pi/cult/563/12340/15-1.jpg(Працяг. Пачатак у № 48.)

— На мой погляд, самай важнай праблемай, пастаўленай у творы, — Арлен Кашкурэвіч звяртаўся непасрэдна да Гётэ, — з’яўляецца праблема адказнасці творчай асобы — вучонага, мастака і гэтак далей — за свае дзеянні. Таму што прага спасцігнуць Ісціну можа прынесці і Вялікае Зло. Можна згубіць самога сябе. Таму што на шляху да Ісціны шмат перашкод, спакусаў…

Размова ў майстэрні прыпынілася. Чалавечы мозг як крыніца разбурэння — гэта не толькі думка вучоных, але і клопат мастакоў слова, — падумалася беларускім творцам. Гётэ глядзеў у будучыню вачыма стогадовага Фаўста. А куды завітаў мастак, якія далягляды расчыніліся перад ім, калі ў келіху з атрутаю выразна акрэсліліся абрысы-лініі чалавечага мозгу? Што, іх позірк дасягнуў да сцен Чарнобыля? Але на двары ўсяго толькі 1976-ы…

Трохі здзекліва паглядаючы на прысутных, са сваёй вяршыні-крэсла каля вакна азваўся Гётэ: “Зямны бажок нязменны… адна бяда — не задзіраў бы нос… — паэт трохі марудзіў, нібы выбіраў самыя прывабныя кавалкі тэксту. — Святло тваё ён розумам заве і з ім усё-такі жывёлінай жыве”…

— Тут прасочана, выяўлена і высветлена ўся гісторыя трагічных пошукаў Фаўста, — горача азваўся Караткевіч. Пісьменнік, стоячы недалёка ад Гётэ, усё ж глядзеў не на яго, а проста ў акно ці, можа, нават некуды ўдалячынь, адсочваючы іншыя вобразы, другія далягляды…

— Часам я змяшчаю ў ілюстрацыі элементы, якіх няма ў літаратурным творы, бо пераношу вобразы з аднаго твора ў іншы, — Кашкурэвіч тым часам непасрэдна звяртаўся да Гётэ. — Таму што сучасная ілюстрацыя — не проста адлюстраванне сюжэта. Гэта і развагі аб прачытаным, і яго тлумачэнні. Часам нават спрэчка з аўтарам.

Вялікі алімпіец заўсміхаўся: “Калі ўначы пад непраглядным змрокам схаваных таямніц не выкрыў ты ні розумам сваім, ні сэрцам і ні зрокам, — навошта тыя рычагі, вінты…” Было відавочна, што ён з добрай доляй адабрэння, хоць і з кропляй скепсіса, разглядаў і малюнкі мастака, і яго майстэрню, і яго самога. Можа, нават, бачыў у ім яшчэ аднаго Фаўста…

Нарэшце Караткевіч парушыў хвіліннае маўчанне. Быццам задыхваючыся, ён пачаў казаць, зноў узяўшы ў рукі ілюстрацыю першай сцэны і перадаючы яе сябру:

— Складаныя пераходы чалавека — ад задыханага рытму адчаю перад непазнавальнасцю прыроды да гордага ўздыму чалавечага гонару перад духамі, сярэдневечная цьмяная навука з яе лабірынтамі і горкае, гордае расчараванне ў ёй, высоты абстрагаванага мыслення і простыя чалавечыя словы…

Ставячы ілюстрацыю на станок, Арлен Кашкурэвіч падвёў быццам рысу пад гэтай сцэнай:

— Нарэшце Фаўст сыходзіць, сыходзіць незадаволены, каб пачаць шлях спасціжэння ісціны ў дзеянні, у адчуванні барацьбы жыцця і за жыццё, урэшце, не толькі барацьбы, але і радасці… Мабыць, трэба чытаць у душах жывых людзей…

Але Уладзімір Караткевіч не мог устрымацца, каб не толькі растлумачыць яшчэ нешта, але і дадаць добрыя словы пра свайго сябра тут, у прысутнасці Гётэ:

— Гэта вельмі своеасаблівы, па-новаму прачытаны, дужа сучасны “Фаўст”. “Фаўст” вар’яцкага веку войнаў, нейтронных бомбаў, маўтгаўзенаў, аўтамабільных гонак, трушчоб, наркотыкаў, рэгбі, дзікіх катастроф і самоты. І кожны мае права на свой апакаліпсіс…

