Яго несціханая песня

№ 2 (768) 13.01.2007 - 19.01.2007 г

Аляксандр Гайлевіч. Таленавіты гомельскі мастак, паэт-лірык. Родам з Міёршчыны, краю Браслаўскіх блакітных азёр. Ягоная палітра — гэта гама жывых фарбаў, пейзажы — несціханая песня, якая звініць меладычнасцю і нясе мілы напеў пра родны край. Асноўныя матывы яго палотнаў — водгулле і святло палёў, лясоў, лугоў, рэчак…

/i/content/pi/cult/109/123/st10_1.jpgАляксандр Уладзіслававіч аднойчы выказаў такую думку: “Я заўсёды са світальнай зарой настройваюся на творчы працэс. Прырода заўсёды прыварожвала маю душу. Яна для мяне — утульны дом, рай, дый годзе. Кожная яе мясцінка: і малады сасняк, і бярозкі, і азярына, і палявыя кветкі — сагравае сэрца на доўгі час”. Адно з галоўных крэда яго падыходу да прыроды — берагчы прыгажосць вакол.

Ён піша маляўнічыя пейзажы ад зямлі-матухны да небасхілу. У іх фарбы нагадваюць шматкаляровыя карункі, якімі ўпрыгожваюцца дзяўчаты перад вяселлем і ў святы. Карціны мастака ўражваюць тонкім каларытам, які стварае паэтычны вобраз зямлі. Якраз такія якасці яго палотнаў адзначала і мастацтвазнаўца з Санкт-Пецярбурга Л.Хмялёва на выстаўцы нашага земляка ў Кіраўскім мастацкім салоне горада на Няве. У буклеце, выдадзеным да гэтай экспазіцыі, яна, у прыватнасці, адзначала: “Аляксандр Гайлевіч— мастак з душой паэта, які вельмі любіць красу роднай Беларусі”. Вельмі цёпла экспазіцыю пейзажаў прынялі пецярбуржцы і ў культурным цэнтры на Сянной плошчы. З ягонымі творамі знаёмы таксама жыхары Масквы, Бранска, Чарнігава, Мінска і Светлагорска. І заўсёды гледачы давалі высокую ацэнку палотнам мастака. Таму што — ён адкрывальнік новых творчых дарог. Таму што вельмі любіць жыццё і мастацтва. Таму што заўсёды верны сваёй бацькаўшчыне. І невыпадкова так цёпла прымаюць сёння выстаўку яго твораў мазыране, што з поспехам працуе ў Палацы культуры Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода.

Аляксей ШНЫПАРКОЎ,
мастацтвазнаўца
Гомель