Багаж графікі: нерашуча і на месцы?

№ 47 (1225) 21.11.2015 - 27.11.2015 г

Школу не страцілі, але і не рушылі наперад…
Кіраўнік секцыі графікі Беларускага саюза мастакоў Уладзімір Савіч сказаў пра мэту выстаўкі “Tour de Беларусь. Этап: Мінск — Полацк — Мінск”, якая толькі што завяршыла сваю працу ў Палацы мастацтва: “Экскурс у гісторыю — гэта не модны дадатак, а паўнакроўная, напоўненая сэнсам частка творчасці, якая не проста візуалізуе перажыванне, а з’яўляецца пасланнем, якое нясе ў сабе філасофскую глыбіню. Праца над такім творам — шматэтапная дзея, якая звычайна застаецца “за кадрам”.

/i/content/pi/cult/561/12293/8-1.jpg"Праект ставiць за мэту пашырыць межы ўспрымання вiзуальных мастацтваў ад непасрэдна самога твора да Прыгоды, што адбылася падчас яго стварэння, а таксама прыцягнуць увагу да асобы мастака і яго светаўспрымання, якое з’яўляецца сiнтэзам перажыванняў i падзей з уласнага жыцця з падзеямi гicтарычнымi i мiфалагiчнымi”, — дадаў Уладзімір Савіч.

Нагадаю, што летась удзельнікі праекта “Tour de Беларусь” выправіліся ў вандроўку ў легендарнае мінулае нашай Бацькаўшчыны — у горад Полацк і яго рэгіён. І першым вынікам такога падарожжа з’явілася мінулагодняя выстаўка членаў секцыі графікі. І вось зараз — другая, якая задумвалася на тым жа гісторыка-мастацкім падмурку.

Але гэтая “другая”, на мой погляд, не стала, як абяцаў прэс-рэліз, “своеасаблівай кропкай адліку вялікага падарожжа”, не вылілася “ў стварэнне мастацкіх твораў, якія ўвабралі б у сябе ўвесь эмацыйны і інтэлектуальны досвед, набыты падчас ваяжу”. І справа не ў прафесіяналізме мастакоў — тут пытанняў бадай няма. Сярод іх у выстаўцы ўдзельнічаюць і тыя графікі, якія сёння з’яўляюцца “залатым ядром” сучаснага мастацтва. Але ўсё роўна, узнікае такое адчуванне, што сённяшнія творцы нерашуча топчуцца на адным месцы, не ведаючы, куды ж далей “плыць”, у якія невядомыя далячыні.

І куды наогул рушыць сучасная беларуская графіка, з якім багажом уступае ў дзень заўтрашні, мне сказаць цяжка. Адно зразумела: графічныя тэхнікі і матэрыялы пашыраюцца, як і розныя стылёвыя “-ізмы”, разам з тым, рысунак як аснова ўсяго выяўленчага мастацтва паступова знікае (на выстаўцы было толькі некалькі аловачных кампазіцый), “рацыё”, рацыянальнасць перамагае пачуццёвую эмацыйнасць і разам з бліскучым асваеннем аўтарамі розных тэхнік паступова падмінае пад сябе душэўны стан мастака і яго індывідуальнае бачанне свету. Вобразна кажучы, “алгебра” дамінуе над “гармоніяй”. Дрэнна гэта ці добра — пытанне ў сучасным свеце дыскусійнае, для асобнай гаворкі, хаця мне “гармонія” бліжэй.