Але мастак ужо ўзяў са стоса папер другую ілюстрацыю:

— Я бачыў свайго Фаўста менавіта інтэлектуалам, — цяпер ён углядаўся не столькі ў “свайго” Фаўста, колькі ў вялікага госця. Хударлявы, высокі, напружана-адухоўлены, скіраваны думкамі-парываннямі ўверх, з выразным адбіткам натхнёнай працы на рысах твару, чалавек, які не ўхіляецца ад нягод жыцця, — Гётэ. Такім яго, Гётэ, бачыць беларускі мастак у сваёй майстэрні. Але ж такім бачыць Кашкурэвіч і Фаўста, героя, які прыйшоў на гарадскую плошчу. — Дзеля захавання ўнутранай цэласнасці я не амалоджваю Фаўста… Фаўст сярэдніх гадоў. І павінен змяняцца ўнутрана. Праўда, многім не падабаліся яго сучасныя акуляры, агульны выгляд, які нагадвае шмат у чым сучаснага чалавека…

— Так, — быццам пагаджаючыся з мастаком, адказаў Гётэ. Ён узяў у рукі ілюстрацыю сцэны “Каля брамы”. — Гэта другая сцэна трагедыі. Паслухайце, што я пачуў ад людзей на плошчы ў святочны дзень. Ды ўсё пра адно і тое ж… “Я бургамістру нашаму не рады…. Падаткі новыя прыдумаў. Людзі, палёгкі не было вам і не будзе: маўчы, плаці, бо ўкінуць бізуноў”, — гэта ён, звычайны мешчанін. А што, другі лепшы? “На свята ці ў нядзелю мне прыемна паслухаць гутарку аб сварках, войнах… што людзі недзе рэжуцца ўзаемна…” А можа, трэці іншы? “Хай б’юцца, душацца на ліха, хай дагары нагамі ўсё паедзе, абы — у нас было спакойна, ціха…”

— Гэта не спартыўнае спаборніцтва, — умяшаўся Уладзімір Караткевіч. — Гэта барацьба нейкіх сіл… калі ў нейкім ашалелым рэгбі кідаюцца за мячом (ці за шарам зямным?) людзі-робаты, а пад нагамі іхнімі плача чалавечае дзіця — ісціна…

На ілюстрацыі народ на плошчы згрупаваны ў форме верашчагінскага трохкутніка. Людзі нібыта аб’ядналіся, згуртаваліся, збіліся ў груду, у піраміду целаў, істот, якія не бачаць анічога, акрамя саміх сябе, акрамя аднаго — і гэта адно лунае, вітае, узносіцца над іх галовамі: мяч, ядро, а мо планета наша? Зямля ці нейкае іншае нябеснае цела, за якім так нахрапіста гоняцца ўсе дужыя, усе хцівыя — людзі, чэрці, нейкія прагныя да перамогі сілы, дзяржавы? Гоняцца, каб перахапіць адзін у аднаго, каб адабраць у асабістую ўласнасць мяч ці зброю, Зямлю ці само жыццё? На яго палююць, яго дамагаюцца, за ім гоняцца непераможныя, упэўненыя — за жыццём нашым, такім слабым, такім пяшчотным, такім безабаронным. Глядзіце! Глядзіце ўніз! Глядзіце туды, дзе гэты трохкутнік абапіраецца на зямлю. Але апірышча вельмі няпэўнае, у любы момант яно можа рухнуць, — і натоўп пахавае пад сабой дзіця, маленькае, бездапаможнае, толькі з мацярынскага лона. Дзіця, жыццё наша, жыццё ўсёй планеты нашай, усяго чалавецтва. Як гэта жахліва, як бессэнсоўна і — амаль непазбежна…

Арлен Кашкурэвіч спрабуе растлумачыць сэнс ілюстрацыі, нібы раптам абуджаны словамі сябра:

— Фаўст прыходзіць на плошчу, дзе барацьба, змаганне… Але гэта жыццё: барацьба і трагедыя. Ідэя барацьбы, дзеяння выяўлена праз вобраз нейкіх гладыятараў, або бейсбольнага матчу, або сярэдневечнага турніру. Свет змагання, процістаяння актыўны, але ж ён і мабілізуе чалавека, кліча да дзеяння, хоць часта вядзе да трагедыі. Вось гэтае дзіцятка… і жанчына, што бяжыць… вобразы трагедыі. Дзіцятка ці не раздушанае…

