Просты кодэкс цудоўнага

№ 49 (1227) 05.12.2015 - 11.12.2015 г

Modus vivendi Уладзіміра Хіна
Мастацтва Уладзіміра ХІНА — гэта роздум пра свет і чалавека, пра “natura rerum” (прырода рэчаў і светабудова); гэта сімбіёз адлюстравання і слова, прасторы і часу, літары-знака і лініі, чорнага і белага, дакладнага шрыфта і дэкаратыўнага “павуціння”, прадметнасці і абстракцыі, рацыянальнасці і пачуццёвасці. Ён па сваёй натуры — інтуітыўны мысляр-інтэлектуал, які самастойна прыйшоў “да сябе”. І таму яго ўвагу прыцягваюць толькі тыя мудрыя пісьменнікі, якія блізкія яму па духу, якія падыходзілі да свайго асэнсавання свету па-філасофску і ў той жа час імкнуліся паказаць чытачу ў сваіх творах, што ісціна дзесьці побач з імі, а сусветную ісціну знайсці цяжка: можна яе перажыць толькі сэрцам, і тым самым дайсці хаця б крыху да ейнай сутнасці. Менавіта такая “формула” самога мастака, выпакутаваная яго семідзясяцігадовым жыццём і лёсам, не падобным да іншых калег.

/i/content/pi/cult/563/12339/14-1.jpgПрычым Хін робіць не ілюстрацыі ў звыклым для нас сэнсе: асэнсоўваеш літаратурны тэкст і строга па яго змесце ствараеш адпаведнае мастацкае афармленне ад супервокладкі і форзаца да ўласна “карцінак” і гэтак далей. Не, у яго самастойныя станковыя аркушы выставачнага ці альбомнага памеру, дзе выказаны асабістыя перажыванні мастака ад прачытанага, пабачанага, асэнсаванага. Такія серыі гравюр па матывах паэзіі Веліміра Хлебнікава, Фёдара Цютчава, Райнера Марыі Рыльке, Лявона дэ Грэйфа, паэмы “Метамарфозы” Авідзія, рамана “Сцяпны воўк” Германа Гесэ. У стварэнні рытмічнай і кампазіцыйнай пабудовы гравюр актыўна ўдзельнічаюць тэксты кніг, якія мастак то размяшчае цэлым блокам у цэнтры, уверсе, унізе аркуша, то ўплятае ў напышлівы, мудрагелісты, карункавы, гранічна насычаны, канцэнтраваны лінейны арнамент, які запаўняе сабой усю прастору.

А побач сотні (менавіта сотні!) эстампаў, створаныя ў матэрыяле лінагравюра і абразная гравюра на дрэве, а таксама туш, акварэль, аловак. У яго мастацтве вялікія серыі (“Ад Хіна — Веліміру Хлебнікаву”, “Прысвячэнне Веліміру Хлебнікаву”, “Метамарфозы”, “Новы Запавет”, “Хто ёсць хто”, “Кветкі”, “Кампазіцыі”, “Альтэрнатыўныя сувязі”, “Фёдар Цютчаў”) суседнічаюць з асобнымі самастойнымі аркушамі-роздумамі накшталт “Сусвет цішыні”, “Пачатак — дзень жыцця”, “Усё забраў у мяне…”, “Уяўленне”, “Паэзія”, “Хваля і дума”, “Вечнае вяртанне”, з дыптыхам “Чарнобыль”: гэтыя і іншыя творы разам з часткамі некаторых цыклаў сёння можна пабачыць у экспазіцыі музея.

Канешне, развагі крытыка — гэта неабходнасць, асабліва, калі аўтарскае мастацтва, заснаванае на складаных метафарах і асацыяцыях, не вельмі простае для вокамгненнага глядацкага ўспрымання. Але не менш важна паслухаць самога мастака: што ён скажа пра “час і пра сябе”. У рэдакцыі “К” мы з Уладзімірам Андрэевічам гутарылі больш за дзве гадзіны. Я задаваў пытанні — ён ахвотна, няспешна, абдумваючы кожную фразу, адказваў. (Дадам, што Уладзімір Правідохін (творчы псеўданім — Хін) жыве і працуе ў Беларусі з 1985 года). І вось што атрымалася ў выніку.

Што было “да таго”

