“А-а-а, гэта ты, паляшук!”

№ 48 (1226) 28.11.2015 - 04.12.2015 г

Міфы, ява і сустрэчы з Уладзімірам Караткевічам
20 лістапада Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры зладзіў прэзентацыю кнігі доктара філалагічных навук Аляксея НЕНАДАЎЦА “Уладзімір Караткевіч: прырода, фальклор і творца”. У манаграфіі, выдадзенай у кастрычніку «Беларускай навукай», даследуецца ўплыў прыроды, міфалогіі, фальклору на станаўленне творчай асобы пісьменніка. Менавіта ён рамантызаваў нацыянальную гісторыю, яе герояў і зрабіў іх шырока вядомымі. Аляксей Ненадавец, вядомы як даследчык магіі і язычніцкай рэлігіі беларусаў, распавёў "К", якім яму бычыцца свет, прыдуманы Караткевічам.

/i/content/pi/cult/562/12308/14-2.jpg— З чаго пачалося знаёмства з творчасцю пісьменніка?

— Мо спачатку была даніна модзе? Памятаеце той час, калі ўсе чыталі Караткевіча нагбом? Але, хутчэй за ўсё, тлумачыцца захапленне цікаўнасцю да нашай далёкай мінуўшчыны. У ранейшых літаратурных творах усё былое паказвалася неяк непраўдападобна, таму ў напісанае проста не верылася. А тут — свежыя погляды, трактоўка, сама падача матэрыялу. Вельмі падкупляла і веданне Караткевічам літаратуры, мовы, мастацтва, культуры, вуснай паэтычнай творчасці.

— Іншамоўныя чытачы з саюзных рэспублік на пачатку 1980-х ганяліся за часопісам “Нёман” з перакладамі Караткевіча. З чым гэта было звязана?

— Я тады ў войску служыў, і мы таксама імкнуліся набыць праўдамі і няпраўдамі “Чорны замак Альшанскі”. Напрыклад, мне яго дасылала ў далёкі Самарканд з Мінска мая будучая жонка. Дзякуй ёй вялікі за гэта. Стараўся і там быць у курсе літаратурных падзей, бо забралі мяне ў Савецкую Армію з аспірантуры пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук. Усё тут проста, як падаецца. Ніякіх міфаў! Беларусы нарэшце атрымалі магчымасць і ў літаратуры адчуць сябе беларусамі. Убачылі ўрэшце сваю гісторыю, культуру, фальклор. І аказалася, што ўсё гэта — неймавернае багацце. Яго можна было смела несці да любых чытачоў, прапаноўваць шырокай аўдыторыі. І аўтарскі погляд быў надзвычай нетрадыцыйным, адметным, спакойным, а ў нечым — вельмі рашучым, нават бескампрамісным. Беларус у Караткевіча ў любой сітауцыі не губляў гонару. Купала пра гэта калісьці на ўвесь голас крычаў: “Я мужык, а гонар маю!”. Сам жа не быў селянінам (мужыком), а паходзіў са шляхты, няхай сабе і збяднелай (паводле Караткевіча — “солі зямлі беларускай”), але выдатна разумеў, на чыіх плячах трымаецца “ўвесь свет белы” і ад імя каго трэба выступаць, “несці крыўду”. Праўда, нашы тагачасныя песняры (Купала, Колас, Багдановіч) мала пісалі пра айчынную гісторыю, згадвалі, у асноўным, міфы, (міфічныя архетыпы: сон, долю, зло, музыку, дабро, шчасце, барацьбу дабра і зла і іншыя). Не дзіўна, што Уладзімір Караткевіч працягнуў і значна пашырыў іх традыцыі.

— Каля няма міфу, варта яго прыдумаць?

— Не! Ён не быў міфатворцам. Прынамсі, вельмі не любіў такога азначэння. Хацеў, каб называлі рэалістам. Нават крыўдзіўся, калі чуў ад некага з літаратуразнаўцаў такое слова. Але, на вялікі жаль, рэальны свет беларуса далёка не заўсёды з’яўляўся такім светлым і лёгкім, якім яго часта маляваў Уладзімір Сямёнавіч. Ды ён стварыў адметны нацыянальны каларыт, які натхняў чытача самому корпацца ў радаводзе, запісваць ад бабуль нашы легенды ды паданні, песні, замовы, частушкі, прыказкі, прымаўкі, проста цікавыя аповеды. Відаць, адчуваў, што нядоўгі век яму наканаваны і стараўся напісаць як мага больш і ў драматургіі, і ў краязнаўстве, і ў паэзіі з прозай. Усюды імкнуўся паспець. Недзе спяшаўся, таму не дзіўна, што ў нечым і распыляўся.

— Але выхаваў пакаленні беларусаў. І потым паступова сам пераўтварыўся ў міф?

— Як ні шкада, але ў сённяшніх маладых на пярэднім плане не гераізаваны Караткевічам Алесь Загорскі, а камп’ютар. Чытанне цяпер — не актуальнае, яно не ў актыўным ужытку. А няведанне беларускай гісторыі не замінае з’язджаць у Еўропу і жыць, нават не згадваючы пра Радзіму. А калісьці Караткевіча ад рукі перапісвалі, а потым яшчэ перапісанае перапісвалі і перадавалі з рук у рукі. Што зробіш, як кажуць у папулярным літаратурным творы: “Быў час, быў век, была эпоха…”

— Ці не да месца тут прэтэнзія і да тэлебачання, і да “Беларусьфільма”? Калі і ствараць нацыянальныя серыялы, дык у першую чаргу — паводле твораў Караткевіча. А мы ўсё скардзімся, што сцэнарыя цікавага няма…

— У свой час фільмы па Караткевічу былі створаны вельмі слабыя. “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” можа і заняў бы нейкую нішу, але быў пакрэмзаны перастраховачнай цэнзурай і пакладзены на доўгі час на паліцу. Караткевіч скардзіўся, што яго нават на здымачную пляцоўку не дапускалі, ігнаравалі ўсе заўвагі. Маўляў, не катурхайся асабліва. Не падабаецца такі варыянт, дык увогуле ўсё перапынім, адхілім далейшыя прапановы, створым невыносныя ўмовы — такія, што і сам усё кінеш.

