“Як акцёр хачу заўсёды працаваць…”

№ 47 (1225) 21.11.2015 - 27.11.2015 г

Амаль забыты народны артыст: наш зямляк Іларыён Пяўцоў
Сёння "К" завяршае апавядаць пра лёс і творчасць знакамітага акцёра Іларыёна Пяўцова, ураджэнца Беларусі. Акрамя выканання ролі палкоўніка Бараздзіна ў знакамі-тай кінастужцы "Чапаеў", творца паўплываў на выбар выканаўцы галоўнай ролі ў стужцы Барыса Бабачкіна.

/i/content/pi/cult/561/12300/15-1.jpgНу, адразу скажу: часткі генерала Уладзіміра Капеля і начдыва Васіля Чапаева ніколі адна з адной не сустракаліся ў баях. Аднолькавыя эфектныя чорныя мундзіры з аксельбантамі, сцяг з чэрапам і касцямі — вобраз прыдуманы. Больш дакладна, чорна-белая форма белагвардзейцаў, паказаная ў карціне, была характэрнай не для капелеўцаў, а для 1-га Афіцэрскага генерал-лейтэнанта Маркава палка — вайсковай часткі Добраахвотнай арміі. Генерал-лейтэнант Сяргей Маркаў перад сваёй гібеллю 25 чэрвеня 1918 года камандаваў 1-й пяхотнай дывізіяй Белай арміі. Зразумела, ніякіх адносін да Чапаева маркаўцы, як і капелеўцы, не мелі. І яшчэ. Капелеўцы ў “Чапаеве” ідуць у бой чамусьці з нашыўкамі і какардамі “карнілаўцаў” — афіцэраў галоўнакамандуючага Добраахвотнай арміі Поўдня Расіі Лаўра Карнілава, які загінуў у красавіку 1918 года пад Екацярынадарам. А афіцэры 1-га Волжскага армейскага корпуса Капеля насілі ў 1919-м англійскае абмундзіраванне з белымі рускімі пагонамі. Як відаць, фігура Уладзіміра Капеля была выбрана аўтарамі фільма для стварэння вобраза нейкага “ідэальнага ворага”. Ці можа я памыляюся?

І яшчэ хіба. Васіль Іванавіч ніколі не ездзіў на кані! У яго 25-й стралковай дывізіі кавалерыі наогул не было, за выключэннем невялічкай групы конных разведчыкаў. Яшчэ ў час Першай сусветнай ён атрымаў раненне ў нагу, што ў далейшым не давала яму магчымасці сядзець у сядле. Таму карыстаўся аўтамабілем. Але затое якая атрымалася ў фільме сцэна кавалерыйскай атакі чырвоных байцоў на чале з Васілём Іванавічам! “Чапай” у знакамітай папахе і з аголенай шабляй у руцэ! Чаго каштуе яго чорная бурка, якая нястрымна развяваецца на пераможным ветры!

Урэшце, і буркі ён ніколі не насіў. Хадзіў у шынялі, у шэрай мярлужкавай папахе з залатым пазументам даверху, на нагах — фарсістыя аленевыя боты; шашка каўказскага ўзору, багата апрацаваная серабром, пісталет — маўзер. Дарэчы, першая жонка Пелагея, маці трох дзяцей, збегла з палюбоўнікам; і другая, таксама Пелагея, здрадзіла мужу з нейкім начальнікам артсклада. Існуе версія, што менавіта яна выдала белым месца размяшчэння штаба Чапаева…

Такім чынам, рэальны Васіль Іванавіч, Георгіеўскі кавалер, мужны чырвоны камандзір, выхадзец з народных нізоў і ў той жа час нешчаслівец у сямейным жыцці, вельмі замкнуты, да таго ж перад атакай заўсёды маліўся, ну ніяк не мог адпавядаць “каранёвай” рэжысёрскай канцэпцыі. Аднак сапраўдны Чапаеў быў той своеасаблівай “глінай”, з якой можна было выляпіць “кіношнага” ідэальнага народнага героя, зразумелага і блізкага кожнаму. І ў Братоў Васільевых гэта цудоўна атрымалася з дапамогай і Пяўцова, адзінага ў здымачным калектыве аўтарытэтнага артыста, і іншых акцёраў, склад якіх “тусаваўся” там жа, на пяўцоўскай кватэры ў доме па вуліцы Дзяржынскага.

