У двух кроках ад “новай хвалі”?

№ 48 (1226) 28.11.2015 - 04.12.2015 г

Дык схлыне яна або ўдарыць: досвед “Лістапада-2015”
34 стужкі — супраць 23-х мінулага года. Але не толькі ў колькасці справа. Яны ёсць — тыя маладыя кінематаграфісты, што здымаюць цікавае кіно. За ўласныя грошы. Проста таму, што гэта крута. Пра тое, што баліць. Нацыянальны конкурс сёлетняга “Лістапада” паказаў, што кіно можа быць справай не толькі “па заказе”, а народжанай па волі мастака, рэжысёра. Бо менавіта незалежныя кінематаграфісты вялі рэй на конкурсе.

/i/content/pi/cult/562/12302/2-1.jpgСкажам, Дар’я Юркевіч, чый фільм “Баба, Ваня і каза” атрымаў дыплом на “Лістападзе-2014”, гэтым разам прадставіла на конкурс дакументальную стужку “Пасха Хрыстова”. Некалькі гадоў Дар’я са сваёй камандай здымала святкаванне Вялікадня на ўскрайку Мінску: невялічкі драўляны храм у атачэнні новабудаў, мясцовыя жыхары прыходзяць асвяціць ежу. Трынаццаціхвілінная карціна-эсэ, у якой усё дзеянне адыбваецца на пятачку ля храма, — але прыкметы трансфармацыі постсавецкага грамадства навідавоку. Неабавязковы шпацыр ператвараецца ў трапнае назіранне.

Сяргей Каласоўскі і яго дакументальная карціна “Шэпты і крыкі Тані Б.”. У фокусе ўвагі — ваганні і каштоўнасці новага пакалення, іх памылкі (учынкі?) і памкненні. Іх рэаліі. На прыкладзе лёсу “адчайнай тусоўшчыцы” Таццяны, што спалучае ролю маці і танцоўшчыцы, вымушанай зарабляць на хлеб.

“Госці” Андрэя Куцілы — і моцная “праблемная карэспандэнцыя”, якая ўрэшце адрасуе пытанні не толькі да дзяржаўных інстытуцый, а ўвогуле да сучаснага грамадства Беларусі, не чулага да спагады. Брат Луіджы па ўласнай ініцыятыве стварыў прытулак для бяздомных, але ў гаспадарцы, дзе жывуць хворыя і беспрытульныя, няма адпаведнага статусу — улады ніяк не здолеюць вызначыцца, як ставіцца да гэтай ініцыятывы. У выніку падобнага становішча падапечныя брата Луіджы — усяго толькі госці ў гаспадара.

“Але хто мы ўсе на гэтым свеце, як не госці?” — фільм Андрэя Куцілы задае пытанне нібыта ў абарону героя, які сам некалі, яшчэ ў “тым жыцці”, з’яўляючыся медыкам, выкідваў з “хуткай” такіх небаракаў, але ў той жа час — звяртаючыся да кожнага з нас. Ці маем права мы асуджаць гэтых людзей? Дзе палягае мяжа міласэрнасці? Хто ў праве яе вызначаць? І ці ёсць у нас права замінаць тым, хто мае веру і сілы апекаваць бедных і хворых? Перад намі моцная праца кінематаграфіста з асабістым пасылам і аргументаванай крытыкай, да якой складана не прыслухацца.

Усё гэта развагі і пошукі тых кінематаграфістаў, якія вымушаны самі знаходзіць сродкі на свае карціны. І тэмы тут — зусім не лёгкія, як і пасланні, разлічаныя на самага рознага гледача.

Хто ж гэтыя людзі, што робяць сучаснае маладое кіно? Большасць з іх — выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, але ёсць і адмыслоўцы з іншай адукацыяй: псіхолагі, эканамісты, менеджары, матыматыкі… Да прыкладу, Іван Маслюкоў, чыя ігравая стужка “Фартуна” была прадстаўлена на конкурсе, з’яўляецца стваральнікам культавай сталічнай квэст-гульні пачатку 2000-х — “Схватка”. Прычым, у Івана гэта далёка не першая карціна, а ўжо чацвёртая. Рэжысёр зусім не лічыць кіно нейкай забаўкай, а ставіцца да справы з поўнай аддачай. Бюджэт “Фартуны” — каля 2 тысяч долараў. “За час працы ў кіно давялося асвойваць усе спецыяльнасці адразу”, — прызнаецца ён. Акцёры здымаліся за ўмоўнае ўзнагароджанне, уся каманда працавала “без грошай і гарантый”. Падобны энтузіязм і схема — амаль у кожнага другога, хто ўдзельнічае ў конкурсе. І пляцоўка “Лістапада” становіцца ці не адзінай, дзе маладым кінематаграфістам можна паказаць плён сваіх высілкаў.

