Да гісторыі праз паланэз

№ 48 (1226) 28.11.2015 - 04.12.2015 г

Сяргей КУЛІКОЎСКІ, галоўны рэжысёр Новага драматычнага тэатра
Сёлетняя восень аказалася як ніколі багатай на разнастайныя тэатральныя фестывалі і праекты. У Мінску завіравала сапраўднае тэатральнае жыццё. Усё гэта ў чарговы раз нагадала, што ў фестывальна-конкурсным працэсе, без якога цяпер немагчыма ўявіць развіццё мастацтва, павінен удзельнічаць і Новы драматычны, які ўжо самой сваёй назвай скіроўвае да пошукаў навізны, “разыначкі”, разнастайнасці.

/i/content/pi/cult/562/12324/5-3.jpgКалісьці тут так і было, але не абмінулі тэатр і складаныя часы. Сёння ў ім няма артыстаў, якія мелі б ганаровыя званні. Таму мая задача — вярнуць Новы драматычны ў культурную прастору Мінска і Беларусі.

4 снежня ў нас адбудзецца чарговая прэм’ера. Спектакль “… И слышатся лишь звуки полонеза” прысвечаны 250-годдзю з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага. Тут ёсць нейкая гульня лічбаў: Агінскаму сёлета — 250, а нашаму Новаму драматычнаму — зусім хутка 25. Як жа не адгукнуцца? Але дарма шукаць ў спектаклі хаця б мінімальны намёк на біяграфію Агінскага. Наш славуты суайчыннік прадстаўлены праз свой знакаміты паланэз, які гучыць неаднойчы і ў кантэксце ўсёй дзеі ўспрымаецца як сімвал страты радзімы, эпохі, гістарычнай велічы мінуўшчыны, як напамін пра тыя арыстакратычныя часы, калі гонар цаніўся так высока, што за яго ішлі на смерць, выклікалі крыўдзіцеляў на дуэль, заканчвалі жыццё самагубствам.

Патрыятызм, па цяперашніх мерках, — нярэдка паняцце перакручанае, знявечанае. А дзея ў п’есе адбываецца ў 1835 годзе, калі яно было роўнае з паняццем самога жыцця. І тут узнікае вечная праблема, якая тычыцца спектакляў на гістарычную тэматыку. Як сумясціць сучасныя размоўныя традыцыі з тагачаснымі? Як з’яднаць цяперашняе светаўспрыманне з тым тэатрам, які быў паўстагоддзя, стагоддзе, паўтара стагоддзя таму? Прасцей, як ні дзіўна, бывае з больш аддаленымі ад нас з’явамі: даўніна з налётам пасівелай архаікі заўсёды ў модзе. А не такая далёкая гісторыя ўяўляецца чымсьці накшталт рэтра: камусьці — мілага, настальгічнага, а камусьці — папросту нафталінавага. Але выйсце, на маю думку, у тым, каб быць у тэатры шчырым. Калі меладраматычнасць, непазбежная ў мастацтве рамантызму, перажываецца як штосьці цяперашняе, нам блізкае, дык і агульны вынік будзе пераканаўчым.

Сабраўшыся паставіць гістарычны касцюміраваны спектакль, мы адштурхоўваліся ад п’есы Анатоля Луначарскага “Мядзведжае вяселле”, якая, у сваю чаргу, у якасці пункта апоры мела навэлу Праспера Мэрымэ “Локіс”. Па матывах гэтых двух твораў Ігар Падлівальчаў, узяўшы псеўданім Ігар Сонін, напісаў арыгінальную п’есу. Яе прынцыповае адрозненне і ад згаданых “правобразаў”, і ад нашумелай некалькі гадоў таму беларускай кінастужкі “Масакра” ў тым, што, нягледзячы на трагічны сыход, герой змагаецца. А ўся “містычнасць” аповеду, як высвятляецца, мае цалкам зямныя карані: шукайце, каму гэта можа быць выгадна, і знойдзеце злачынцаў.

А яшчэ новы спектакль — пра каханне, і ўжо адным гэтым ён павінен прыцягнуць увагу гледачоў.

Да канца сезона будуць і іншыя нечаканасці (спадзяюся, прыемныя). Збіраюся паставіць спектакль “Ад чаго людзі не лётаюць” па матывах п’ес Аляксандра Астроўскага, а таксама камедыйны дэтэктыў “Фуршэт пасля прэм’еры” Валянціна Краснагорава. А потым зноў вярнуся да свайго ўлюбёнага постмадэрну…

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"