Гаданне на “айцішнікаў”

№ 47 (1225) 21.11.2015 - 27.11.2015 г

Экспрэс-тур з v.i.p.-земляком: Браслаў / Вынік візіту: інструменты — “музыкалцы”, беларускі альбом — гурту
У мяне склалася ўражанне, што ў Браславе Аляксея НАБЕЕВА ведаюць усе — ад малога да вялікага, ад выпадковых мінакоў да служачых у строгіх касцюмах. Усміхаюцца, вітаюцца, “накоротке” або ў падрабязнасцях цікавяцца здароўем і апошнімі навінамі ў жыцці знакамітасці. Музыкант адказвае тым жа — шчырай увагай да землякоў. Наш сённяшні “фармат” — шпацыр па “культурным Браславе” ў кампаніі з лідарам гурта “Atlantica” Алексам Дэвідам — такі творчы псеўданім Аляксея Набеева...

/i/content/pi/cult/561/12281/10-1.jpgРэгулярна наязджаючы ў горад, артыст у такія візіты наведваецца і ва ўстановы культуры. А з фестывальным Браславам у Набеева ўзаемаадносіны неаднастайныя. Летась праект “Алекс Дэвід і DJ Lexa” сабраў каля дзвюх тысяч гледачоў на свой сольнік, які прайшоў на Замкавай гары ў Дзень Незалежнасці і як бы апераджаў фэст “Жывое неба Браслава”. Але для “Браслаўскіх зарніц” яго музыка, як разумее Аляксей, — нефармат.

Пралог

Родам ён з вёскі Купчэлi Браслаўскага раёна. У маленстве Аляксей разам з бацькамі пераехаў у Браслаў. У мастацтва яго пацягнула ўжо гады ў тры, у дзіцячым садку: там ён стаў спяваць і чытаць вершы. “Добра памятаю, як у першым класе праходзіла нейкае апытанне на тэму, “кім вы хочаце быць”. Хтосьці адказваў, што касманаўтам, хтосьці — настаўнікам, шафёрам. Я сказаў, што кампазітарам...” І ў тым жа першым класе, у 1981-м, употай ад мамы з татам, Лёша пайшоў запісвацца ў музычную школу і, прайшоўшы праслухоўванне, быў у яе прыняты на клас фартэпіяна. Хаця граць на ім ён... не любіў, і чэрпаў як мага больш для сябе карыснага на занятках па вакале, у народным хоры. Для рэалізацыі амбіцый спевака Аляксею спачатку служыў “Фінал” (ВІА, створаны старшакласнікамі “музыкалкi”, які выконваў савецкую і замежную поп-класіку і аўтарскія творы, выступаючы нават у суседніх раёнах) і — пазней — дыскатэка ў Раённым доме культуры, дзе Набееў спяваў на танцах. Аднак у адпаведную профільную ВНУ юнак паступаць не стаў, а выбраў перакладчыцкі факультэт мінскага Лінгвістычнага універсітэта. Але гэта ўжо іншая гісторыя. Для нашага апавядання важна, што пасля самых мудрагелістых пертурбацыяў у сваім лёсе, у 2003-м Набееў (ужо як Алекс Дэвід) стаў фронтмэнам і ідэолагам гурта “Atlantica”. І панеслася...

Скразнякі мастацтву не перашкода!

У Браслаў з паўнавартасным канцэртам у складзе “Atlantica” Аляксей упершыню трапіў у 2009 годзе — да таго часу ўжо папулярны ў краіне артыст, якi аб’ездзіў яе з гуртом практычна ўздоўж і ўпоперак і якi цешыў сваёй творчасцю і замежную публіку... “Мандражыраваў, вядома, — прызнаецца Аляксей. — Да натуральнага хвалявання дадалося тое, што ў зале раённага Дома культуры было халодна: канец лістапада. І гледачы былі нейкія халодныя, панурыя, апладзіравалі стрымана і пры гэтым неяк вельмі ўважліва ў мяне ўзіраліся. Але калі я сказаў, што гатовы адказваць на іх пытанні, людзей адпусціла: яны сталі перадаваць мне запісачкі і кантакт наладзіўся”.

