Штампы — не штампы, але…

№ 48 (1226) 28.11.2015 - 04.12.2015 г

Ці можа бібліятэка “раскруціць” кнігу і ліквідаваць прорву ад яе да чытача?
Гэтымі днямі ў Беларусі адзначаецца 85-годдзе з Дня нараджэння знакамітага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча. Зайшла гаворка і пра ўсталяванне ў Мінску помніка Васілю Быкаву. З нагоды таго, што літаратурная тэма такім чынам актуалізавалася ў соцыуме, “К” вырашыла зірнуць на бягучую сітуацыю ў айчынным пісьменстве, а таксама акрэсліць ролю бібліятэк у літаратурным працэсе праз бачанне літаратурнага крытыка. Балазе ёсць і яшчэ адна нагода: у нашага сталага аўтара — супрацоўніка Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ганны КІСЛІЦЫНАЙ — выйшла манаграфія “Культурны градыент. Ідэі, маніфесты, кірункі беларускай літаратуры на мяжы ХХ — ХХІ стагоддзяў”.

/i/content/pi/cult/562/12313/12-2.jpg— Існуюць два штампы пра сучасную беларускую літаратуру. Першы: яна знаходзіцца ў жахлівым крызісе. Другі: яна не саступае сучаснай літаратуры іншых краін. Дзе ісціна, як лічыце?

— У прынцыпе, свае кнігі пішу якраз для таго, каб разбурыць штампы і стэрэатыпы адносна беларускай літаратуры… Аднак тыя сцвярджэнні, якія выказаны вышэй, — не штампы: яны — праўдзівыя. Іншая справа, што крызіс беларускай літаратуры — не ў адсутнасці цікавых аўтараў і не ў адсутнасці цікавых кніг! Крызіс — у прорве, якая ўтварылася паміж чытачом і беларускай кнігай! Зайдзіце ў любую кнігарню і самі пабачыце, што нашы выданні ў большасці выпадкаў заціснутыя ў асобныя, часам не самыя прыкметныя, аддзелы. Атрымліваецца — змешчаныя без кантэксту. Тое ж і з бібліятэкамі! Вельмі рэдка даводзіцца бачыць, каб у раённай бібліятэцы на бачным месцы стаяла айчынная кніга, модная, папулярная ў сталіцы. Але даводзіцца бачыць на прыкметных выставачных стэндах кнігі, якія трапілі па нейкай “разнарадцы”. Тут табе і пра сям’ю літаратура, і пра шкоду алкаголю, і да любой юбілейнай даты падборка. Але дзе ж кнігі модныя, папулярныя, сучасныя? Я разумею, што ёсць попыт на рускамоўныя любоўныя раманы і дэтэктывы. Але ж трэба прывучаць чытача да рознай кнігі…

Ці саступае наша літаратура замежнай? Мне здаецца, адказ навідавоку. Паглядзіце, колькі міжнародных прэмій атрымліваюць нашы аўтары штогод, колькі іх кніг перакладаюць вядомыя ва ўсім свеце перакладчыкі, зірніце на спіс буйных выдавецтваў. Але атрымліваецца так, што аўтараў, якіх шануе еўрапейская крытыка, мала цэняць айчынныя крытыка і літаратуразнаўства. Для іх сучаснікі — недастаткова харошыя: ніяк не дарастуць…

Дарэчы, цікавы момант у сувязі з кнігай, пра якую мы гаворым. Я так стамілася адказваць на закіды пра тое, што “мае пісьменнікі” недастаткова сур’ёзныя, што змясціла ў тэксце пасля разбору творчасці таго ці іншага аўтара сціслыя біяграфічныя даведкі, з якіх становіцца ясна, што гэтыя творцы ўганараваныя вялікімі еўрапейскімі прэміямі, што іх творы ўваходзяць у сусветныя анталогіі… Праўда, пра Нобелеўскую прэмію Святланы Алексіевіч згадаць не паспела: кніга выйшла раней.

— Вы сцвярджаеце, што беларускія даследчыкі не спяшаюцца тлумачыць працэсы, якія адбываліся з айчыннай літаратурай апошняга дзесяцігоддзя ХХ стагоддзя. А як выправіць сітуацыю?

