За гучнымі адозвамі і мудрагелістымі дэкларацыямі, якімі суправаджалася з’яўленне на свет чарговай тусоўкі рэвалюцыянераў ад эстэтыкі, калі пільна ўгледзецца, стаяла звычайнае жаданне застаўбіць за сабой “хлебнае месца” — частку мастацкага рынку, які ўжо пачаў вымалёўвацца ў варунках першапачатковага накаплення капіталу. Я не іранізую і, барані Божа, нікога не асуджаю. Мастак таксама чалавек, а чалавек, калі ён толькі не вычварэнец-мазахіст, прагне камфорту — побытавага і псіхалагічнага. А той, у сваю чаргу, грошай каштуе… Значная колькасць новаўтвораных суполак згаданай пары знікала пасля таго, як зладзілі адну-дзве выстаўкі. Некаторыя пратрымаліся некалькі гадоў. А вось суполка “Пагоня”, утвораная дваццаць пяць гадоў таму, існуе дагэтуль. Фенаменальны для айчыннай рэчаіснасці факт. Патлумачыць яго ў нейкай ступені можа юбілейная выстаўка суполкі, якая зараз праходзіць у сталічным Палацы мастацтва.
Адразу скажу, што нейкіх адкрыццяў на выстаўцы я не заўважыў. Не было і эпатажных твораў, якіх пэўная катэгорыя гледачоў звыкла чакае ад “пагонічаў”. Экспазіцыя складаеца з новых работ найбольш актыўных у творчым сэнсе мастакоў суполкі і рэтраспектывы, дзе прадстаўлены такія знакавыя для свайго часу постаці, як Яўген Кулік і Сяржук Цімохаў. Асобны раздзел экспазіцыі адведзены творам Алеся Марачкіна, аднаго з творчых лідараў суполкі. Як звычайна, ёсць на выстаўцы гістарычныя краявіды, этнаграфічныя матывы і партрэты гістарычных постацяў. Усё, так бы мовіць, як заўжды…
І праз гэта “як заўджы” выстаўка не ўражвае. Гэта кепска? Для “Пагоні”, так. Для грамадства — не. У кантэкце нашай рэчаіснасці адсутнасць пільнай патрэбы ў нацыянальна-культурным асветніцве, прынамсі, у той форме, якую звыкла спавядае “Пагоня”, — факт станоўчы. Для мастакоў “Пагоні” тое асветніцтва заўжды было надзвычай важным чыннікам творчасці, а для каго з іх — нават справай жыцця. Сёння ж у выніку развіцця сувярэннай дзяржавы многае з таго, пра што “Пагоня” рупілася, рэалізавана альбо рэалізуецца на дзяржаўным узроўні. У такім выпадку ўзнікае падстава для радасці: твая справа робіцца, і адначасова для суму, таму што ўжо без цябе. Бо час змяніўся, а ты застаўся ранейшым. Як той партызан з анекдота, якому не паведамілі, што вайна скончылася, і ён па звычцы цягнікі пад адхон пускае…
Я не іранізую і, тым больш, не здзекуюся. Я канстатую. Я прыйшоў на выстаўку “Пагоні” не па новыя ідэі, а каб азірнуцца назад і асэнсаваць чвэрць стагоддзя. Мастакі суполкі калісьці абвясцілі сваёй мэтай мацаванне сродкамі маствацтва дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі. Мо і трымаюцца яны дагэтуль разам таму, што праект “Беларусь” — гэта не на год і не на чвэрць стагоддзя. Гэта і не праект, уласна, а тое, што можна назваць словам “назаўсёды”. А мастак мусіць адпавядаць тым зменам ў грамадстве, да якіх сам жа спрычыніўся сваёй творчасцю.