У тым жа РДК адбываліся справаздачныя, выпускныя і “шараговыя” канцэрты навучэнцаў і выкладчыкаў музычнай школы. Праходзілі першыя канцэрты ансамбля “Фінал”, першыя сольныя выступы спевака Набеева, якія прымалі “на ўра”, горача. Але сёння ў Цэнтры культуры (так называецца цяпер РДК) — халаднавата, як у лістападзе 2009-га. Установа рамантуецца, і па ей гуляюць скразнякі. Але, нягледзячы на не самы прэзентабельны знутры выгляд і будаўнічыя працы, людзі ў Цэнтры займаюцца: дзейнічаюць танцавальная зала і зала галоўная, дзе дае спектаклі, у прыватнасці, Народны драматычны тэатр і Народны тэатр мініяцюр “Покер”.

— Разлічваем, што да наступнага лета Цэнтр цалкам адрамантуюць, — дзеліцца рэжысёр абодвух калектываў Яўген Набееў (стрыечны пляменнік героя матэрыялу!). — Калі казаць пра тэатры, якімі я кірую, то жывуць яны і працуюць гэтак жа, як, бадай, усе падобныя калектывы дамоў культуры ў іншых беларускіх гарадах.

Але асаблівасць функцыянавання народнага драмтэатра заключаецца ў тым, што ў яго ёсць магчымасць выязджаць з гастролямі ў краіны Балтыі. Праўда, выступленні праходзяць за кошт прымаючага боку: фінансава Цэнтр такія паездкі не пацягнуў бы. Цікава, што рэпертуар — цалкам рускамоўны: браслаўскія артысты, сказалі мне, беларускай не валодаюць настолькі, каб граць на ей драмы з камедыямі (апошняя прэм’ера, дарэчы, — “Каханне і галубы”). Але Яўген Набееў думае над тым, каб у афішы з’явілася і п’еса на беларускай мове.

У грашовым стаўленні ЦК адчувае сабе нармальна, збіраючы аншлагі на пастаноўках, канцэртах айчынных і замежных выканаўцаў ды шоу-праграмах. Але нармальнасць гэтая — адносная. Касцюмы ўсё роўна патрабуюць абнаўлення, як і светлавая ды гукавая апаратура. Значыць, верагодная сітуацыя, калі хутка і ўсе гурткі Цэнтра (гаворка пра неабходнасць яго поўнай самаакупнасці ўжо ідзе) стануць платнымі. І зноў — пры адсутнасці адчувальнай спонсарскай падтрымкі — давядзецца скарачаць штат (у ЦК зараз працуюць, напрыклад, тры рэжысёры, тры хормайстры, два харэографы).

— Зразумела, чаму сёння дзяржава абавязвае тыя ж цэнтры культуры зарабляць на сваё існаванне, — кажа Аляксей. — І гэта правільна ў прынцыпе. Няслушна, калі такія патрабаванні, выяўленыя ў лічбах і працэнтах, празмерныя. Тады ў пагоні за грашыма пакутуе якасць выкладання, прапанаваных паслуг, ліквідуюцца, з майго пункту гледжання, патрэбныя для нашай культуры на месцах і наогул народныя ансамблі, аркестры. Я з такім сутыкаўся. У гэтым пытанні ўсё павінна быць вельмі ўзважана. Асноўныя ўліванні ў такія культурна-адукацыйныя ўстановы ўсё ж мусяць заставацца бюджэтнымі.

Чакайце “атланта”!

Музычная школа з тых часоў, як Аляксей яе скончыў, пераехала ў іншы будынак і змяніла назву на Дзіцячую школу мастацтваў. Яе дырэктар Людміла Новікава цярпліва чакала, пакуль мы з артыстам знойдзем яго фатаграфію на сцяне са здымкамі вядомых людзей, якія вучыліся ў гэтай установе. Знайшлі. Ухiляючыся дзяўчынак і хлопчыкаў, што сноўдалі па калідорах, спадарыня Новікава заўважыла:

— Весела, але цеснавата. Хацелася б прыбудову, якая дазволіць павялічыць плошчу памяшкання, прызначанага для заняткаў харэаграфіяй.

