Раманс для дзяцей з зоркамі

№ 48 (1226) 28.11.2015 - 04.12.2015 г

Калі ўнёсак — не толькі ў мастацтва: “рэабілітацыйны цэнтр” у Горкаўскім тэатры
Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага стаў чацвёртай вяршыняй, якую зараз паспяхова адольваюць дзеці. Незвычайныя: з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і тыя, якія мелі канфлікты з законам, але не дасягнулі на той час узросту крымінальнай адказнасці. 21 снежня на вялікай сцэне тэатра адбудзецца не проста прэм’ера пад назвай “Раманс для Мухі з зоркамі”.

/i/content/pi/cult/562/12314/13-1.jpg

Артысты Павел Еўтушэнкаў, Аляксандр Ждановіч і Аляксандр Вергуноў разам з дзецьмі.

Чатыры гады таму дабрачыннае аб’яднанне “Свет без межаў” у рамках праекта “Нармалізацыя, інтэграцыя, раўнапраўе” распачало акцыю “Вялікае мастацтва рукамі маленькіх людзей”. Сутнасць яе ў тым, каб даць магчымасць выхаванцам як з дамоў-інтэрнатаў для інвалідаў, так і са спецыяльных закрытых вучэбна-лячэбных устаноў паспрабаваць сябе ў тым, што іх паўсядзённасць не прадугледжвае, — у творчасці. Галоўнай задачай праекта з’яўляецца зварот да магчымасцей такіх людзей, раскрыццё іх здольнасцей. Бо, як паказала практыка, яны маюць не меншы патэнцыял, чым усе астатнія, а прасторы для яго раскрыцця ў іх часцей за ўсё няма. Важным момантам з’яўляецца тое, што арт-тэрапія станоўча адбіваецца на фізічным і маральным стане гэтых людзей (хтосьці пачынае размаўляць, іншы сацыялізуецца або знаходзіць хобі), на якіх яшчэ з дзясятак гадоў таму без разбору ставілі крыж як на невылечных або безнадзейных.

Для атрымання максімальнага выніку ад майстар-класаў супрацоўніцтва вядзецца толькі з прафесіяналамі, забаронены паслабленні з боку кіраўнікоў у адносінах да вучняў (мастацтва патрабуе адданасці і сур’ёзнага стаўлення), а кожны этап павінен завяршацца ўрачыстай справаздачай з дэманстрацыяй даробку (выстаўка, канцэрт або спектакль), на якой прысутнічаюць гледачы. Менеджары праекту прапанавалі дзецям пачаць з жывапісу. Цягам года запрошаны куратар першага этапу мастак Леанід Гоманаў ладзіў серыю майстар-класаў для схільных да малявання хлопчыкаў і дзяўчынак з усёй краіны. У выніку атрымалася цудоўная выстаўка, якую прынялі сцены Мірскага замка. Наступным годам пад крылом Настассі Ціхановіч і яе памочнікаў — Івана Буслая, Мікіты Фаміных, Аляксандра Патліса, Жанэт, Вольгі Плотнікавай — быў праведзены песенны этап, які стаў ужо больш складанай задачай для маладых артыстаў. У трэці раз было вырашана пазнаёміць дзяцей з фотасправай, чым і заняўся куратар праекта Аляксандр Канатоп.

Сёлета задача перад “маленькімі людзьмі” стаяла ўдвая цяжэйшая, бо тэатр — адзін з самых спецыфічных відаў мастацтва. Прымае ён працаздольных і сапраўды таленавітых. І менавіта Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага стаў адзінай пляцоўкай у краіне, што не пабаялася і, больш за тое, з вялікім энтузіязмам узялася за справу, якую палічыла абавязковай для сябе. Узначалілі працэс артысты Аляксандр Вергуноў, Аляксандр Ждановіч, Сяргей Юрэвіч, Павел Еўтушэнка, Настасся Шпакоўская. Яны мадыфікавалі гісторыю пра Муху-Цакатуху, дапоўнілі яе іншымі сюжэтамі і спасылкамі, насыцілі музычную частку пастаноўкі так, каб дзеці мелі магчымасць пазнаёміцца з джазам, рэгі, рокам. Рэпетыцыі пачаліся яшчэ ўвесну, апошні ж майстар-клас, які доўжыўся тры дні, быў праведзены ў лістападзе. Дарэчы, менавіта на тэатральным этапе менеджары праекта вырашылі аб’яднаць дзве групы дзяцей: з абмежаванымі магчымасцямі і з праблемамі з законам, бо раней яны працавалі аўтаномна. Эксперымент рызыкоўны. Вялікая адказнасць клалася ў тым ліку і на горкаўцаў, але склаўся гарманічны калектыў, тэатральная трупа, дзе кожны знайшоў сваё месца і ролю. Ну і афішы да спектакля ўжо гатовыя: іх таксама рабілі дзеці пад прыглядам дызайнерскай каманды тэатра.

Фота аўтара

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст