Як з Гётэ сустрэліся (б) Караткевіч з Кашкурэвічам

№ 48 (1226) 28.11.2015 - 04.12.2015 г

Пра што творцы розных часоў маглі пагутарыць на Парнасе
У 1970-я на адной з прыступак Парнаса сустрэліся беларусы — мастак Арлен Кашкурэвіч і пісьменнік Уладзімір Караткевіч. А натхняльнікам гэтай сустрэчы стаў… нямецкі паэт Ёган Вольфганг Гётэ, трагедыю якога “Фаўст” пераклаў на беларускую мову Васіль Сёмуха. Для першага выдання перакладу мастак рабіў ілюстрацыі, а пісьменнік каментаваў іх, завітаўшы да сябра на Парнас. Такім Парнасам стала майстэрня Кашкурэвіча, дзе і адбылася (а чаму б, у рэшце рэшт, і не?) сустрэча беларусаў з вялікім алімпійцам. Прынамсі, так пра тое спатканне мне распавёў Арлен Міхайлавіч, а сёе-тое для стварэння палілогу дадала аўтар гэтых радкоў.

/i/content/pi/cult/562/12306/14-1.jpg(Адразу зраблю адступленне. Памятаеце, “сам Пушкін, Лермантаў, Жукоўскі і Гогаль шпарка каля нас прайшлі, як павы, на Парнас”. Здаўна добра вядомы пералік алімпійцаў рускай класічнай літаратуры. Так, яны ўзышлі не толькі на сусветны Алімп, але і на беларускі Парнас: і Пушкін, і Лермантаў, і Жукоўскі, і Гогаль прысутнічаюць у прасторы беларускай культуры, а значыць, маюць сваё месца на нашай вяршыні. Але з тых часоў народу на Парнасе значна пабольшала. Таму што з тых самых часоў Парнас стаў і вяршыняй нацыянальнай культуры. Колькі ж цудоўных сустрэч адбываецца на ім, якія нячутныя нам размовы вядуцца на яго прыступках…)

Дык вось, дзесьці ў 1970-х мастак прачыніў дзверы, і Уладзімір Караткевіч увайшоў у майстэрню. Спінай да вялікага — на ўсю сцяну — акна сядзеў той, каго не пазнаць было немагчыма. Той, дзякуючы каму адбудзецца і сённяшняя сустрэча. Высокі, хударлявы, і гэта не хавалася за ганарлівай паставай таго, хто сядзеў у крэсле. Выразна бачыліся агульныя абрысы твару, пранізлівыя вочы, арліны нос, высока ўскінутая галава…

“Гётэ”, — выдыхнуў напаўшэптам пісьменнік.

Гётэ: — “Пара! Гатова сцэна, дзякуй богу, — збіраюцца на свята гледачы…”

Арлен Кашкурэвіч: — Разам з жонкай мы чыталі Вашага “Фаўста” ў арыгінале. Параўноўвалі пераклады асобных урыўкаў трагедыі… І гэта мэтазгодна, бо пераклад — творчая праца…

Гётэ: — Шаноўныя спадары, і да вас звернутыя словы, адрасаваныя маім сябрам. Бо хто можа быць лепшым сябрам, чым удзячныя нашчадкі… “Сустрэча з вамі абуджае штосьці з былых надзей, з парываў маладосці… І зноў душа мая нястрымна рвецца, у край маўклівых вобразаў імкне…”

На гэтыя словы паэта адказаў Арлен Кашкурэвіч:

— Так, я мастак. Я ілюструю творы, што сугучныя маім уласным памкненням. Ідэі, закладзеныя ў літаратурным творы, атрымліваюць у маіх працах развіццё, прычым могуць развівацца так далёка, што становяцца зусім самастойнымі. Але заўсёды літаратурны твор з’яўляецца крыніцаю натхнення. Найчасцей цікавасць да ілюстравання вызначаецца маштабнасцю твора, значнасцю пастаўленых праблем. “Фаўст” Гётэ — актуальны для ўсіх часоў. Сучаснаму мастаку варта адчуць у ім тое, што асабліва сугучна нашым дням.

Уладзімір Караткевіч, пачуўшы кароткую размову, адчуў сябе больш вольна і далучыўся да суразмоўцаў:

— І таму да веку настойліва будуць звяртацца да Вашага твора мастакі. Бо гэта адна з самых лепшых магчымасцей выказаць сябе, сваю думку, светапогляд, свой шлях да выйсця… Мастакі сапраўдныя становяцца на адзіна верны шлях: пошукі “Фаўста” сваёй эпохі, “Фаўста”, які адказвае на трывожныя пытанні, што стаяць перад сучаснікам, чалавекам сваёй грамады. Такі шлях абраў і ты, мой сябар…

Кашкурэвіч: — У сваіх старых нататках, якія рабіў падчас работы над “Фаўстам”, запісаў: “Больш важна увасобіць дух твора, чым эфектныя сюжэтныя сітуацыі”.