У Сяргея Каласоўскага ў конкурсе заяўлены дзве работы — вышэйзгаданы дакументальны фільм “Шэпты і крыкі Тані Б.” і кароткаметражная ігравая стужка “Пугач”. І — знаёмая гісторыя. Гэтаксама асабістыя ўкладанні ў памеры каля дзвюх тысяч “умоўных адзінак” у “кароткаметражку”, доўгі кастынг на ролі галоўных герояў — хлопчыкаў (чытай — значная праца з дзецьмі), і вынік — дванаццаціхвілінная карціна, якая ўжо мае ўдалы фестывальны лёс, пабываўшы ў ЗША, Паўднёвай Карэі і Расіі.

Выпускнік Акадэміі мастацтваў Мітрый Сямёнаў-Алейнікаў. Міця зарабіў на стужку, падпрацоўваючы падчас сваёй далейшай вучобы ва ВГИКе. У яго, бадай, самы вялікі бюджэт з незалежных кінематаграфістаў — набліжаецца да 7 тысяч “умоўных”. “Нават машыну набыў, каб спаліць у кадры, — прызнаецца рэжысёр. — Але гэтай “ахвяры” не спатрэбілася. Калі здымаеш — у працэсе і вучышся”. Малады кінематаграфіст рэзюмуе: “Ніхто не абяцаў, што будзе лёгка, таму падтрымліваеш сябе як можаш”.

Вось так — як можаш, з тымі, хто падзяляе твой энтузіязм, аб’ядноўваючы сумесныя рэсурсы ды высілкі, і выходзіць на сцэну новае пакаленне рэжысёраў. І пры гэтым фільмы, што патрапілі ў Нацыянальны конкурс “Лістапада”, язык ніяк не паварочваецца назваць дылетанцкімі. Імпэт, драйв, пасыл, свежае мысленне — усё гэта яны ўтрымліваюць. І натхняюць, нягледзячы, часам, на пэўныя недахопы, зацягнутасці і “шарахаватасці”.

І самае цікавае, што падобная расстаноўка сіл — адсутнасць бюджэтаў і рэсурсаў — можа ўспрымацца як дадзенасць, пачатак, поле для эксперыменту. Такі падыход, прынамсі, дэманструе Мікіта Лаўрэцкі — малады кінематаграфіст з матэматычнай адукацыяй, які робіць карціны зусім без бюджэтаў. Фотаапараты, мабільныя тэлефоны, web-камеры, дыктафоны ў якасці неабходнага абсталявання. Сябры — у якасці акцёраў. Усё амаль як у яго калег, але з мінімальнымі “прэтэнзіямі” ў тэхнічным плане. Але ў творчым…

У творчым — ёсць і стыль, і эстэтычны кодэкс. Мы, па сутнасці, дачакаліся беларускага “мамблкора” — паджанру незалежнага кінематографа, якому ўласцівы нізкі бюджэт і ўдзел акцёраў-аматараў. Але сэнс у тым, што свае “недахопы” “мамблкор” можа ператварыць у вартасці. І ў выпадку работ Мікіты Лаўрэцкага так акурат і адбываецца.

Можна, да прыкладу, адсякаючы працу аператара, зрабіць фільм у Інтэрнэце. Адна са стужак рэжысёра — карціна “Паэзія” (“Poetry”) — створана выключна з дапамогай і ў Сусветным павуцінне. Акцёраў Мікіта знайшоў таксама праз Сеціва; у фільме — дыялогі герояў адбываюцца праз відэасувязь, ёсць здымкі на тэлефон, усё цалкам даступна, але ў выніку — “дзіўная нарэзка” складваецца ў цалкам адчувальную гісторыю, якая ўзнікае з ніадкуль і сыходзіць у нікуды. Як нашы пачуцці. Як паэзія. Прычым рэжысёр не абапіраецца на падобны фармат прынцыпова — як на экперымент дзеля экперыменту: гэта форма нарадзілася з гісторыі, сцэнарыя — і атрымалася для яе ўвасаблення найарганічнай.

