Сэлфі спазнання свайго “Я”

№ 48 (1226) 28.11.2015 - 04.12.2015 г

Так, Рэспубліканская маладзёжная выстаўка пад назвай “Сэлфі” адпрацавала свой, незразумела чаму такі кароткі, тэрмін (усяго 10 дзён!), адведзены ёй. Сапраўды, чаму? Гэтае пытанне хачу задаць кіраўніцтву Беларускага саюза мастакоў. Канешне, у Палацы мастацтва праходзяць пэўныя выстаўкі, асабліва персанальныя, якія могуць экспанавацца і тыдзень — не больш, на іх усё роўна мала хто ходзіць. Але — рэспубліканская маладзёжная, тая, у якой у Год моладзі прынялі ўдзел амаль 150 маладых мастакоў, для якіх падобныя “агляды” маюць значэнне не толькі ў асабістай творчай біяграфіі, але і ў кантэксце ўсяго складанага мастацкага працэсу.

/i/content/pi/cult/562/12309/9-1.jpgДумаю, што пры фарміраванні выставачных планаў усё ж трэба падыходзіць да кожнай выстаўкі дыферэнцыравана і ў сэнсе тэрмінаў яе працы, і, наогул, у плане падрыхтоўкі “сцэнарыя” вернісажу, магчымага (праўда, напаўзабытага вопыта) грамадскага абмеркавання экспазіцыі, яе папулярызыцыі ў СМІ і гэтак далей. Атрымліваецца ж так: выстаўка закрылася і… забудзьцеся! Ніякіх слядоў не застаецца, і што там было такога-гэткага — невядома…

Некаторыя гледачы, мабыць, далёкія ад сацыяльнага “павуціння”, задавалі пытанне, чаму такая назва выстаўкі? Тры — чатыры гады таму наогул мало хто ведаў, што за такі дзіўны тэрмін — “сэлфі”. Сёння гэты “куфэрачак” адкрываецца проста. “Сэлфі” — ад англійскага self — сам сябе: фатаграфаваць самога сябе, здымаць, напрыклад, на смартфон, фотаапарат з мэтай выкласці выяву ў Інтэрнэт. Такі “самастрэл”, фотааўтапартрэт.

У дадзеным выпадку арганізатары скарысталі гэты сучасны замежны слэнг у адносінах да выяўленчага мастацтва. Уласна, жывапісных і графічных аўтапартрэтаў на выстаўцы было вельмі шмат, каля 25, што нейкім чынам апраўдала назву экспазіцыі. Урэшце, наша айчыннае “сэлфі” ў непасрэднай прасторы пластычных мастацтваў — сапраўднае ноу-хау, і за гэта — мой рэспект. Хаця наконт апошняга можна і дыскутаваць.

Так ці інакш, але выстаўка прымусіла мяне аднесціся да яе не з пункта гледжання крытыка “сястрыцам па завушніцах”: маўляў, тая работа “добрая”, гэтая — “сырая”, а вунь тая — ну, зусім бездапаможная. Канешне, такія творы ёсць. Як і на любой “дарослай” выстаўцы. Гэта нармальная сітуацыя. Але, акрамя ўсяго іншага, выстаўка ставіць шмат такіх прынцыповых праблем маладзёжнага творчага жыцця, без рашэння якіх цяжка ўявіць заўтрашнюю панараму нашага мастацтва. Творчая моладзь Беларусі як прафесійны сегмент сацыяльна-ўзроставай групы валодае шэрагам спецыфічных характарыстык. Мастацтву гэтай катэгорыі (умоўна — ад 18 да 35 гадоў) уласцівая дынаміка хуткіх змяненняў у сацыялізацыі і прафесійным росце, фарміраванні і ўсведамленні грамадскіх якасцей. У гэты ж перыяд могуць назірацца хісткасць, няўстойлівасць псіхікі, пераацэнка сваіх дасягненняў ці наадварот — прыніжэнне сваіх здольнасцей з-за боязі творчай канкурэнцыі. Але ўсё гэта, так бы мовіць, “не для друку”, гэта складаная ўнутраная псіхалогія творчасці, якая гледачу не цікавая: яму важныя вынікі.

