Аўдыя & Відэа-20

№ 48 (1226) 28.11.2015 - 04.12.2015 г

Кастрычніцкія аўдыя-/відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць мастацкі кіраўнік Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры” Вячаслаў ШАРАПАЎ (A.) і спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура”, музычны крытык Алег КЛІМАЎ (B.).

/i/content/pi/cult/562/12310/9-2.jpgАўдыя

Гурт “Zolki Band”, сінгл “Chalodna z Vami”

А.: Не з’яўляючыся аматарам падобнага стылю, як і прыхільнікам “камланняў” пад грукатлівыя рыфы, не падзяляючы падобных жыццёвых тэзісаў, усё ж рызыкну агучыць адчуванні ад пачутага. Для мяне гэта проста гарманальнае “вопиение” заблукалага светапогляду. Неяк так...

Абсалютна недарослае выкарыстанне музычных навыкаў, а таксама прыкметы iрацыяналізацыі духу. Падобная рэч, па-мойму, — чысты прадукт шматгадовай дзейнасці арганізацый, закліканых у свой час выгадаваць на нашых тэрыторыях апатыю ў дзейных пластах насельніцтва, а таксама актываваць супрацьстаянне паміж бацькамі і дзецьмі, скажам, з мэтай кантраляваць погляды, звычкі і навыкі чалавека. Наступствы гэтай дзейнасці мы адчуваем да гэтага часу, хаця цвярозасць непазбежна наступіць. А пакуль будзем канстатаваць галоўную адметную рысу такіх рэлізаў: я ахарактарызаваў бы яе як “агрэсіўная бездапаможнасць”.

B.: Нагналі змроку, брэстчане, нагналі. Што ў музыцы, што ў тэкстах. Смог, гар, чад. Дайце мыла з вяроўкай, дайце парабэлум і адзін патрон. Але ўсеабдымнага апакаліпсісу не здарылася: местачковая драма на звыклым месцы. Суперажываць не цягне. Можа, зайграць музыкантам беспрасветны грандж або эма? А то даюць не надта смачную альтэрнатыву — інструментальна то “жывую” (першы трэк), то “мёртвую” (другі). Не ведаю... Калі ўвесь будучы поўнафарматнік будзе ўяўляць з сябе вось такі канцэпт — адчайна-пануры, калі ў ім будзе песня-хук адпаведнага настрою, тады — так. А пакуль — не.

Гурт “Крамбамбуля”, альбом “Чырвоны штраль”

A.: Аркестр партызанскага джазу “Крамбамбуля” ў сваіх лепшых традыцыях “рэвалюцыянераў” позняга савецкага перыяду, апалагетаў палітычных ілюзій, у чарговы раз, па-добраму, павесяліў. Сёння падобная тэматыка слухаецца вельмі наіўна, і гэты сцёб, акрамя паблажлівай усмешкі, здольны хіба што спарадзіць жаданне падзяліцца меркаваннямі на злобу дня. Ну няма ў нашым народзе масавага імкнення занурыцца ў беспадстаўную самасць! Захоўваем пэўныя яе элементы — і дзякуй богу.

Ужо нават дзецям зразумела, што “абсалютнай свабоды” не бывае. Ёсць геапалітычнае месца кожнай нацыі ў адпаведнасці з узроўнем яе развіцця. Свабода народа не залежыць ад улады. Адзінае, што робіць чалавека па-сапраўднаму свабодным, — гэта яго незалежнасць ад уласных грахоўных страсцей (чытайце Евангелле!). Можна бясконца доўга тыражаваць свае палітычныя погляды, такім чынам самавыяўляючыся, але па дасягненні пэўнага ўзросту ўсё ж трэба ўсведамляць і адказнасць за тое, што агучваеш. І наогул, можа, прыспеў час перастаць ідэалізаваць адно і ганіць іншае? Ва ўсім, ва ўсіх ёсць свае плюсы і мінусы, а рэальнасць павінна рухаць толькі да аднаго: атрымання практычнай карысці з наяўнай сітуацыі, пры гэтым духоўна ўзрастаючы (па магчымасці). А “Крамбамбулі” можна было б лязо пяра скіраваць на гаспадароў сусветных грошай або на алігархічны соцыум: тэма, калі паглыбіцца, практычна невычэрпная...

B.: Нешта мне падказвае, што гэта не апошні рэліз гурта, як тое анансавалася яго лідарам. “Развітанне са славянамі” і іншымі народнасцямі можа стаць яшчэ адным перформансам ад Лявона Вольскага, на якiя ён здатны. Стартаваў гэты прадукт як лабух-ансамбль, закліканы весяліць публіку ў залах і на карпаратывах песнямі прамога ўздзеяння на мазжачок і асабліва — ногі. Занадта глыбокага сэнсу ў тэкстах “Крамбамбулі” тады не было, аднак, у сілу варункаў каманда з часам дакацілася да сацыяльшчыны з хэві-металам. І гэта была ўжо дакладная прыкмета таго, што ў гісторыі калектыву здарыцца які-небудзь кульбіт. Кропку бэнд вырашыў паставіць, злучыўшы ў альбоме-эпітафіі дэбют з перадфiналам. Гэта значыць, у астатку маецца непатрабавальны музон з нейкім непустым вербальным пасылам. Ператасаваўшы вялікую колькасць музыкантаў у дадзеным дзецішчы, Вольскі ў апошнія гады жыцця гурта дамогся ад яго разумнай прафесійнай ігры, ну а з вершаскладаннем у Лявона заўсёды ўсё было ў парадку (нават калі некаторыя опусы “легенды беларускага року”, мякка кажучы, здзіўлялі). Увогуле, не сорамна з такім матэрыялам сыходзіць.