Адносна асобы самога Караткевіча, ягонай творчасці, творчых асаблівасцей, творчай манеры і характару, дык, здаецца, дастойных дакументальных фільмаў таксама амаль няма. А тое, што ёсць… Па-першае, дзякаваць богу, што хоць такое захавалася, а, па-другое, сцэнарыі пісаліся надта ж ужо нейкія спрошчаныя. Ці ўстаноўка была такая, ці своеасаблівая традыцыя панавала. Яна і не давала магчымасці думаць па-іншаму.

— Распавядзіце, калі ласка, пра вашы сустрэчы з пісьменнікам.

— Першы раз сустрэча адбылася адразу пасля выхаду сувенірнага выдання “Чорнага замка Альшанскага”. Мы з таварышам як актыўныя прыхільнікі творчасці пісьменніка вельмі ўзрушана ўспрынялі падзею. Кампаньён сказаў, што ведае дом і пад’езд, у якім жыве творца, і мы ўвечары рушылі да яго. Калі пазванілі ў дзверы, то таварыш, ці то ад нечага страхуючыся, ці то з пераляку раптоўна знік. Тым часам дзверы шырока адчыніліся, і я застаўся сам-насам з Уладзімірам Сямёнавічам, які рашуча махнуў рукою і прагуў: “Заходзь!”. З кватэры я выйшаў толькі ранкам. Усю ноч, вядома ж, гучалі імправізаваныя тосты за цудоўных беларускіх жанчын. Праўда, апошняя фраза Караткевіча, ужо на досвітку прамоўленая, была такая: “Ды дзе ж ты бачыў разумную бабу!”…

Другая сустрэча атрымалася развітальнай. Тым страшным сакавіцкім днём я заўважыў Караткевіча на лаўцы ў скверыку ля Купалаўскага тэатра. Быў ён счарнелым, з патухлымі вачыма, невідушчым нейкім позіркам, але ўсё ж мяне пазнаў і стомлена працягнуў: “А-а-а, гэта ты, паляшук!”. Усяго толькі дзве сустрэчы. Таму ніколі і нікому не кажу, што быў блізка знаёмы з пісьменнікам, што расказваў ён мне нешта са сваіх творчых планаў, што дзяліўся нейкімі задумамі. Такога не было. Але я шчаслівы тым, што бачыў гэтага чалавека, сядзеў з ім за адным сталом, гаманіў (найбольш слухаў). З гэтых выпадковых сустрэч, а дакладней, з адной, зрабіў для сябе цвёрдую выснову: што быў ён працаголікам і, да таго ж, надзвычай ранімым.

— Як вам кніжка давалася?

— Не цяжка. Не спяшаўся, пісаў доўга, часткамі. Раздзел “Майстра ў белай кашулі…” зрабіў самым апошнім. Караткевіч прымае ванну, апранае белую сарочку, садзіцца за чысты стол і працуе — гэта як своеасаблівы абрад. Паляванне, лес, гульні, варажба, танцы… Пісьменнік тонка разумеў іх ролю ў жыцці нашых продкаў. Але часта рамантызм яго захлёстваў…

— І напэўна, каб захавалася раўнавага, паралельна са светам Уладзіміра Караткевіча існаваў і свет Васіля Быкава.

— Так. Быкаў — бытаапісальнік, суровы, брутальны, прыхільнік акопнай праўды. Караткевіч — узнёслы летуценнік.

— Мне даспадобы — свет Караткевіча. Як цудоўна “Кніганошы” пачынаюцца: “У бярозавым лесе — любіцца, у сасновым — маліцца, у дубовым — волю каваць, у яловым — душу д’яблу прадаваць...”. У кожнага леса — свой брэнд. А мы гэтыя брэнды-міфы пагублялі…

— Раней кожная вёска імі славілася. Тыя — дравасекі, а тыя — з балота не вылазяць. Якуб Колас калісьці смяяўся са сваіх ранніх герояў-палешукоў, а потым сам патрапіў у Люсіна і захапляўся сілай і талентам насельнікаў Палесся… У нас і па сёння вёсачка на дзясятак двароў мае пяць-шэсць легенд пра сваё паходжанне, а вось у буйнога Віцебска няма аніводнай.

— І так бывае, што мы сваіх паданняў саромеемся і атаясамліваем назву паселішча з асобай нейкай напаўміфічнай расійскай імператрыцы. Маўляў, выпэцкала Кацярына чаравічкі, пашаркала нагамі — там праз час і з’явілася Шаркаўшчына.

— Адметнасць беларускага свету — гэта не адна гадзіна гаворкі. У кожнай вёсцы яшчэ нядаўна можна было сустрэць чалавека, які распавёў бы пра сваё паселішча процьму гісторый.

— Ведаю, вы ў асобных раёнах Беларусі і па пятнаццаць разоў пабывалі ў пошуках фальклору, а носьбітаў яго называеце “інфарматарамі”.

— Бываў, магчыма што, і больш. Сапраўдных інфарматараў, носьбітаў духоўнай спадчыны, ужо практычна не засталося. А сабраны матэрыял я амаль ужо апрацаваў і выкарыстаў. Нешта, бясспрэчна, чакае сваёй кнігі і свайго часу.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"