Але я хачу ў не вельмі ўдзячнай іпастасі ментара, які на сваім доўгім шляху жыцця, пачынаючы з Першай Рэспубліканскай 1966 года, прагледзеў дзясяткі, калі не сотні, маладзёжных выставак, сказаць вось што. Шлях маладых, калі яшчэ ў далёкім міражы і кар’ера, і матэрыяльны росквіт, — вельмі цярністая дарога да самога сябе. І калі ёсць імкненне выказаць у творчасці ўласныя пачуцці, свой боль, трывогі і надзеі, сваю нязгоду з тым, што цябе атачае ў грамадстве, ці сваю “салодкую” адзіноту, — будзе ўсё OK, нягледзячы на натуральныя мастакоўскія і жыццёвыя памылкі, нечаканыя дэпрэсіі, расчараванні, слёзы. Але трэба быць падрыхтаваным да ўсяго. І да таго, што тваё мастацтва не прынясе табе вялікіх прыбыткаў і дывідэндаў, не далучыць да свету “сучаснай моды” і свецкіх “тусовак”, бо для новаяўленых нуварышаў незалежны свабодны мастак — незразумелы, чужы, нават небяспечны. А можа стацца так, што ідэолагі “суперактуальнага мастацтва” абвесцяць цябе нікому не патрэбнай “старызной” (рынкавая канкурэнцыя бязлітасная, а самы страшэнны канкурэнт для “суперактуальнага мастацтва” — сапраўднае высокае мастацтва). Быць гатовым і да таго, што “шырокая публіка” можа цябе не зразумець, як не разумела пры жыцці практычна ўсіх тых, хто рызыкаваў плыць супраць плыні — пачынаючы з Рэмбранта і да імпрэсіяністаў, кубістаў, фавістаў, да Ван Гога і мастакоў Віцебскай школы, напрыклад. Але толькі на гэтым шляху — самаадданай бескарыслівай творчасці — можна стварыць, як стваралі вялікія мастакі, новую школу ў мастацтве, беларускую школу, здабыць, знайсці свой непаўторны твар, сваю славу…

Да чаго я ўсё гэта? А таму, што выстаўка “Сэлфі” прымусіла мяне спыніцца, агледзецца, падумаць і сказаць сабе і людзям: будучая наша выяўленчая культура ў надзейных, трывалых руках. Пра гэта я думаў, калі глядзеў творы такіх розных, але аднолькава ўлюбёных у сваю справу жывапісцаў Дар’і Бунеевай, Руслана Сяргеева, Настассі Благавай, Івана Семілетава, Настассі Балыш, Кірыла Бандзерса, Ганны Сілівончык, Паўла Ксяндзова, Ганны Конанавай, графікаў Глеба Сідарэнкі, Аксаны Ондра-Арцімовіч, Наталлі Клімовіч, Дзмітрыя Шапавалава, Сафіі Піскун, Ганны Мельнікавай, скульптараў Вячаслава Руткоўскага, Станіслава Шашкова, Яўгена Дабравольскага, Юрыя Бірын-Паўлава, Вольгі Орсік, Крысціны Кулагінай, незвычайных фантазёраў у галіне інсталяцыі Аляксандра Балдакова, Валерыя Бірылы, Ганны Бундзелевай, Кацярыны Шымановіч, Кацярыны Шалкоўскай, Васілісы Палянінай-Календа… Не буду далей пералічваць імёны — іх, дастойных, шмат…

Вось Ганна Зарубіна назвала сваю кампазіцыю са шкла “Хто я?” Сапраўды, хто яна ў першую чаргу як мастак і асоба? Хто ўсе тыя маладыя людзі, якія паказалі ці імкнуліся паказаць на гэтай выстаўцы сваё ўласнае “я”, не падобнае на “суседскае”? Людзі-адзіночкі ці людзі, раствораныя ў натоўпе, хай сабе з пэндзлямі, алоўкамі ды разцамі? Хто адважыўся наросхрыст адкрыць сваё сэрца свету і свае адносіны да яго, напоўненага да краёў дзікімі кантрастамі быцця, бязлітаснымі войнамі, прыроднымі катаклізмамі? Аднак у гэтым свеце ёсць і любоў, і дабрыня, і мары. І галоўнае — вера. Вера ў мір на планеце, у шчасце Радзімы, у сям’ю, сяброў, настаўнікаў. І вера — у сябе, у сваё прызначенне на Зямлі як творцы-дэміурга. Вось тэмы, якія сёння павінны ў поўны рост паўставаць перад маладымі беларускімі творцамі, нашай апорай і надзеяй.

Што б там ні казалі, а “ўсярэдненасць”, нейкі “мёртвы зыб” нашага сённяшняга “дарослага” мастацтва, на якім толькі калі-нікалі ўспыхваюць іскаркі шчырага адкрыцця, можна канстатаваць як вызначаны аптымальна-выратавальны варыянт своеасаблівай уяўнай добраўпарадкаванасці і камфорту ў творчай суполцы. Гэта такая быццам бы гарантыя бязбеднасці “жыцця ў мастацтве”. Але тое, што “вокруг да около” пануе непрафесіяналізм, даўно нікога не бянтэжыць. Кожны лічыць сябе геніем, бо межы паміж “добрым” і “дрэнным” у мастацтве даўно сцёрліся.