— У мяне ёсць любімы анекдот на гэтую тэму… Пустыня. Два грыфы дзяўбуць старую высахлую костку. Побач маладое ягня. Грыфы на яго нуль увагі. Ягня не вытрымлівае, падыходзіць да птушак і пытае: “Паслухайце, грыфы! Навошта вы дзяўбяце гэтую старую высахлую костку, калі побач гуляю я — малады, упітаны, мясісты?” Грыфы адказваюць: “Малады чалавек, хіба вы не разумееце? Гэта ж класіка!!!”

З аднаго боку, усе разумеюць, што прасцей і больш карысна для кар’еры пісаць пра спачылых аўтараў: ніхто не адправіць скаргу табе на працу, не аспрэчыць думку ў сацыяльных сетках, не зазначыць у адказ на тваю крытычную заўвагу, што ты яму зайздросціш… Класік — надзейны як фунт сцерлінгаў, а з сучаснікам — адны праблемы! З іншага боку, я разумею і тых, хто не піша пра сучаснасць, матывуючы гэта тым, што літаратура “павінна адляжацца”. Маўляў, няхай рассудзіць вечнасць, хто ў ёй застанецца. Аднак колькі ўжо пісьменнікаў сышлі, так і не дачакаўшыся ацэнкі літаратуразнаўцаў! А колькі выкладчыкаў, студэнтаў сядзяць без матэрыялаў па праблемах сучаснай літаратуры! Я часта бываю ў мінскіх і абласных універсітэтах. І ведаю ад выкладчыкаў, якія чытаюць лекцыі па сучаснай беларускай літаратуры, што такое сядзець без матэрыялаў у спадзяванні на ўяўную вечнасць!

Кожны раз, калі мы сустракаемся з калегамі, гаворым пра тое, як цяжка, некамфортна займацца сённяшнім часам. Што трымае ў прафесіі? Па-першае, разуменне таго, што ўсё добра рабіць у час, пакуль можна ўзнавіць атмасферу, падзеі, дакументы, лёсы. Бо чым далей ад падзей, тым больш гісторыя ператвараецца ў міфы, якія ніякія архівы не аспрэчаць. Па-другое, трымае ўсведамленне: у будучым нам не будзе сорамна за сёння. Няхай будзе сорамна тым, хто выбраў для сябе зону камфорту замест перадавой... Я ганаруся тым, што паспела напісаць пра ролю Анатоля Сыса да яго смерці. І што ён паспеў гэта прачытаць. Такія рэчы важныя.

— А сучасныя пісьменнікі чытаюць вас ці вашых калег?

— “Культурны градыент” некаторыя пісьменнікі не толькі чыталі, але і дапамагалі пісаць — давалі матэрыялы. Бо ўся кніга пабудаваная на матэрыялах, якія не знаходзяцца ў шырокім доступе. Нешта ёсць у архіве, як, напрыклад, дакументы Саюза пісьменнікаў. Але шмат якія рэчы ніколі не публікаваліся, шмат якія тэксты друкаваліся ў выданнях, што не ў кожнай бібліятэцы ёсць. Канешне, можна згадаць і іншае. Напрыклад, калі пісьменнікі, асабліва старэйшага веку, крыўдзіліся за тое, што іх імёнаў няма ў маіх працах. Ім здавалася, што гэта несправядліва. Ці нехта лічыў, што я няправільна разумею яго ролю ў стварэнні і дзейнасці той ці іншай літаратурнай суполкі… Разумееце, мінае час, нехта сыходзіць з літаратуры, нехта памірае, і людзі пачынаюць цягнуць коўдру на сябе, расказваючы пра сваю гістарычную ролю ў беларускай літаратуры... Таму я ўдзячная архівам і архівістам, бо іншым разам толькі наяўнасць дакумента можа пацвердзіць мае высновы. Дарэчы, праца з архівамі, якія датычаць параўнальна недалёкага часу, — цікавы занятак. Яна ператварае літаратуразнаўцу ў філосафа, але гэта асобная тэма для гутаркі.

— Упэўнены, частка чытачоў спытае: а што такое градыент? Чаму назва “закавырыстая” ?