Што да галоўнага “хіта” Лаўрэцкага — стужкі “Беларускі псіхапат”, — гэта ўвогуле “мамблкор” з элементамі саспенсу, амаль што “мамблгор”, які абяцае далучанасць да “жахаў” і крывавай развязкі. Але тутэйшы “…Псіхапат” аказваецца камедыйнай гісторыяй пра гэткага разумніка, які ніяк не можа наладзіць стасункі з дзяўчатамі. Пры гэтым — саспенсу ў карціне хапае, таксама як і гумару. Дасціпныя дыялогі, свядомая гульня з чаканнямі гледача, смелая рэжысура — і ў выніку фільм за 400 тысяч беларускіх рублёў аказваецца цікавейшым за высокабюджэтныя эпасы. Гэта кіно, у якім заўважная “нагледжанасць” рэжысёра, яго свядомы выбар — калі адмаляўюцца ад чагосьці, каб набыць у іншым. Магчыма, для пэўнай часткі публікі вопыты Лаўрэцкага пададуцца занадта складанымі ці непрывабнымі — карцінка нізкай якасці, няясны гук, але гэта кіно, якое не аглядваецца на штампы і “патрабаванні”, нараджаючыся “тут і зараз”, з таго, што ёсць. Жывое, непрычасанае, дзіўнае, але таму і прыцягальнае.

Што ж маем у выніку? Вялікі запал энтузіязму пакалення, якому карціць здымаць кіно. Няхай вас не ўвядуць у зман бюджэты — гэта кіно, якое дыхае, расце і здольнае прывабіць гледача.

Нават беларускія “эмігранты”, чые работы таксама былі прадстаўлены ў конкурсе, дэманструюць тонус і той самы імпэт “новай хвалі”. Пра што здымаюць? Ды гэтаксама пра тое, што перажываецца, аб чым думаецца і куды вядзе фантазія, у тым ліку. Выпускніца БДАМ Таццяна Гаўрыльчык, да прыкладу, зрабіла дакументальную стужку пра жыццё сляпых дзетак, што вучацца ў спецыялізаванай школе ў Венгрыі. (Таццяна скончыла магістратуру міжнароднай праграмы DocNomands у Будапешце). Рэжысёр-аніматар Генадзь Буто, які працуе ў Санкт-Пецярбурзе, у сваёй рабоце “Яно”, спалучыўшы надзённасць і жанравасць, стварыў, па сутнасці, амаль хічкокаўскую саспенс-анімацыю пра залежнасць чалавека ад любых страсцей, у тым ліку, наркатычных. Нагадаўшы па рытме, атмасферы карціны творы Эдгара По і Говарада Лаўкрафта. А мінчанка Дар’я Жук, якая скончыла Калумбійскі ўніверсітэт у ЗША, выдала яскравую кароткаметражку пра адчуванне эмігранта ў іншым культурным асяроддзі — фільм "Сапраўдная амерыканка". Прычым не поўную тугі і адчаю, як часам прынята, а выкліку і здаровай іроніі, стварыўшы вобраз эмігранта, здольнага пастаяць за сябе.

Усе гэтыя прыклады пацвярджаюць галоўны кірунак — у бок вольнага самавыяўлення і шчырай творчасці, які ўжо дае свой плён. Не буду нагадваць пра тое, што работы многіх маладых кінематаграфістаў ужо заяўлены на міжнародных фестывалях. І гэты рух — удача і надзея для беларускага кінематографа. Шукаць таленты не трэба, яны ёсць, — гэта і паказаў “Лістапад”. Але ці скарыстаецца тым творчым патэнцыялам дзяржава? Ці будуць задзейнічаны гэтыя таленты? Ці створацца спрыяльныя ўмовы для іх творчасці, альбо праз пэўны час мы зноў будзем шукаць хаця б “рака на бязрыб’і”, каб назваць яго беларускім кіно? Усе гэтыя пытанні пакуль не маюць адказаў.

...Дарэчы, Музей гісторыі беларускага кіно з 1 снежня пачынае праграму "Лістапад. Беларуская калекцыя", у рамках якой пакажуць фільмы Нацыянальнага конкурсу.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"