І фінансавання лепшага хацелася б. Са свайго боку яго (любога) Аляксей не паабяцаў, але: а) даў слова, што пасадзейнічае таму, каб ДШМ на бязвыплатнай аснове папоўнілася музычным абсталяваннем і апаратурай, інструментамі; б) пакляўся на старым раялі, які рэстаўрацыі не падлягае, што абярэ час і ў агляднай будучыні наведае ўстанову з майстар-класам, правядзе творчую сустрэчу. А пакуль бюджэтных сродкаў на набыццё маленькага баяна (які не “ад Страдывары”, а коштам 13 мільёнаў рублёў) школе хапае з цяжкасцю. Курсы агульнаэстэтычнага развіцця, платныя падрыхтоўчыя групы і канцэртная дзейнасць (у ідэальным выпадку даход са справаздачнага выступлення складае 3 — 4 мільёны “чыстымі”) “надвор’е” таксама змяніць не могуць. На конкурсы, у адрозненне ад замежнай гастролі народнага драматычнага тэатра, навучэнцы ДШМ (інструменталісты, вакалісты, танцоры) выпраўляюцца за кошт сваіх бацькоў і выкладчыкаў плюс пазабюджэту ўстановы.

А конкурсу пры прыёме ў школу, такога, якім ён быў у СССР, цяпер няма: мамы і таты мараць бачыць дзяцей “айцішнiкамi”, а не музыкантамі і танцорамі з незразумелай перспектывай. Цяпер настаўнікі шукаюць таленты ў гарадскіх агульнаадукацыйных установах і дзіцячых садках. Сярэдняя заработная плата педагога ДШМ складае 4 — 5 мільёнаў рублёў: паказчык па рэспубліцы... добры, праўда, за гэтыя грошы трэба працаваць з раніцы да позняга вечара. Асноўны выкладчыцкі кантынгент — уласныя выхаванцы з мясцовых. Нешматлікія іншагароднія маладыя спецыялісты тут амаль не затрымліваюцца — няма жылога фонду, арэнду якога здольныя вытрымаць іх кашалькі, а прымальны фінансава — не для тонка арганізаваных юных душ.

У канцы візіту ў ДШМ я з Людмілай Эдуардаўнай склаў тандэм, чакаючы, калі ў адным з класаў, дзе хлопчык Кірыл браў акорды на гітары, дзеткі возьмуць у Аляксея аўтографы. Хто з іх прысвеціць жыццё творчасці, а хто сыдзе ў “айцішнiкi”?..

Тут традыцыямі пахне!

Аляксею цікавыя паўночна-заходнія культурныя традыцыі, гэтая своеасаблівая аўтэнтычнасць — замес з беларускага, літоўскага, латвійскага, польскага. А вось “лубок” у культуры і мастацтве — у вузкім і шырокім сэнсах, ад вырабаў да мерапрыемстваў, — ён для сябе падзяляе выразна: на сапраўднае (адзінкавае) ды масавае (кітч з паказухай). Гэта калі груба градуiраваць, калі больш канкрэтна — на этна і фолк. У апошнім ён таксама знаходзіць нейкае хараство, але значна меншае.

А вось у Музеі традыцыйнай культуры душа Аляксея спявае. Тут сапраўднае — усё! Тут усё для яго — этна! Усе тры паверхі экспазіцый у доме, дзе калісьці знаходзіўся млын. Мне ён нагадаў хатку з дзіцячых фільмаў — з цяплом, утульнасцю, грунтоўнасцю. Прабылі мы ў музеі не больш за гадзіну: калі пад’язджалі, ля ўвахода стаяла вялікая група школьнікаў — яны абмяркоўвалі экскурсію, якая толькі што скончылася; а падчас нашай гутаркі з загадчыкам Элай Зінкевіч і пільнага агляду выставачных залаў у іх пабывалі яшчэ “дэлегацыі” тры. Ну а з’язджалі мы размiнуўшыся зноў-такі з чарговай партыяй дапытлівых.

— Напэўна, і абрады са святамі тут праводзіце? — спытаў я ў Элы Уладзіміраўны.

— Вядома. Напрыклад, як мы яе называем, гульню-забаву “Вяселле ў млыне”. Мерапрыемства ідзе цягам гадзіны: мы знаёмім маладых з вясельнымі традыцыямі краю, ладзім экскурсію для жаніха з нявестай, іх сваякоў і сяброў.