Аднак маладым, тым жа ўдзельнікам выстаўкі “Сэлфі”, якія ўступаюць на самастойны творчы шлях, на мой погляд, такая “ўсярэдненасць” пакуль не пагражае. І ў гэтым сэнсе своечасовая максімальная падтрымка іх дзяржавай — матэрыяльная і маральная — дарагога каштавала б. Вось не так даўно з’явілася інфармацыя, што ў 2017 годзе ў нас у сістэме нацыянальных прэмій будзе прысуджацца і прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва — у тым ліку і найлепшаму маладому мастаку. І гэта вельмі радуе.

А ў прынцыпе прыспеў час міністэрствам культуры і адукацыі, Саюзу мастакоў і іншым зацікаўленым дзяржорганам і ўстановам падрыхтаваць і арганізаваць сапраўдную (не для птушачкі! не для справаздачнасці!) Рэспубліканскую канферэнцыю па праблемах маладых мастакоў. Бо сёння мала хто ведае, што ж насамрэч робіцца ў душах і сэрцах гэтага ў вышэйшай ступені крэатыўнага пакалення, якое ідзе нам на змену.

 

 

Барыс КРЭПАК

 

Твор мастацтва — гэта, так бы мовіць, візуалізаваная душа аўтара. Гэта таямніца, якую гледачам трэба нават не ўбачыць, а адчуць. Створаны візуальны вобраз — не проста штосьці адасобленае ад творцы, ён непадзельны з ім, бо паказвае ягонае “я”, ягоны ўнутраны стан.

На Рэспубліканскай маладзёжнай выстаўцы “Сэлфі” ў Палацы мастацтва прадстаўлены жывапіс, скульптура, ДПМ, графіка, інсталяцыі. Дар’я Бунеева — старшыня адпаведнай секцыі Беларускага саюза мастакоў, а таксама куратар “Сэлфі” з’яднала ў адной прасторы тры светы — віртуальнасць (на шчасце, гаворка толькі пра тэму), рэальнасць і мастацтва. Апошняе таксама можна лічыць светам вобразаў, колераў, формаў. Як мне падаецца, творы настолькі выразныя, што атрымалася шматгалоссе аўтарскіх “я”. Арганізатары выстаўкі задаліся пытаннем, які візуальны матэрыял адлюстроўвае наш час?

Але ж спачатку варта вызначыцца з сэлфі віртуальным і вобразным.

Што такое сэлфі ў мастацтве? Гэта не проста фіксацыя сябе ў самым непасрэдным сэнсе, як зараз гэта робіцца для Сеціва, каб паказаць знешні ідэальны вобраз альбо нейкае месца адпачынку. Рэальныя мы толькі ў той час, калі раскрываемся альбо хаваемся за пэўнымі вобразамі. Рэальны свет — гэта наш унутраны свет. Таму кожны твор ужо сам па сабе з’яўляецца сэлфі — асэнсаваным, зафіксаваным, створаным. Сэлфі ў мастацтве — вобразы, асацыяцыі, энергетыка аўтара. І кожны з прадстаўленых аўтараў паказаў сябе, і не вобраз-маску, а ўнутраны стан. Не дзіва, што нават гераіня твора “Голая праўда” Надзеі Букі зняла ўсе маскі.

Па вобразнай сістэме, колерах, выгінах, матэрыялах можна вызначыць тэмперамент, характар аўтара. І, зразумела, не кожны твор з ахвотай уступае ў дыялог. Да некаторых патрэбны асабісты падыход. Гэтая выстава нагадвае псіхалагічны тэст на асацыяцыі. Таму “Сэлфі” і ўдалася, бо асацыяцыі, вобразы ва ўсіх розныя: дрэвы, твары, жывёлы… Цікава тое, што многія закранаюць і агульначалавечыя праблемы, і філасофскія. Добра, калі арганізатары робяць зрэз, каб разумець, чым “дыхаюць” сучасныя мастакі, што адчуваюць, што іх хвалюе.

Жывапіс, як заўсёды, са сваімі непаўторнымі прысмакамі. Можна ўбачыць і аўтапартрэты, і людзей “механічных”, і сюжэты з тэатральнымі матывамі. Сярод аўтапартрэтаў варта адзначыць работу Рамана Коршунава, твор якога — энергія, рух колераў і мазкоў. Рэзкія плямы, схопленае святло — адбітак на акулярах, — усё зафіксавана імгненна.