Так і адбылося: Пецьку, якога, дарэчы, у рамане няма (яго прыдумалі рэжысёры), будзе іграць малады Леанід Кміт — замест амаль замацаванага на гэтую ролю вопытнага Якава Гудкіна (хадзілі чуткі, што Кміт “падседзеў” Гудкіна), Сцяпана Шкурата зацвердзілі на ролю казака Патапава, Мікалая Сіманава — на ролю Жыхарава (ён ужо быў вядомы па галоўнай ролі ў карціне Уладзіміра Гардзіна “Кастусь Каліноўскі”), на ролю ардынарца Фурманава Цярошкі — Георгія Жжонава, які да таго паспеў зняцца ў нямым фільме “Памылка героя”. Што тычыцца камісара Фурманава, то ягоная роля была даручана абаяльнаму акцёру ленінградскага ТЮГа Барысу Блінову, дэбютанту ў кінематографе. Пасля “Чапаева” ён сыграў яшчэ ў 13 фільмах, але ў 1943-м пасля здымак карціны “Чакай мяне” захварэў брушным тыфам і памёр на 34-м годзе жыцця...

4 лістапада 1934 года фільм “Чапаеў” быў паказаны Сталіну, які ад прагляду прыйшоў у захапленне. Ён запрасіў рэжысёраў і павіншаваў іх з перамогай. Сказаў, што “Чапаеў” будзе мець вялікае выхаваўчае значэнне. На наступны дзень Сталін зноў перагледзеў карціну, а потым яшчэ і яшчэ. Дзіўна, але “лепшы сябра кіно”, “першы кінарэдактар і першы кінакрытык” не зрабіў ніводнай заўвагі! Яму ўсё спадабалася, нягледзячы на шматлікія гістарычныя недакладнасці. Хаця, думаю, ён не мог іх не адзначыць, бо ў тонкасцях грамадзянскай вайны добра разбіраўся як непасрэдны яе ўдзельнік, членам Рэўваенсавета Паўднёвага, Заходняга і Паўднёва-Заходняга франтоў.

Што б там ні казалі, але кінематограф 1930-х гадоў, пачынаючы ад “Чапаева”, адыграў вялікую ролю ў станаўленні і ўмацаванні сталінізму як сацыяльнага і ментальна-псіхалагічнага феномену. Фільмы, створаныя таленавітымі майстрамі экрана, і сёння ўражваюць. Кіно эфектыўна выконвала ролю інструмента ўкаранення ідэалогіі і міфалогіі сталінскага рэжыму ў грамадскую свядомасць. У выніку дзяржава змагла цалкам падпарадкаваць кінематограф сваім мэтам.

На вышэйзгаданай сустрэчы артыста Бабачкіна са студэнтамі Ленінградскага ўніверсітэта Барыс Андрэевіч расказаў, што “Чапаеў” уратаваў яго ў 1937-м ад ГУЛАГа. Тады ён жыў на той жа вуліцы Дзяржынскага (былая Гарохавая), дзе і Пяўцоў з жонкай, дарэчы, побач з будынкам НКУС. З дня на дзень чакаў арышту, бо ўсе жыхары яго пад’езда былі ўжо “там”, акрамя суседніх кватэр Ісака Дунаеўскага, Агрыпіны Ваганавай, Галіны Уланавай і ўдавы Пяўцова — Ніны Камковай. Жонка Бабачкіна — Кацярына Міхайлаўна “на ўсялякі выпадак” нават падрыхтавала для мужа чамаданчык з сухарамі і бялізнай, бо ўжо некалькі дзён за акцёрам ішла амаль адкрытая яжоўская “наружка”. Але небяспека прамінула. У іншым выпадку трэба было б “забараняць” лепшы фільм эпохі 1930-х і самы любімы фільм народа і яго правадыра. А яшчэ з той сустрэчы я запомніў горкія словы акцёра: “Мне давялося працаваць у век цёмны, подлы…”

Праўда, адзін падобны выпадак здарыўся ў 1929 годзе, калі з цітраў было выкраслена імя Валерыя Інкіжынава, які сыграў галоўнага героя — мангола Баіра ў знакамітым нямым фільме Усевалада Пудоўкіна “Нашчадак Чынгісхана” пра рэвалюцыю ў стэпах Манголіі. Прычына адна — таленавіты акцёр у час групавой камандзіроўкі ў Парыж застаўся ў эміграцыі назаўсёды. Яго сябра Сяргей Эйзенштэйн вярнуўся, а той — не. Але карціна гэта ўсё ж не магла параўнацца па папулярнасці з “Чапаевым”, хаця і сёння глядзіцца з цікавасцю. У запісе гутаркі са Сталіным у лістападзе 1934 года Барыс Шумяцкі адзначаў, што Сталін “цікавіўся Інкіжынавым, лічачы яго вельмі таленавітым акцёрам. Зазначыў, што дарэмна чалавек збег. Цяпер, напэўна, локці грызе, але позна”. Дадам, што Інкіжынаў у эміграцыі паспяхова зняўся амаль у 50 карцінах, але мы іх не бачылі.