— Дзіця, дзіця, — зноў не вытрымаў Караткевіч. — Гэта ісціна, якая адолена, пераможана пірамідай…

— Я паставіў задачу вынайсці нешта такое, — палічыў неабходным пракаментаваць сваю задачу Арлен Кашкурэвіч, — што было б не проста па-за часам, а існавала б у розных часавых плынях, побач, калі дзеянне пераходзіць з аднаго пласта ў другі, з першага, скажам, вымярэння — у чацвёртае. Навукоўцы тлумачаць прысутнасць у сучасным жыцці нейкіх з’яў (мінулага ці будучага) змяшэннем часоў, прастораў. Але мне хацелася паказаць, што дзеянне нібыта адбываецца то сёння, то пераходзіць некуды ў Сярэднявечча, пераліваецца, цячэ з аднаго часу ў другі…

Гётэ, нібыта ўхваляючы гэтыя словы беларускага мастака, рушыў рукой, быццам перастаўляў фігуры на шахматнай дошцы. І ўзяўшы белага фярзя, паставіў яго побач з чорным.

— “Хто там? Каго там носіць супраць ночы?… Зноў я!... Чорта просяць тройчы… Павер — чым марнавацца ў кабінеце, шукай уцех на гэтым свеце… Я частка сілы той ліхой, дабро ўтвараецца з якой, — вось ён, мой Мефістофель, Мефістофель Фаўста — … я частка часткі, што Усім была, я частка цемрадзі — прычыннасці святла”, — Гётэ разглядаў іншыя ілюстрацыі — гэтым разам Фаўста і Мефістофеля.

Арлен Кашкурэвіч пачаў тлумачыць, ён быццам разважаў услых:

— Мне цяжка было ўбачыць свайго Мефістофеля, бо, здаецца, у Вас, Гётэ, ён больш хударлявы, “апрануты вандроўным шкаляром”. Потым перакладчык Васіль Сёмуха прапанаваў мне разглядаць Мефістофеля проста як “ідэю”. І раптоўна ўсё стала на сваё месца. Фаўст і Мефістофель — дзве душы, якія жывуць у адным целе, адлюстроўваючы барацьбу чалавека з самім сабою. Чалавека сам-насам перад выбарам. Са сваім сумленнем.

Уладзімір Караткевіч, таксама прыгадаўшы свае ранейшыя сустрэчы з перакладчыкам “Фаўста” на беларускую мову, гэтым разам пагаджаўся ўжо не з мастаком, але з Васілём Сёмухам:

— Мефістофель увогуле ўдаўся перакладчыку. Як і ў Гётэ, — прамоўца павярнуўся да вялікага немца і нахіліўся, нібыта аддаючы паклон Гётэ, — ніяк не можаш пазбавіцца думкі, што аўтар ім трохі любуецца. Так, нарабіў пад канец шмат дрэннага (трэба ж яму апраўдаць сваю рэпутацыю), так, у’едлівасць. Але, нягледзячы на ўсё наноснае, ён багаборца, а значыцца, у сім-тым блізкі да ўвасобленага чалавека. Нахабны, дзёрзкі, вясёлы, злосны, — тут Караткевіч усміхнуўся, — і надзіва сімпатычны. Сапраўдны іронік, хітруга, сафіст, цынік — і істота, якая чыніць дабро…

Караткевіч, не спыняючыся, выцягваў думкі, якія так выразна, паслядоўна складваліся ў свядомасці, прыспешваючы адна адну:

— Уладар дзіўнай, але цалкам натуральнай дыялектыкі: жыць — каб адмаўляць. Частка цемры, якая спарадзіла святло. Мефістофель, як кожны прывід, створаны людзьмі, і, паколькі “на яго можна”, людзі прыпісвалі яму ўсе горшыя якасці саміх сябе. Каб апраўдаць сваё поўзанне на жываце перад уладамі, расперазанымі хамамі-ваякамі і светам гвалту. А таму іронію ягоную назвалі зласлівасцю, праўду — дэманізмам, а ўедлівасць — нянавісцю да людзей.

Нарэшце Караткевіч спыніўся, і ў майстэрні на нейкі час запанавала цішыня…

(Завяршэнне палілогу — у наступных нумарах “К”.)

Галіна АДАМОВІЧ, доктар філалогіі, прафесар кафедры беларускай літаратуры і культуры БДПУ імя Максіма Танка