На выстаўцы прадстаўлены чатыры работы Івана Семілетава — “У пошуках святла”, “Позірк”, “Асоба-4”, “Асоба-2”. Свет яго нагадвае акіян. Чаму? Калі не паглыбішся ў творы мастака, то ніколі не зможаш адкрыць самога Івана, ягоную творчасць, якая, на мой погляд, спецыфічная і пазнавальная. Ад некаторых карцін Семілетава вее адзінотай, меланхоліяй, неспакем, але гэта не адмоўная характарыстыка, а адлюстраванне светапогляду, тэмпераменту, індывідуальнасці мастака.

Пра сваё месца ў свеце задумваецца і Алена Вярстак. Твор называецца “5.45”. Але што гэта? Час нараджэння? На гэтую думку наводзіць і яйка на талерцы. Твор можна інтэрпрэтаваць як нараджэнне смелага творцы або ідэі. На сваёй карціне, якая падзяляецца на дзве часткі, а паміж імі — пустэча, аўтар пакінула месца, мабыць, для сваёй ідэі. Гэтая пустэча, як і мінімалізм твора ўвогуле сведчаць пра тое, што мастачка знаходзіцца ў пошуках.

Пазнавальныя, выразныя работы Ганны Сілівончык, у якіх не жыццё, а тэатр. І людзі, асабліва ў творы “Доўгія праводзіны”, нагадваюць дэкарацыі, бо галоўныя персанажы — мужчынскі грубаваты чобат і маленькі жаночы пантофлік застылі ў форме літары “Я”. Здаецца, твор Ганны Сілівончык — адлюстраванне адносін паміж мужчынам і жанчынай.

Тэму тэатральнасці працягвае карціна “Глядач” Вольгі Бычко. Перад намі — творца, які назірае за людзьмі. Мы не ўбачым ягонага твару, толькі блакітнае вока ды рукі. Мы прызвычаіліся, што гледачы не ствараюць, а паглядаюць ды ацэньваюць. Вольга Бычко парушае гэты стэрэатып: мастак таксама глядач.

Тэму пошуку сябе, свайго месца ў свеце, у прафесіі працягваюць скульптары. Крысціна Кулагіна ў творы “Пяты вугал” паказала чалавека, які не знайшоў прытулку ў пакоі, выйшаў з яго (не паслухаў Іосіфа Бродскага). Быццам бы вызваліўся ад рамак, і яму стала лягчэй. Вольга Сямашка паказала творчы працэс у майстэрні скульптара, а калі больш дакладна, то — адчай, сум, бо нічога ў героя не атрымліваецца. А Ганна Зарубіна задаецца пытаннем “Хто я?”. Тры твары, якія знаходзяцца нібыта ў розных часавых вымярэннях, таксама шукаюць адказ на пытанне.

Самародкі (“Самародак. Мужчынскі род”, “Самародак. Жаночы род”) Антона Нічыпарука зрабілі сябе. Мабыць, дэвіз ягоных скульптур з пластыку — “Зрабі сябе сам!” Спляценні частак цел кожнага паасобку — мужчыны і жанчыны — не толькі пачатак роду, а рэалізацыя ў прамым сэнсе.

Сюррэалістычныя матывы прасочваюцца ў скульптурах Юрыя Бірын-Паўлава “Сюррэаліст Рэнэ Магрыт” і Яўгена Дабравольскага “Чорны чалавек”, які, мабыць, увасобіў героя аднайменнай паэмы Сяргея Ясеніна, прычым персанаж Дабравольскага не мае галавы.

“Голас лесу” матэрыялізавалі Васіль Цімашоў, Аляксандр Сакалоў, Паліна Пірагова і Іван Арцімовіч (іх “Павук”, якога яшчэ можна ўбачыць каля Ратушы, стаў пазнавальным для мінчан). Гэтую тэму працягнула Святлана Амельчанка, прадставіўшы твор “Дрэва”, зроблены з бавоўны і лямца. Яе дрэва мае вялікую крону ў форме спіралі і нагадвае галаву, рух думак.

Якую выснову можна зрабіць? Выстаўка атрымалася разнастайнай і насычанай. Моладзь шукае сябе і сваё месца ў гэтым жыцці. Можна абазначыць яшчэ адно сэнсавае кола — зварот да прыроды. І галоўнае, што можна ўсё рэалізаваць: і голас лесу, і мару.

Вольга РОПАТ, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"