Калі разважаць у гэткай плоскасці, не бывае “дрэнных” і “добрых” экспазіцый. На кожнай выстаўцы “алгебра” і “гармонія” існуць побач, а то і мудрагеліста ўваходзяць у нейкі сімбіёз. Заўжды ёсць і сур’ёзныя высокапрафесійныя творы, ёсць і слабыя, сырыя, выпадковыя для той ці іншай канцэптуальнай экспазіцыі. Я, напрыклад, з інтарэсам углядаўся ў кампазіцыі, дзе адчуваецца аўтарская “візуальная памяць” нашых продкаў, у “гістарычныя”, “міфалагічныя” ці “этнаграфічныя” рэмінісцэнцыі, якія цікавяць і Уладзіміра Савіча (у гуашава-акрылавых творах “Да роднага парога на паклон”, “Мара пра раўнавагу”, “Кленчыць цень крыжа”, “На крыжы дарог”), і Уладзіміра Вішнеўскага (у акварэлях “Унебаўзняцце”, “Занепакоены Пегас”, “Рагвалодаў камень”, “Самотны дзядзька Рыгор”), Рыгора Сітніцу ў алоўкавых “сюжэтах” з цыкла “Артэфакты”, Міхася Басалыгу ў серыі “За вашу і нашу свабоду”, Паўла Семчанку ў каліграфічных інтэрпрэтацыях паэзіі Купалы, Коласа, Міцкевіча, Рамана Сустава ў цыкле моцных афортаў, Юрыя Хілько ў жывапісных кампазіцыях “Нераскроены”, Ігара Гардзіёнка ў партрэтах Вялікіх князёў Літоўскіх, Андрэя Савіча ў лістах (лічбавы друк) “Укрыжаванне” і “Класічны сюжэт”, Паўла Амялюсіка ў калажах ды асацыятыўных экзерсісах. Па-ранейшаму прыцягвае майстэрства Валерыя Славука: ён паказаў новыя ілюстрацыі да кнігі “Куды скача пеўнікавы конь?”. Цікавыя і раней не бачаныя мной афорты Глеба Сідарэнкі да аповесці Уладзіміра Караткевіча “Чазенія”. Былі ў экспазіцыі і гульнёвая стыхія іншасказанняў, прыпадабленняў, умоўных прыёмаў, метафар, асацыяцый, але далёка не ўсё засталося ў памяці: паўторы, аўтацытаты, “ума холодные наблюдения”, экзерсісы “ з нагоды”…

Было перад чым спыніцца і падумаць… Але, па вялікім рахунку, падумаць і пра тое, што чакае заўтра нашу знакамітую на ўвесь свет у недалёкім мінулым станковую ды кніжную графіку. А сёння атрымліваецца так, што даводзіцца для прывабнасці заахвочваць для ўдзелу прадстаўнікоў іншых секцый Саюза, бо трэба ж заняць прастору дзвюх залаў. Мабыць, пры складанні выставачнага плана арганізатары меркавалі, што графікі, члены секцыі, прынясуць вялікую колькасць новых работ. Ды і ў прэс-рэлізе сказана, што праект убірае ў сябе “творы станковай, кніжнай, камп’ютарнай графікі, а таксама жывапісу, скульптуры, арт-аб’екты… за апошні год”. Але прыкладна палова твораў — старыя, ажно ад 2010 года, няма ні скульптуры, ні арт-аб’ектаў, ды і кніжная ілюстрацыя па аб’ёме прадстаўлена вельмі сціпла. Я ўжо не кажу, што непасрэдна ад “падарожжа” мастакоў на Полаччыну (“Tour de Беларусь”) у экспазіцыі цяжка знайсці значныя сляды.

Яшчэ я думаю пра тое, што застанецца “ў аналах” культурнай гісторыі пасля гэтай выстаўкі (урэшце, як і пасля іншых нашых рэспубліканскіх, групавых, секцыйных, персанальных), калі не выдаюцца каталогі, не праводзіцца іх прафесійны аналіз, не працуе дастойная рэклама на радыё, тэлебачанні, у Інтэрнэце. І якую ролю, уласна кажучы, у галіне прапаганды і папулярызацыі выставак выконваюць члены секцыі мастацтвазнаўства і мастацкай крытыкі Беларускага саюза мастакоў. Прынамсі, я ведаю толькі двух-трох мастацтвазнаўцаў з амаль сарака членаў Саюза, якія больш-менш рэгулярна сёння імкнуцца штосьці распавесці ў друку пра справы надзённыя ў складаным “выяўленчым каралеўстве” часам — пераварочаных люстэркаў… А астатнія?

Застаецца надзея, што талент творцаў, які закладзены Яе Вялікасцю прыродай і моцнай школай, няглядзечы ні на што, не растварыцца ў мітусні, беганіне турботнага, клопатнага мастакоўскага жыцця…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"