Гурт “The Silicon”, альбом “Tiki Tohua”

A.: Атмасферны, кіношна-асацыятыўны альбом адразу ж аднёс маё стомленае ўяўленне ў далёкае, шчаслівае, пляжнае дзяцінства, у летнюю спёку 1960-х, калі нашымі спадарожнікамі былі радыёпрыёмнік “Спiдола”, смак белага наліву, пах ледзянцоў на кінасеансах і першыя ўважлівыя погляды на амаль сфарміраваных дзяўчынак. Нешта зачаравальнае было ў той атмасферы адкрыццяў, п’янлівым пачуцці свабоды, у прадчуванні велізарнага жыцця на гарызонце. Незвычайная вастрыня ўспрымання адцянялася пурытанскімі норавамі афіцыйнага мастацтва, як аказалася, далёка не самага дрэннага, і немудрагелістым “дысідэнцтвам” хлопцаў больш сталых. Іх вабіла замежжа і казкі “дзікага Захаду”.

Я да таго, што для мяне такі альбом прыемны, нягледзячы на яго нейкую аднастайную “апорную”. Ён відавочна навеяны духам Таранціна, і дзе-небудзь у клубе з адпаведнай тэматычнай “напаўнiзмай” будзе вельмі актуальны і, безумоўна, прыдатны. Сёння найбольш прывабны менавіта “духаносны” матэрыял і суправаджальныя для яго з’явы, бо любая спроба адвязацца ад музычна-глабалістычных тэндэнцый выглядае свежай, нават нягледзячы на паўтор нейкіх, ужо ўжытых кімсьці, традыцый. Хочацца пажадаць “сiлiконаўцам” далейшых поспехаў і паспадзявацца на здабыццё дадатковай вытанчанасці і шарму ў наступных опусах. Мабыць, варта выпіць чарачку тэкілы за іх.

B.: Найбольш вядомы ў краіне сёрф-гурт (можа, наогул адзіны). Стыль гэты звязаны з паняццем “рэтра”: ён і ўзнік у канцы 1950 — пачатку 1960-х, неміласэрна эксплуатаваўся разам з кантры ў галівудскіх фільмах пра добрых, дрэнных і злых, ды і проста ніколі не граўся ў сучаснасці (хоць бы на ўзроўні выкарыстання гітарнымі складамі актуальных інструментаў і прымочак). Курылка жывы і дагэтуль, усё гэтак жа саўндтрэкамі трапляе ў кіно пра дзікі-дзікі Захад і па-ранейшаму не прызнае камп’ютараў. Асабліва да месца альбом акажацца напярэдадні зімы і месяцаў, спадзяюся, снежных, калі вы не збіраецеся прабавіць гэты час года, дапусцім, у Бахрэйне: сонечная, пляжная атмасфера з пырскамі салёных хваль у аўдыявыглядзе гарантаваная. І, што немалаважна, кірунак такі, пераважна, не прадугледжвае ў кампазіцыях тэкстаў. Іх у рэлізе і няма.

Відэа

Улада, кліп на песню “Мамiна дачка”

А.: Вельмі хатняя песня пра мам і дочак, ім жа і прызначаная. Слёзы замілавання, абдымкі, пацалункі. Мы такое любім, і правільна робім. Калі пераманціраваць, выключыўшы “пацалунак у старонку” (як на свецкіх раўтах), поўны памперс дзіцяці і яшчэ сёе-тое, то вельмі ўдалася работа, якая сапраўды выконвае сваю задачу: стаць (на некаторы час) “цвіком” на кожны дзень народзінаў, на кожнай сямейнай урачыстасці, ажно да вяселля.

В.: Ролік — падобны на сямейны вiдэаальбом і складаецца ён з кадраў, на якіх адлюстраваны шчаслівыя моманты зносін на прыродзе мам і іх дачок — зусім яшчэ маленькіх і ўжо падрослых. Яркая, насычаная, цёплая карцінка, з блакітным небам, лёгкім ветрыкам і сонцам. І песня такая ж — павольная, для рэлаксу. Шчыра казаць аб высокім кліпавым мастацтве ў гэтым выпадку складана, як і пра кампазіцыю-шэдэўр. Гэта проста кiнапамяць пра лета, пра бясхмарнае дзяцінства. Гэта вялікія любоў ды пяшчота ў руху і мелодыі з тэкстам. Пачуцці, якія будуць вечнымi. Тым відэа і каштоўнае...

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"