Яшчэ адзін штрых з той жа “оперы”. У 1949-м быў рэпрэсіраваны паэт-песеннік Уладзімір Агатаў (кажуць, за “антысавецкія” анекдоты), аўтар песень “Шаланды” і “Цёмная ноч” у шырока вядомым фільме Леаніда Лукава “Два байцы”, і тут жа яго імя было выкрэслена з цітраў. Але песні ў выкананні Марка Бернэса на музыку Мікіты Багаслоўскага засталіся, бо без іх кінастужка ў айчынным кіналетапісу наўрад ці ацалела. Такіх прыкладаў — шмат.

Павінен сказаць, што пасля 1934 года Браты Васільевы зрабілі яшчэ тры “ідэйна вытрыманыя” карціны: “Абарона Царыцына”, “Валачаеўскія дні” і “Фронт”, але ўсім ім было вельмі далёка да “Чапаева”. Сам Георгій Васільеў аднойчы сумна пажартаваў на хвалі поспеху карціны: “Мы выкармілі слана і будзем вымушаны ўсё жыццё яго карміць”. Ён разумеў, што яны сталі заложнікамі таго поспеху. Праўда, пасля вайны абодва рэжысёры спрабавалі зрабіць “крок у бок” — зняць пушкінскую містычную драму “Пікавая дама” па сваім даўнім сцэнарыі 1933 года, дзе на ролю багатага карцёжніка Чакалінскага тады планаваўся менавіта Іларыён Пяўцоў. Але новы праект стаў для Братоў Васільевых фатальным. У пачатку здымак фільма, 18 чэрвеня 1946 года, 47-гадовы Георгій Мікалаевіч пайшоў з жыцця, а закончыць карціну без сабрата па мастацтве Сяргей Дзмітрыевіч не змог...

...Летам 1934 года, адразу пасля “Чапаева”, у гарах Паміра Пяўцоў пачаў здымацца ў ролі вучонага-геолага ў гукавым прыгодніцкім фільме “Месяцовы камень”. Акцёр паспеў зняцца толькі на натуры — астатнія здымкі ў павільёне адклалі на некаторы час. Але ўжо праз месяц пасля вяртання з Хаджэнта, пакуль “Чапаева” манціравалі, акцёр нечакана захварэў і ў ноч з 24 на 25 кастрычніка адышоў у іншы свет. А праз пару тыдняў па краіне з’явіліся гордыя лозунгі: “Мы ідзем глядзець “Чапаева”!” А для завяршэння “Месяцовага каменя” прыйшлося шукаць артыста, здольнага замяніць Іларыёна Мікалаевіча. Акцёра, падобнага яму па таленце, напэўна, не знайшлося, і сёння ніхто не памятае гэтага фільма, які ціха і непрыкметна прайшоў па экранах у 1935 годзе... Нядаўна я знайшоў яго ў Інтэрнэце: сапраўды, фільм вельмі слабы, хаця там іграюць Юрый Талубееў, Саламон Міхоэлс, Сяргей Адашэўскі…

Што я магу сказаць па завяршэнні свайго эсэ? Мо і былі на свеце людзі, якія не ведалі сумненняў, хістанняў, пакут нерашучасці. Але Пяўцоў да іх не належыў: ён усё жыццё шукаў сваё “я”, самаахвярна аддаваўся любімай справе, вызначанай мэце, пастаянна вучыўся. І навучыўся перамагаць. А яшчэ ён ганарыўся тым, што усім абавязаны сам сабе і заўсёды адчуваў сябе незалежным. І гэтую незалежнасць вельмі цаніў. Ведаў цану часу і не даваў сабе перадыху. Любіў паўтараць фразу свайго першага настаўніка Уладзіміра Неміровіча-Данчанкі: “Хто крыху спазняецца, той доўга чакае”. Але лёс нашага выдатнага зямляка склаўся так, што памяць пра яго з цягам часу аказалася “змікшыраванай”, знікла ў тумане, і наша задача — паспрабаваць вярнуць яе людзям…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"