Каб запоўніць кадравыя прабелы...

№ 48 (1226) 28.11.2015 - 04.12.2015 г

З калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь
Збіты выраз “Кадры вырашаюць усё” неаднаразова прыгадваўся на пасяджэнні калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь па тэме “Аб стане кадравага забеспячэння галіны культуры і падрыхтоўцы спецыялістаў для арганізацый сферы”. Дый мала хто сумняецца, што дадзенае выслоўе тут як ніколі дарэчы.

Статыстычныя даныя адносна кадравага становішча ў галіне, якія прагучалі на пасяджэнні калегіі, наўрад ці маглі кагосьці здзівіць — хаця пэўныя прыемныя сюрпрызы яны, усё ж, утрымлівалі. Напрыклад, наступны. Абсалютная большасць (85 %) 62 з паловай тысяч работнікаў культуры маюць спецыяльную адукацыю. А калі ўлічыць, што ў тэатрах альбо музеях працуюць таксама дворнікі ды прыбіральшчыцы, якім для выканання сваіх абавязкаў дыпломы не патрэбны, можна смела сцвярджаць: доля “практыкаў” сярод работнікаў культуры зменшылася амаль да нуля.

Наўрад ці хто здзівіцца, пачуўшы, што прыблізна тры чвэрці работнікаў культуры — гэта жанчыны. А вось ва ўзроставым разрэзе статыстыка прыемна здзіўляе. Як выявілася, стэрэатып адносна таго, што ў гэтай сферы працуюць ледзь не адны пенсіянеры, зусім не адпавядае рэчаіснасці. Амаль сорак працэнтаў работнікаў галіны — гэта людзі сярэдняга веку (32 — 49 гадоў), які найбольш цэніцца на рынку працы. Моладзь складае таксама даволі шматлікую катэгорыю — 23 %. Больш за тое, як падкрэсліў у сваім дакладзе намеснік міністра культуры Васіль Чэрнік, працэнт маладых спецыялістаў за апошні год нават нязначна павялічыўся. І тым не менш, менавіта іх падрыхтоўцы была прысвечана значная частка пасяджэння.

Нядаўняя аптымізацыя скараціла колькасць работнікаў культуры краіны прыкладна на 10 %, але пры гэтым кадравая праблема па-ранейшаму застаецца нявырашанай. Чатыры з паловай тысячы вакансій чакаюць сваіх суіскальнікаў. Установам культуры больш за ўсё не стае харэографаў, гукарэжысёраў, спецыялістаў па менеджменце і маркетынгу…

Па словах Васіля Чэрніка, моцна адчуваецца таксама і брак кваліфікаваных рэстаўратараў. Нядаўні першы выпуск гэтых дэфіцытных спецыялістаў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў быў нешматлікім — усяго сем чалавек. Але пры гэтым працэс іх падрыхтоўкі паступова адладжваецца і ўдасканальваецца. Як адзначыў гендырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў, яго ўстанова адпрацоўвае з Акадэміяй алгарытм супрацоўніцтва, мэта якога — максімальна падрыхтаваць студэнтаў-рэстаўратараў да будучай практычнай дзейнасці. Без сумневу, такое ўзаемадзеянне паміж музеем і ўстановай адукацыі можа прынесці плён.

У той самы час, гэты падыход пакуль не ахоплівае некаторыя “штучныя” прафесіі — якіх у галіне культуры, вядома ж, не бракуе. Прыкладам, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Кацярына Дулава звярнула ўвагу на наступную праблему: дыпламаваных кампазітараў размяркоўваць папросту няма куды, бо штатныя расклады падобных вакансій не прадугледжваюць.

Як сведчыць статыстыка, праблем з адпрацоўкай размеркавання сёння практычна не ўзнікае: амаль усе выпускнікі прыязджаюць на сваё месца працы і сумленна адбываюць там вызначаныя законам два гады. А далей… кажуць “адзью”. Як адзначыла ў сваім выступленні першы намеснік начальніка Галоўнага упраўлення Гомельскага аблвыканкама Вольга Антоненка, вельмі мала хто з маладых спецыялістаў замацоўваецца на вёсцы.

І наракаць на іх зазвычай не выпадае: упарта дасылаючы заяўкі, многія рэгіянальныя ўстановы зусім не рупяцца пра тое, каб забяспечыць моладзь хаця б больш-менш прыстойнымі ўмовамі побыту. Таму Вольга Антоненка параіла кіраўнічаму звяну раённага ўзроўню ставіцца да новапрыбылых выпускнікоў па-бацькоўску, уваходзячы ў іх становішча ды вырашаючы злабадзённыя праблемы. Можа, у такім выпадку доля маладых спецыялістаў, што асядаюць у сталіцы, хоць трохі зменшыцца? Бо сёння яна па-ранейшаму вельмі вялікая — больш за 60 %.

Хаця б частковая панацэя ад гэтай праблемы вынайдзена даўно: мэтавы набор і ўвогуле прыцягненне ў прафесію таленавітай моладзі з рэгіёнаў. Але як адзначыў у сваім выступленні дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа Аляксей Саладухін, профарыентацыя дае збоі ўжо на пачатковай стадыі адукацыі: вучні дзіцячых школ мастацтваў не атрымліваюць належнай матывацыі і навыкаў, каб рухацца далей. Альбо… проста не маюць жадання звязваць сваё жыццё з культурай.

Як падаецца, многія вышэйзгаданыя праблемы тлумачацца адным фактам. Сярэдні заробак у галіне культуры — усяго крыху больш за чатыры мільёны рублёў “бруднымі”, альбо толькі 
61 % ад сярэдняга па краіне! У адукацыі і медыцыне, як і сярод бюджэтнікаў у цэлым, справы ідуць параўнальна лепей.

Як неаднаразова адзначалася падчас пасяджэння калегіі, Міністэрства культуры робіць несупынныя захады па выпраўленні гэтай сітуацыі. Аднак пакуль што пра нейкія кардынальныя зрухі казаць зарана. Старшыня Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў культуры Наталля Аўдзеева прапанавала засяродзіць асаблівую ўвагу менавіта на дадзенай праблеме — і, падобна, яе ахвотна падтрымаюць многія работнікі культуры.

Як адзначыў у сваім заключным слове міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў, некаторыя назапашаныя ў галіне кадравыя праблемы можна смела назваць хранічнымі. Але мірыцца з гэтым станам рэчаў ні ў якім разе не выпадае. І таму ў найбліжэйшы час неабходна правесці дбайны аналіз сітуацыі і шляхоў яе выпраўлення ды распачаць канкрэтныя захады.