— Напэўна, цяжка ў тое паверыць, але пятнаццаць гадоў таму, калі я пісала сваю кнігу “Новая літаратурная сітуацыя: змена культурнай парадыгмы”, мала хто з навукоўцаў уяўляў, а што ж такое “культурная парадыгма”. Не было абсалютна ніякіх тлумачэнняў, акрамя невялікага артыкула Юрыя Лотмана… Тады мне было вельмі цікава: “А ці працуе яго схема ў адносінах да нашай нацыянальнай літаратуры?” Калі стала займацца гэтай праблемай, высветліла: гіпотэза пра характар парадыгмальных змен у культуры не проста актуальная для апісання беларускай гісторыі, але і тлумачыць тое, што адбываецца з намі і нашай культурай на цяперашні момант. З той пары здарылася неверагоднае: словазлучэнне “культурная парадыгма” ў навуковым свеце стала агульнаўжывальным! Думаю, нешта такое чакае і культурны градыент — словазлучэнне, якім абазначаюць напрамак развіцця тых ці іншых з’яў культуры. Але слова “градыент” мае яшчэ большыя шанцы прывіцца, бо яно добра знаёмае і матэматыкам, і дызайнерам, і манікюршам — усім, хто мае справу са з’явамі пераходнасці ад адной якасці да другой.

Наогул, работа пісалася доўга і ахоплівае амаль трыццаць гадоў гісторыі беларускай літаратуры. Яна складаецца з іншых маіх кніг. Жыццё рухалася, у гісторыі пісьменства з’яўляліся новыя старонкі, змяняліся мае погляды і ўяўленні, адкрываліся архіўныя дакументы. Усе гэтыя змены трэба было адлюстраваць, каб з’явілася цэласная канцэптуальная праца пра тое, якімі былі апошнія тры дзясяткі гадоў не толькі для беларускай літаратуры, але і для нашай культуры, гісторыі. Само жаданне распавесці пра змены ў айчынным пісьменстве ўзнікла таму, што я часта сутыкаюся з тым, што наш чытач у сваёй большасці не разумее, што адбылося з літаратурай. Ён параўноўвае яе з літаратурай мінулага і паціскае плячыма: дзе сюжэт, дзе станоўчы герой, дзе звязаны тэкст? Для таго, каб нешта любіць, важна разумець сутнасць з’явы. Некалі нам добра распавялі, за што мы павінны любіць класіку… А вось за што нам любіць наш беларускі авангард, як яго разумець, што нам жадаюць данесці сучасныя аўтары? Гэтаму ніхто не вучыць! Калі казаць наогул, мая кніга пра тое, чаму беларусы не любяць і не разумеюць пісьменнікаў, з якімі жывуць у адным часе, чаму губляецца цікавасць да сучаснай кнігі, што “не так” з сучаснасцю.

— Ці можна будзе знайсці вашу кнігу ў айчынных бібліятэках? Як мяркуеце, ці дапамагаюць яны ў прасоўванні навуковай літаратуры?

— Натуральна, як і ўсе кнігі, выдадзеныя на тэрыторыі Беларусі, “Культурны градыент…” трапіў у найбуйнейшыя бібліятэкі краіны па рассылцы. Аднак бібліятэкі рэдка прасоўваюць навуковыя кнігі, бо чытач у іх спецыфічны. Таму ў гэтым пытанні я больш давяраю кнігарням і інтэрнэт-крамам, што задавальняюць патрэбу ў беларускай кнізе ў рэспубліцы і па-за яе межамі. З іншага боку, я часта кажу пра тое, што ў сённяшнім свеце роля бібліятэк змянілася, і гэта трэба ўлічваць. Сёння бібліятэкар — не ахоўнік на кнігасховішчы. Гэта, у першую чаргу, культурны, адукаваны чалавек, які павінен бачыць сваю місію ў папулярызацыі слова. І таму пераканана: пры ацэнцы працы бібліятэк важна ўлічваць не колькасць выдадзеных на рукі кніг, а высілкі па правядзенні цікавых мерапрыемстваў. Патрэбную кнігу можна спампаваць і ў Інтэрнэце, а вось цікавую сустрэчу, добрую гутарку, гасціннасць мала што заменіць. Бібліятэка павінна быць не столькі сховішчам кніг, колькі захавальніцай культуры.

Пытанні задаваў Дзяніс МАРЦІНОВІЧ

Фота прадастаўлена гераіняй інтэрв'ю