Шчыраванне над “капейчынай”

№ 48 (1226) 28.11.2015 - 04.12.2015 г

Вопыт пазабюджэту на Чачэршчыне
Якія толькі платныя паслугі не прапаноўваюць сёння супрацоўнікі сферы культуры сваім наведвальнікам у Дамах культуры, бібліятэках, музеях і кінатэатрах… Напрыклад, бібліятэкары заахвочваюць да чытання дзяцей і падлеткаў з дапамогай прызоў, музейшчыкі апранаюць турыстаў у строі дам і кавалераў XVIII стагоддзя, а кіношнікі ладзяць дыскатэчныя мерапрыемствы ў фае кінатэатра! Усё гэта і многае іншае, натуральна, робіцца для таго, каб выканаць план ды папоўніць сваю пазабюджэтную “скарбонку”. А гэта, што ні кажы, — рэальная “капейчына”, якую можна выкарыстаць на набыццё таго ці іншага абсталявання, а, магчыма, і скарыстаць на выплату прэмій супрацоўнікам. Гэтым разам прадстаўляем цікавосткі пазабюджэтнай дзейнасці культработнікаў Чачэрскага раёна Гомельшчыны.

/i/content/pi/cult/562/12328/7-1.jpgКрышку за кніжку

Бібліятэкры Чачэршчыны ў плане атрымання пазабюджэтных даходаў — наперадзе ўсіх культработнікаў раёна. Кажу гэта без перабольшання: столькі самых разнастнайных платных паслуг (агулам каля 25) мне не даводзілася бачыць ні ў якой іншай бібліятэчнай сетцы Беларусі. Праўда, “шчыруюць” бібліятэкары Чачэрска на пазабюджэтнай ніве не з лёгкага жыцця: па словах дырэктара мясцовай ЦБС Людмілы Хрысцінай, сёлетні план платных паслуг павялічыўся на 25% ад мінулагодняга і складае прыкладна 50 мільёнаў рублёў. Сума, як бачыце, немалая, і менавіта яна вымушае супрацоўнікаў ладзіць “мазгавыя штурмы” і нарошчваць віды паслуг для наведвальнікаў.

Апроч традыцыйнага ксеракапіравання ды раздруковак, выдачы кніг з чытальнага зала ды сканавання тэксту, мясцовыя бібліятэкары сёння брашуруюць, ламініруюць дакументы, шукаюць патрэбную чытачам інфармацыю ў Інтэрнэце і нават наразаюць паперу. А яшчэ ствараюць электронныя прэзентацыі ды буклеты, афармляюць і друкуюць бланкі, візіткі, граматы, запрашэнні ды фотаздымкі, выдаюць на дом кампакт-дыскі, а таксама набіраюць па замове тэксты на беларускай мове (дадзеная паслуга, дарэчы, каштуе ў два разы больш, чым набор тэксту па-руску).

Пры ўстанове культуры сёння дзейнічае дзіцячы тэатр лялек “Флорык”. Дык вось, касцюмы для прадстаўленняў калектыву шыюць самі бібліятэкары, якія да таго ж удзельнічаюць у яшчэ адным “дарослым” тэатральным гуртку, створаным пры ўстанове культуры. Іхні тэатр “Кнігаўка” паказвае спектаклі ў дзіцячых садках, працуючы такім чынам на выкананне плана платных паслуг. А яшчэ бібліятэкары з выгодай выкарыстоўваюць наяўныя ў іх сцэнічныя касцюмы: здаюць іх у арэнду для праведзення ранішнікаў і святочных імпрэз у тых жа садках Чачэрска...

Але ж, натуральна, не ўсё вымяраецца платай. Да прыкладу, у раёне вельмі добра сябе зарэкамендавала бясплатная акцыя “Вазьмі кніжку — атрымаеш крышку”. Сэнс акцыі ў тым, што падчас працы аўтабібліятэкі кожны чытач у прыдачу да кніжкі атрымліваў і закатачную крышку — што ні кажы, а патрэбную ў гаспадарцы рэч, асабліва падчас летніх і асенніх закатак варэнняў ды саленняў.

Таксама варта згадаць і тое, што ў навагоднія і калядныя святы бібліятэкары, перапранутыя ў Дзеда Мароза і Снягурку, наведваюць кватэры сваіх актыўных чытачоў, вітаюць іх цёплым словам і дораць сімвалічныя падарункі — святочныя паштоўкі ды календары… А яшчэ супрацоўнікі райбібліятэкі некалькі разоў ладзілі ў сваёй установе акцыю “Ноч у бібліятэцы”, на якую збіраўся амаль увесь горад… І хоць названыя праекты не прынеслі фінансавых дывідэндаў, хто ведае, колькі ўдзячных чытычоў атрымалася прыдбаць такім чынам?

У кінатэатры: вяселлі, танцы і вада

Не адстаюць ад бібліятэкараў і кіношнікі. Дырэктар “Чачэрсккінавідэасеткі” Сяргей Мельнікаў з парога паведаміў: за студзень-верасень бягучага года ягоная ўстанова зарабіла каля 200 мільёнаў рублёў на платных паслугах. І гаворка тут — не толькі пра традыцыйныя білеты.

