Адкрыць, запісаць, захаваць

№ 47 (1225) 21.11.2015 - 27.11.2015 г

Таццяна ЯКУШАВА, загадчык аддзела музычных праграм Першага Нацыянальнага канала Беларускага радыё
15 лістапада Беларускаму радыё споўнілася 90 гадоў. Сёлета мы не адзначаем “круглую дату” нейкім маштабным канцэртам на адной з буйных сцэнічных пляцовак. Але гэта не значыць, што нам няма чаго паказаць! Дастаткова паслухаць радыёпраграмы, каб пераканацца, як многа гучыць там запісаў — старых і новых. Фондавых, зробленых у нашай студыі, і трансляцыйных, ажыццёўленых на выездах.

/i/content/pi/cult/561/12289/6-1.jpgГэта заўсёды было асаблівасцю Беларускага радыё: клапаціцца не толькі пра штодзённыя эфіры, але і пра “справы архіўныя”. І не выпадкова: наша ўстанова выступае вялізным і, безумоўна, галоўным дзяржаўным фондам, які складае і зберагае гісторыю нацыянальнай музычнай культуры, даводзіць яе да слухачоў.

Не ўсе, мабыць, ведаюць, што беларускія сімфанічныя, вакальна-сімфанічныя партытуры першай трэці ХХ стагоддзя даходзілі да публікі не праз оперны тэатр ці філармонію (якія з’явіліся пазней), а менавіта праз радыё. Прычым тыя прэм’еры адбываліся ў прамым эфіры! Менавіта так прагучала, да прыкладу, камічная опера Мікалая Аладава “Тарас на Парнасе”. Калі ж адкрыўся наш Вялікі тэатр, з’явіўся нават новы жанр — радыёоперы. А з пасляваенных часоў пачалі рабіцца і ўласныя музычныя запісы.

Сёння ўсе фонды пераводзяцца ў “лічбу”, над гэтым працуе асобны аддзел. Пры гэтым кожны запіс для большай надзейнасці і зручнасці карыстання захоўваецца ў трох асобніках. Адзін, на так званым “залатым” дыску са спецыяльным пакрыццём, — для архіва. Другі, на звычайным кампакт-дыску, — для штодзённага карыстання. А трэці — гэта старая магнітная стужка, якая пры неабходнасці рэстаўруецца, але не знішчаецца.

Гістарычны працэс ідзе, і мы не толькі яго фіксуем, але і непасрэдна ўплываем на развіццё. Не сакрэт, што кампазітары, задумваючы новыя творы, вельмі часта сыходзяць з таго, для якіх выканаўцаў іх пісаць. А сімфанічны аркестр і хор тэлерадыёкампаніі часцей за іншыя калектывы прэзентавалі і прэзентуюць новыя партытуры, пакідаючы папраўдзе эталонныя версіі, зробленыя пры непасрэдным удзеле аўтараў. І гэта праца працягваецца! Зусім нядаўна наш аркестр запісаў новыя сімфанічныя творы Дзмітрыя Смольскага, Галіны Гарэлавай, Сяргея Бельцюкова.

А колькі цікавых музыкантаў радыё адкрыла — і ўвекавечыла іх выканальніцкую творчасць! Зноў-такі, гэтыя традыцыі працягваюцца. Апошнім часам мы запісалі шмат філарманічных салістаў. Асаблівы гонар — студыйны запіс нашых маладых, але ўжо сусветна вядомых лаўрэатаў міжнародных конкурсаў віяланчэліста Івана Карызны і піяніста Кірыла Кедука. З гэтай праграмай яны рабілі гастрольны тур па Беларусі ў межах вялікага еўрапейскага турнэ. Шэраг запісаў быў зроблены да 250-годдзя з дня нараджэнняя Міхала Клеафаса Агінскага.

Закладаем і новыя традыцыі. У шосты раз (і ў пяты — у статусе Рэспубліканскага) праводзім творчы радыёконкурс “Маладыя таленты Беларусі”. 16 — 18 лістапада правялі другі тур, а там неўзабаве і трэці. Прыемна, што папулярнасць гэтага спаборніцтва расце. Сёлета на яго паступіла рэкордная колькасць заявак — больш за тры сотні па розных намінацыях (для параўнання — летась было амаль на сотню менш). Удзельнікаў прыцягвае і тое, што трэці тур праходзіць у суправаджэнні аркестра радыё, і тое, што галоўным прызам становяцца зробленыя ў нашай студыі запісы.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"