— Нарадзіўся я ў Бранску ў год Вялікай Перамогі. Праз некалькі дзён, 11 снежня, мне якраз споўніцца поўныя семдзесят гадоў. Узрост, канешне, — не жартачкі, але я па жыцці аптыміст і веру, што ў мяне наперадзе яшчэ будуць магчымасці зрабіць у мастацтве тое, што да сёння не паспеў. У пачатку 1960-х у Бранску скончыў выяўленчую студыю Віктара Вараб'ёва, выдатнага педагога і мастака, паслядоўніка жывапіснай школы сурыкаўскага кірунку. А ў 1975-м — Кіеўскае мастацка-прамысловае вучылішча (цяпер Кіеўскі дзяржаўны інстытут дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і дызайну імя Міхаіла Байчука). Вучыўся ў педагога Віктара Маламуда. Дарэчы, у розныя часы тут займаліся такія знакамітыя асобы ХХ стагоддзя, як Аляксандра Экстэр, Пётр Мітурыч, Аляксандр Асьмёркін, Арыстарх Лянтулаў, Аляксандр Тышлер, Леанід Хіжынскі, Аляксандр Архіпенка. Так што згаданая школа для мяне была і ў гэтым, “гістарычным”, ракурсе памятнай. Пасля заканчэння вучылішча стаў выстаўляцца — станковай графікай, экслібрысамі, плакатамі — на рэспубліканскіх і ўсесаюзных выстаўках, на некаторых міжнародных, дзе аднойчы атрымаў прэстыжную прэмію за плакат. Некаторы час працаваў у Бранскім аддзяленні Мастацкага фонду РСФСР. Адслужыў у арміі...

А што “пасля”

— А пасля лёс так распарадзіўся, у тым ліку і па сямейных абставінах, што я апынуўся ў Беларусі, якая і стала для мяне, думаю, ужо назаўсёды, другой радзімай. І вось зараз таксама своеасаблівы юбілей: роўна 30 гадоў жыву і працую разам з любімай жонкай Таццянай, маёй адзінай Музай, у горадзе Мінску. Шмат выстаўляюся — і ў розных гарадах нашай рэспублікі, і ў расійскіх. Так, мае апошнія персанальныя выстаўкі — гэта Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Музей сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Полацкі нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік, мемарыяльны Дом-музей Веліміра Хлебнікава ў Астрахані. Я ўжо не кажу пра тое, што шмат сваіх твораў я падараваў розным музеям на постсавецкай прасторы, ёсць мае творы ў краінах далёкага і блізкага замежжа. Лічу, што сваім мастацтвам я служу добрым людзям. І гэтым жыву, ніколі не думаючы ні пра “крутыя” ганарары, камерцыю, закупкі, ні пра прасоўванне сябе на “цёплыя” мястэчкі ў нейкія суполкі, саветы, камісіі… Для мяне, акрамя любімага мастацтва і сям’і, больш нічога не існуе. Можа таму мяне часам называюць па-кантаўску: “рэч у сабе”… Такі мой modus vivendi — вобраз жыцця… Хачу, гаворачы словамі Осіпа Мандэльштама пра Хлебнікава, каб мая творчасць была “не на ўчора, не на сёння, а назаўсёды”… Вось ты пытаешся: чым мяне прыцягвае тэкст у гравюры? Скажам, у маіх прысвячэннях Максіму Багдановічу, Алесю Разанаву, Веліміру Хлебнікаву, Марку Шагалу, Лаа Цзы, Герману Гесэ, Фёдару Цютчаву… Адказ просты. Гэта працяг сусветных традыцый і распрацоўка новых магчымасцей сінтэзу мастацтваў. Слова павышае вобразна-пластычную прастору гравюры, паглыбляе метамарфозы Неба, Зямлі і Чалавека ў яго духоўным ўзыходжанні. Узаемапранікненні слова і адлюстравання ствараюць новую вобразна-выяўленчую прастору гравюры, дзе паэзія, знак літары і гравюра існуюць на роўных. Так, я люблю літару за яе роднасць з гравюрай, бо яны, так бы мовіць, адной пароды, адной крыві…

Пра сутнасць мастацтва

— Пра гэта можна шмат гаварыць. Але сціпла скажу так. Я цвёрда ўпэўнены, што творчасць — персанальная, за яе — асабістая адказнасць. Галоўнае — бачыць сябе ў плыні і не замінаць іншым. Каб мы заўсёды памяталі пра сваю смяротнасць, зла паменшала б… У любых твораў сваё жыццё. І аўтару яны ўжо не належаць. Усё ідзе як у пясочным гадзінніку. Мы малюем, пішам, робім кінафільмы, складаем музыку, ставім спектаклі — ствараем помнікі на пяску Вечнасці. Вось упала апошняя пясчынка, рука Вечнасці пераварочвае гадзіннік і ўсё пачынаецца ізноў… Але гэта ўжо новыя тэксты, новыя творы… Паўжыцця кожны выкараняе сябе сапраўднага з сябе, падганяе ўласную душу, думкі, цела пад фальш, умоўныя нормы быцця. І гэта замест таго, каб ісці насустрач сабе! Узрост, які даганяе нас на Шляху, усё ж не галоўнае: старэе ж цела, а дух належыць Вечнасці і заўсёды малады (па сабе ведаю), бо не мае ні пачатку, ні канца. Памылкі, крыўды, спрэчкі, азарэнні, здрада, вечнасць — гэта ўсё нашае: кепскае і добрае, наша ўзыходжанне да саміх сябе. Думаю, што ў кожным з нас ёсць іскра спрадвечнага святла, бо мы частка гэтага грандыёзнага Сусвету. Мы вандроўнікі ў лабірынце жыцця. Космасу мы належым больш, чым Зямлі. Яна несувымерная з Космасам, і кожны праходзіць у свет са сваёй Чашай. Кожны вяжа і разблытвае свае вузельчыкі. І гэта — цудоўна! Вочы на нашым твары — не толькі проразі, як у рыцарскім шлеме, гэта вочы Сэрца, Душы, Духа!.. Мабыць, мне пашанцавала ў пэўную пару майго жыцця. Я ўсё змяніў, бо па-іншаму зірнуў на сябе і не пабаяўся пачаць нанова. І цяпер жыву перакананы, што ўсім рухае Любоў.