Гётэ відавочна ўсё больш цікавіла гутарка людзей, для якіх ён не здань, не класік, што адышоў у тое мінулае. Зноў яму прыгадаліся першыя радкі “Фаўста”: “Вы зноў са мною, дарагія здані, зноў вабіце ў мінулае мой зрок…” Толькі ў гэтым дзіўным пакоі з рэчамі, якіх ён ніколі пры сваім жыцці не бачыў, Гётэ адчуў, што не, не ў мінулае цяпер скіраваны яго погляд… Гэта ён вачыма свайго стогадовага Фаўста бачыць будучыню. І не тую, якую ўбачыў яго герой, але нейкую іншую, там, дзе не толькі Фаўст, але найперш ён сам, вялікі алімпіец, запатрабаваны і пакліканы на размову… І ён звярнуўся да прысутных:

— Мой герой прагне спасцігнуць крыніцы жыцця і найвышэйшыя парыванні духа, “ён патрабуе з неба лепшых зорак і асалод найлепшых на Зямлі”. Дух Зямлі адмаўляе яму ў адказе на гэтыя пытанні: усё трэба спасцігаць самому. Але ж калі жыццё, так актыўна-напружана і ў такіх захапляльных думках-разважаннях пражытае, у выніку так і не дало адказу, магчыма, гэта зробіць смерць. “Для мяне ўпэўненасць у вечным жыцці выцякае з паняцця дзейнасці. Паколькі я дзейнічаю няспынна да самага свайго канца, прырода абавязана прадставіць мне іншую форму існавання, калі цяпершней больш не ўтрымаць майго духу”, — так, здаецца, я сказаў у прысутнасці свайго сакратара Экермана, і, калі не памылюся, ён пазней выдаў кнігу пра размовы са мной…

Мастак узяў у рукі першую ілюстрацыю да твора:

— У першай сцэне Фаўст замкнуўся, зачыніўся ў сваім кабінеце сярод кніг, чэрапаў. Прэпараваны труп — гэта яшчэ адна магчымасць спасцігнуць сутнасць жыцця, матэрыі. Але што можна зразумець у мёртвым целе?! Намаганні Фаўста мёртвыя, як і ўсё, што яго акаляе. Яго пакуты і бяссілле ў пазнанні Ісціны падобныя да гэтага ўздыбленага трупа…

— Але ўгледзьцеся, — звярнуўся Уладзімір Караткевіч да прысутных. — Перад вамі НАШ “Фаўст”, НАШ час, расторганы і неспакойны. З лабараторнымі пошукамі ісціны (і зла), калі не ведаеш — анатамічны перад табой прэпарат або чалавек на прэнгу…

Гётэ, нібыта зазірнуўшы ў самога сябе, углыб сваіх думак, наноў прыгадаў гэтую сцэну — “Ноч. Пакой Фаўста”:

— У жыцці Фаўст не знайшоў адказы на свае пытанні. Тады, магчыма, Смерць дасць адказы на іх? І Фаўст бярэ ў рукі “флакон, фіял, крыніцу творчага, смяротнага імпэту” — і вітае Смерць. Так, “вітаю я цябе, адзіны мой фіял… Цябе, увасабленне міру і спакою… На моры, што ў душы, мне ўжо адліў відзён. Прасторы чыстых сініх вод мяне завуць, імкнуць і вабяць у паход да новых берагоў, да новых дзён…” Так, я веру ў працяг жыцця пасля смерці, хоць, здаецца, адзін з будучых вашых класікаў, адчуваючы блізка каля сябе подых Непахіснай, адкажа: “І разрытаю магілай цягне сумна на мяне”… Але ж мой герой адчувае іншае на парозе небыцця: новыя берагі, новыя далі…

Словы Гётэ гучалі як новае абуджэнне Фаўста, і сябры не маглі не вярнуцца да знаёмых вобразаў наноў.

Арлен Кашкурэвіч:

— А пакуты Фаўста — гэта пакуты ад незадаволенасці яго душы, ад яго спробы зразумець, спасцігнуць Ісціну. Вось чаму ён і вырашыў гэтую атруту выпіць…

“Паслухай, Арлен, гэта ж чалавечы мозг!..”, — раптоўна перапыніў мастака Караткевіч.

Нібыта разгублена звяртаючыся да прысутных, Арлен Кашкурэвіч сказаў:

— Не, я дакладна не ведаў, што малюю, проста праводзіў крывыя лініі. Інтуіцыя ж дазволіла быццам зазірнуць у будучыню, — цяпер мастак глядзеў проста ў вочы Гётэ: — Мастацтва — гэта неспазнавальная да канца з’ява нават для самога мастака, таму што ён творыць, а глыбіні сэнсаў і вобразаў з цягам часу прачытваюць іншыя пакаленні, даследчыкі…

Галіна АДАМОВІЧ,  доктар філалогіі, прафесар кафедры беларускай літаратуры і культуры БДПУ імя Максіма Танка

(Працяг гаворкі пра тое, як з Гётэ сустрэліся (б) Караткевіч з Кашкурэвічам, чытайце ў наступных нумарах “К”.)