Улетку музей арганізуе кірмашы, падчас якіх ўмельцы з клуба народных майстроў і самадзейных мастакоў “Ля возера” пры ўстанове дэманструюць сваё мастацтва. У наведвальнікаў ёсць магчымасць набыць па-сапраўднаму аўтэнтычныя рэчы, зробленыя літаральна на іх вачах. У Каляды ахвотныя могуць замовіць прадстаўленне тэатра “Батлейка”...

— Выступаючы дзе-небудзь у Беларусі, калі ёсць час, я абавязкова стараюся наведаць штосьці з мясцовых славутасцей, — паведамляе Аляксей. — Зазвычай гэта музеі. Не скажу, што ў браслаўскім мне падабаецца нейкі адзін куток. Я ўспрымаю яго ў цэлым і — як нейкае дзіва.

Але да пэўных рамёстваў слабасць музыкант мае — да лозапляцення, вышыўкі і керамікі. Крэсла з лазы я для яго ў музеі якраз і нагледзеў. Аналагі мэблі, прадстаўленай тут, і некаторых іншых прадметаў побыту, адзення можна замовіць для вырабу тым самым умельцам, якія праводзяць майстар-класы. Да таго ж, пры ўстанове працуе пункт продажу сувеніраў, які гандлюе і вырабамі “мэйд ін Браслаўскі музей традыцыйнай культуры”. Наведвальнікі, дарэчы, самі могуць атрымаць першыя навыкі ва ўпадабаных імі рамёствах, варта толькі запісацца на платныя практыкумы або гурткі ткацтва, саломапляцення, ганчарства, ласкутнага шыцця і іншых (дзецям заняткі ў гуртках аплачваць не трэба)...

Увогуле, і сам музей, і паслугі, прапанаваныя ім, на мяне ўражанне зрабілі, і лыжка дзёгцю — месцамі рассохлыя, з аблупленай фарбай драўляныя падлогі — бочку з мёдам не сапсавала. Эла Зінкевіч да праблем (а куды без іх?) ставіцца без панікі. Новае выставачнае абсталяванне, стэнды тут спадзяюцца набыць у бліжэйшыя пару гадоў. А транспарт для музея... таксама не праз дзясятак. Не нашкодзілі б установе і новыя гаспадарчыя памяшканні для захоўвання фондаў.

Эпілог

Аляксей Набееў, які спявае на англійскай, французскай, рускай і трошкі на беларускай мовах, лічыць сябе рамеснікам ў творчасці, што свядома стварае камерцыйны прадукт. Яму падабаецца сачыняць і выконваць музыку, якая запатрабавана масамі. І ніякага ўнутранага дыскамфорту артыст не адчувае: маўляў, насамрэч ён з’яўляецца прыхільнікам высокага мастацтва і каштоўнасцяў сапраўдных, а на густы народа арыентуецца вымушана, зыходзячы з мэт меркантыльных. Тое, што ён спявае, Аляксей адносіць да сучаснай музычнай культуры, а ці будуць меламаны згадваць праз дзесяцігоддзі пра, на мой погляд, проста шыкоўны альбом “Taboo” гурта “Atlantica”, натуральна, пакажа час. Разам з тым, ён дадае:

— Нашы інтэрнэт-каментатары ў значнай масе з задавальненнем “гнабяць” усё творчае беларускае: канцэрт гэта ці драматычны спектакль, балет ці выстаўка. І гэта не “тролі”, а людзі, якія шчыра выказваюць сваё “фе” айчыннаму мастацтву. І пад “раздачу” трапляе ўсё запар: класіка і эксперыменты, таленавітае і бесталаннае. “Пункцік” такі ёсць у досыць вялікай часткі нашага народа: непахісная перакананасць у тым, што родная культура непаўнавартасная.

І яшчэ. Да вечнага Набееў адносіць тое, што мы сёння называем “беларускасцю”. І на папрок “А дзе ж тады альбом “Atlantica” на беларускай мове?” адказвае, што, нягледзячы на магістральны напрамак сваёй творчасці, якая ляжыць у кантэксце сусветнай поп-песні, рэліз ён такі абавязкова выпусціць: матэрыял павінен выспець. І ён спее. У Беларусі, у Мінску, у Браславе.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"