Што чакае нашу гравюру ў будучыні

— Сёння гэта цяжка ўявіць, калі ўсё так імкліва развіваецца. Але я спадзяюся, што сярод супертэхналогій будучыні гравюра застанецца ў той жа якасці, як і сёння. Праўда, мяркую, з часам гравюра можа стаць элітарным заняткам. І яшчэ я вельмі шкадую, што маладыя мастакі не надаюць гравюры той увагі, якой патрабуе наш чорна-белы час з мноствам каляровых адценняў. А кожны мастацкі твор патрабуе новага падыхода, новай мовы з новымі законамі, формамі і рытмамі. Кожная новая кампазіцыя ў кантэксце часу і прасторы мае свае заканамернасці, свае вобразы і пластыку, якія і вызначаюць разнастайную структуру, скажам, жывапіснай карціны ці абразной гравюры на дрэве. Зразумела, што такая структура абумоўлена ідэяй, задумамі, намерамі аўтара. Твор — гэта душэўны стан, які пачынаецца асабіста для мяне як бы не вельмі пэўна, можна сказаць, раптам: ад выпадковай падзеі, нечаканага ракурсу, нейкага асвятлення ў прыродзе, дэталі, цікавага прадмета, што трапіў у поле зроку, — і тут сваю ролю адыгрываюць мастакоўская інтуіцыя і вопыт. Але да гэтага ўсяго трэба быць падрыхтаваным. Што казаць? Творчасць — гэта работа не толькі з натурай, не толькі яе вывучэнне, але і работа над сабой. У прыроды неабходна вучыцца, каб улавіць гармонію яе разнастайных рытмаў і ўзаемаадносін, каб зразумець поліфанію і метамарфозу манізму сусвету. Толькі тады можно стварыць свой свет у адпаведнасці з уласнымі пачуццямі, веданнем справы і ўнутранай рацыянальнай логікай.

Што для яго галоўнае

— У сваіх сусветах я — Чалавек. У мяне хапае шчасця, каб радавацца і жыццю, і сваёй любімай справе, якой мяне адарыў Бог. Канешне ж, і ў мяне бываюць хвіліны, гадзіны і нават дні незадаволенасці сабой. Але на выручку заўсёды прыходзіць творчасць. Проста не даю сабе расслабіцца. А пачынаеш займацца маляваннем — і сумневы ў сваім душэўным дабрабыце паспяхова застаюцца ў мінулым. Гэта для мяне галоўнае. Многія гледачы і мастацтвазнаўцы лічаць мяне “чыстым” графікам, майстрам знакавых сістэм, але я шмат займаюся і алейным жывапісам (акрыл не люблю). Аднак мала каму паказваў свае карціны. Вось зараз вырашыў у Нацыянальным мастацкім музеі, акрамя звыклай чорна-белай гравюры, упершыню “адкрыцца” жывапіснымі творамі, каб паказаць іх гледачам, ды і самому паглядзець на іх як бы збоку, таму што ўсю экспазіцыю збоку лепш відаць у выставачнай зале. Урэшце, і ў сваіх карцінах я стаўлю перад сабой прыкладна тыя ж задачы метафізічнага, па-філасофску разважлівага асэнсавання свету, што і ў чорна-белай графіцы. Імкнуся, каб кожнае палатно мела свой унутраны, матэматычна вывераны музыкальны рытм, дзе кожны мазок, кожная пляма, лінія, структурная рытміка валодалі ўласным жыццём. У гэтым плане мне вельмі блізкія думкі з санаціны паважанага мной калумбійскага паэта-авангардыста Лявона дэ Грэйфа:

Я заўсёды жыву так, як адчуваю.

Я заўсёды думаю, як адчуваю, і адчуваю так, як пішу,

а пішу — як дыхаю: водарам, рытмамі ды рознымі

захапленнямі, слязамі, спазмамі,

салёнымі, церпкімі, немысленнымі мыслямі…

І вось што яшчэ хачу дадаць. Зразумела, што кожны мастак павінен несці ў свет гуманістычныя ідэі. Уласна, усё вялікае мастацтва грунтавалася і грунтуецца на высокамаральным падмурку. І гэта таксама аксіёма. Але менавіта гэтая аксіёма для мяне самая важная. Мой кодэкс просты: нельга гаварыць пра цудоўнае на нецудоўнай мове. Ці ж не так?

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"