Аднак, як ёсць...

№ 47 (1225) 21.11.2015 - 27.11.2015 г

Спадзяюся, вы заўважылі, што ўжо амаль год я ездзіў па краіне ў кампаніі з дзеячамі культуры, якiя, у асноўным, жывуць у Мінску, але нарадзіліся ў іншых беларускіх населеных пунктах. Вынікамі падарожжаў сталі матэрыялы рубрыкі “Экспрэс-тур з V.I.P.-земляком”.

/i/content/pi/cult/561/12287/4-17.jpgСутнасць яе такая: у публікацыях распавядаецца, як карэспандэнт “К” разам з “напарнікам”-творцам наведвае ўстановы культуры, у якіх апошні бываў да свайго пераезду ў сталіцу. Крыху згадак і сённяшняе жыццё тых устаноў складаюць аснову артыкулаў. У прынцыпе, усё, што я хацеў сказаць у матэрыялах, у газеце публікуецца: нейкія факты біяграфіі герояў перыяду іх сталення і першых “сутыкненняў” з культурай, фрагменты занурванняў у гісторыю канкрэтных устаноў, урыўкі з гутарак з іх цяперашнімі кіраўнікамі. Нават крыху аналітыкі — аб’ектыўныя і суб’ектыўныя погляды “рэвізораў” на цяперашняе жыццё ўстаноў.

Але сёе-тое застаецца і “па-за кадрам”. Напрыклад, з-за таго, што да першапачаткова задуманага канцэпту дачынення не мае. Але чаму б мне не падзяліцца з вамі парачкай канцэптуальных думак па-за рубрыкай.

Амаль усе мае “напарнікі” адбыліся ў культурным полі сталіцы. Яны не пераехалі ў яе, каб зрабіць новы крок у сваім творчым развіцці, ужо авеяныя першай славай, прызнаннем мясцовых знаўцаў прыгожага, весткі пра што распаўсюдзіліся за межы іх малой радзімы. Але ў колькiх тысячах і тысячах творчае полымя так і не занялося: з’язджалі патэнцыйна перспектыўнымі, як і дзясяткі іх таварышаў. З’язджалі, скончыўшы музычныя школы, профільныя вучылішчы, маючы вопыт гурткоў і студый дамоў культуры. Прычым многія пакідалі не вёсачкі і не пасёлкі гарадскога тыпу, а гарады з найбагатай культурнай гісторыяй, галерэямі і тэатрамі...

Усе мае “напарнікі” месцы, якія далі ім жыццё і прышчапілі вакцыну культуры, наведваюць. Хто часцей, хто радзей. Выступаюць там з канцэртамі, прыязджаюць з гастролямі, ладзяць персанальныя выстаўкі, праводзяць творчыя сустрэчы. Аддаюць доўг, карацей, што правільна, па-чалавечы. Але вось чагосьці эксклюзіўнага, уласна свайго, звязанага толькі з імі, іх ініцыятывамі, праявамі, што магло б стаць прыкметным, асаблівым, фірмовым на фоне канвеерных мерапрыемстваў, яны практычна не прыўносяць. Няма падобных амбіцый? Часу? Магчымасцей, рэсурсаў? Няма такога дару — прыдумаць, арганізаваць, увасобіць? А як было б выдатна, каб у горадзе на 10 тысяч жыхароў хоць раз на год праводзіўся зусім нешараговы фестываль, задуманы і ажыццёўлены іх земляком. Там гасцявалi б яго калегі па творчасці, а сам зямляк імкнуўся б адкрыць новую зорачку. Добра, фестываль — рэч затратная фізічна, эмацыйна і фінансава. А вось гурток пры тым жа ДК, дзе знакамітасць хоць раз на год давала б майстар-клас, раскрывала сакрэты быў бы вельмі дарэчным…

Са спадарожнікамі мне пашанцавала. Людзі яны цікавыя, яркія, амбіцыйныя (як на падбор!), якія працягваюць шукаць і знаходзіць. І ніякія глабальныя праблемы з высноў паводле маіх роздумаў не вынікаюць. І ніякіх папрокаў! Хто ведае, у каго з “вiпаў” якія планы. Проста захацелася падзяліцца некаторымі назіраннямі і адчуваннямі. Аднак, як ёсць...

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"