— Справа ў тым, што аднымі білетамі сёння многа не заробіш, — кажа Сяргей Леанідавіч. — Балазе, у кінатэатры не ўсталявана 3D-сістэма, “карцінка” не надта якасная, крэслы таксама не зусім камфортныя і патрабуюць замены. Таму людзей на кінасеансах у “Кастрычніку” не надта багата. Спадзяемся на рамонт сваёй установы культуры, але робім усё, каб выканаць план платных паслуг.

Якім жа чынам ідзе названая праца? Напрыклад, у сувязі з тым, што кінатэатр мае багата вольных плошчаў, сёння ягонае фае выкарыстоўваецца ў якасці дыскатэчнай залы. На танцы, па словах кіраўніка ўстановы, прыходзіць вельмі багата чачэрскай моладзі, бо дыскатэкамі кіруюць дзі-джэі не толькі з Чачэрска і наваколляў, але і з Гомеля. А з 1-га студзеня, калі пры дыскатэцы будзе абсталяваны міні-бар, колькасць удзельнікаў танцавальных вечароў у кінатэатры, безумоўна, павялічыцца. Прынамсі, Сяргей Мельнікаў не губляе на гэта надзеі.

Дарэчы, да позняга вечара названае кафэ будзе працаваць як дзіцячае і сямейнае: з салодкімі напоямі, пірожнымі і марожаным. Магчыма, гэтыя пачастункі не толькі паспрыяюць выкананню платных паслуг, але і павялічаць колькасць наведвальнікаў дзіцячых сеансаў, якія ў раскладзе кінатэатра прысучнічаюць штодня.

У іншым вялікім памяшканні ўстановы культуры абсталявана більярдная з двума сталамі і тэлевізарам. Таксама тут за грошы можна замовіць фота на пашпарт, зрабіць постар на майку ці кружку, раздрукаваць ці ксеракапіраваць тэкст, а таксама паглядзець у відэакабіне фільмы ў 3D-фармаце.

Яшчэ адзін від платных паслуг — арганізацыя і правядзенне вяселляў і юбілейных вечароў. Паслуга, па словах Сяргея Мельнікава, карыстаецца попытам, хоць і каштуе нямала: ад паўтара мільёна рублёў. Сюды ўваходзіць дэкор памяшкання, дзе плануецца зладзіць вяселле, замова тамады, арганізацыя фотаздымкі…

— Некалькі гадоў таму, калі я ладзіў сваё вясёлле, у Чачэрску дадзенай паслугі не было, — кажа Сяргей Мельнікаў. — Тады я і падумаў: чаму б кінатэатру не заняць гэтую “нішу”? І цяпер мы маем сталыя кантакты з рознымі вясельнымі агенцтвамі, існуе магчымасць прадаставіць паслугі тамады як з Чачэрска, Буда-Кашалёва, так і з Мінска ды Гомеля. Хочаш жыць — умей круціцца…

Круціцца Сяргей Мельнікаў сапраўды напоўніцу… Дадам, што, акрамя вясельнай “нішы”, кінатэатр “Кастрычнік” заняў у раёне таксама і “водную”. Таму на сёння "Чачэрсккінавідэасетка" з’яўляецца… афіцыйным прадстаўніком прыватнай кампаніі — вытворцы і пастаўшчыка на рынак Беларусі пітной вады…

Сказаць з гэтай нагоды можна толькі адно: крэатыўным людзям усё па сілах. Бо, як зноў-такі слушна кажа Сяргей Мельнікаў, сядзець на адным месцы ў час рынкавай эканомікі і чакаць бюджэтнага фінансавання — недаравальна.

У якасці заключэння

На астачу зазначу, што паслугі па дэкоры памяшканняў да вяселляў, іншых святаў прапаноўвае і мясцовы раённы Цэнтр рамёстваў, зарабляючы такім чынам на план платных паслуг… Праўда, салона-крамы ва ўстанове культуры пакуль што няма, таму чачэрскія майстры-рамеснікі вымушаны здаваць сваю прадукцыю на рэалізацыю ў Гісторыка-этнаграфічны музей.

Дарэчы, і самі музейшчыкі няблага “шчыруюць” на пазабюджэтнай “дзялянцы”: апроч уваходных білетаў і экскурсій прапануюць наведвальнікам набыць шматлікую сувенірную прадукцыю. Па словах дырэктара ўстановы культуры Алены Новікавай, яны замаўляюць кружкі, налепкі, самую разнастайную кераміку і многія іншыя сувеніры не толькі ў мясцовых майстроў, а і ў гомельскіх ды мінскіх фірм і прыватнікаў, маючы з гэтага неблагі працэнтны даход…

Што ж, як на мой погляд, вопыт пазабюджэтнай дзейнасці супрацоўнікаў сферы культуры Чачэршчыны можна ўзяць “на ўзбраенне” кожнаму раёну Беларусі. І не толькі ўзяць, а і прымяніць на прыктыцы. Было б толькі жаданне…

Мінск — Чачэрск — Мінск

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"