Мае права быць сучаснай?

№ 46 (1224) 14.11.2015 - 20.11.2015 г

Выстаўка, якая на днях адкрылася ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык”, знаёміць нас з асобнай з’явай: з “сучаснай іконай”. Што гэта такое? І ці мае права на жыццё падобнае словазлучэнне? На гэтыя і іншыя пытанні пастараўся адказаць вядомы ў Расіі, але не надта знаёмы землякам, ураджэнец Баранавічаў, мастак Сяргей Шавырын.

/i/content/pi/cult/560/12278/7-1.jpgТрыццаць сем святых абразоў, больш за палову з якіх — спісы з найбольш вядомых праваслаўных ікон, а таксама карціны на біблейскую тэматыку ўпрыгожылі выставачную залу “…Палацыка”. Гэтыя творы мастацтва транслююць аўтарскі погляд на старадаўнюю кананічную традыцыю, кансерватыўныя правілы і ўзоры якой, аказваецца, прымаюць новаўвядзенні і даюць прастору для палёту фантазіі.

Сяргей Шавырын даказвае, што ікона мае права быць сучаснай, мае права на тое лепшае, што даступна чалавеку сёння: новыя тэхналогіі і новыя матэрыялы. Для сваіх карцін мастак выкарыстоўвае драўляную аснову, якую старанна прасушвае, затым грунтуе. Пасля драбнюткім лесіровачным мазком піша свой абраз, упрыгожвае яго вянком з сусальнага золата, рызай, інкрустацыяй з выкарыстаннем штучных і натуральных матэрыялаў, нават такіх нечаканых, як гарох і фасоля. З зайздросным ювелірным майстэрствам прыкладвае пацерку да пацеркі, зярнятка да зярнятка, ствараючы імітацыю жамчужнай ніткі. У працэсе напісання прымяняе брашыраванне і фратаж — штучнае старэнне і рэльеф. Апраўляе дзіўнымі аўтарскімі ажурнымі ляпнымі багетамі. А тэмы для творчасці выбірае па натхненні, што сыходзіць ад самога дрэва: спецыяльна нарыхтаванай дошкі ці звычайнай клёпкі ад расколатай бочкі.

Іконы майстра перадаюць прыхаваныя малітоўныя хваляванні чыстай душы нашага сучасніка. Ён ўсведамляе, што напісанне ікон патрабуе вялікай адказнасці, таму перад стварэннем кожнага новага абраза вывучае духоўную літаратуру. Трэба адзначыць, што першыя кнігі па іканапісе падарыла Сяргею маці — Лідзія Пятроўна, гісторык па адукацыі. Так, наш госць дакрануўся да святой прыгажосці і праз спробы ды пошукі прыйшоў у мастацтва. Спачатку зацікавіўся пластыкай — працаваў і вучыўся ў вядомага маскоўскага скульптара Міхаіла Кірылава, потым быў роспіс гатэлю “Расія” ў Маскве, дызайн і роспіс рэстарана “Secession”, працаваў Сяргей куратарам выставачнай залы, займаўся рэстаўрацыяй храмаў і неўзабаве прыйшоў да іканапісу.

Алена ЗЯЛЕВІЧ, старшы навуковы супрацоўнік Музея-сядзібы  “Пружанскі палацык”