Эскіз для помніка

№ 48 (1226) 28.11.2015 - 04.12.2015 г

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Слуцкі раённы выканаўчы камітэт абвясцілі конкурс эскізных праектаў помніка Анастасіі Слуцкай, які плануецца ўстанавіць у райцэнтры.

Мэтай творчага спаборніцтва з’яўляецца пошук найбольш выразнага вобраза легендарнай княгіні як жанчыны-воіна, жанчыны-абаронцы. Удзельнікамі конкурсу могуць быць скульптары і архітэктары, якія маюць адпаведную прафесійную адукацыю.

Конкурсныя матэрыялы павінны быць прадстаўлены на цвёрдым планшэце памерам 1,0х1,0 метр, мець сціслую тлумачальную запіску з абгрунтаваннем праекта, генеральны план у маштабе 1:500, праектнае горадабудаўнічае рашэнне алеі з помнікам, візуалізацыю архітэктурна-пластычнага рашэння помніка і мадэль апошняга ў маштабе не менш за 1:10.

Кампазіцыйнае і пластычнае выкананне помніка павінна быць вытрымана ў найлепшых традыцыях класічнага і нацыянальнага манументальнага мастацтва. Таксама варта ўлічыць, што помнік павінен быць усталяваны ў скверы па вуліцы Вялікая Горка ў горадзе Слуцку з улікам агульнай горадабудаўнічай сітуацыі і гістарычнага цэнтра горада, візуальнага ўспрыняцця помніка з розных участкаў сквера.

Каб прыняць удзел у конкурсе ў тэрмін па 14 снежня 2015 года ўключна ўсім ахвотным трэба падаць заяўку паводле адзінай формы па адрасе: г. Мінск, пр. Пераможцаў, 11, каб. 309.

Конкурсныя матэрыялы павінны быць прадстаўлены ўдзельнікамі конкурсу 14 снежня 2015 года не пазней за 17.00 па адрасе: г. Мінск, пр. Незалежнасці, 81, галерэя ўстановы адукацыі “Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў”.

Больш падрабязную інфармацыю пра конкурс эскізных праектаў можна адшукаць на афіцыйных сайтах Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Слуцкага райвыканкама і Мінскага абвыканкама.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"