Калі бабулі — хэдлайнеры

№ 46 (1224) 14.11.2015 - 20.11.2015 г

Любанская тэхналогія лакальнага свята
Паштальёны Любанскага раёна Мінскай вобласці прыносяць у вясковыя хаты не толькі “жыроўкі” для аплаты камунальных паслуг і свежыя газеты, але і запрашэнні на ўнікальныя мясцовыя мерапрыемствы, падобных якім наўрад ці ў рэспубліцы знойдзеш. На гэтым тыдні з размахам прайшло адно з іх — ІІ Рэгіянальны фэст аўтэнтычнай народнай песні пад лаканічнай і вычарпальнай назвай “Бабулі”. Такі фестываль — гэта сапраўды бабулі ў цэнтры ўвагі, а па сумяшчальніцтве яны — носьбіты нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Падавалася б, у свеце яна знікае літаральна на вачах. А праз галасы кабет жыве. Хаця б на беларускай Любаншчыне.

/i/content/pi/cult/560/12274/6-2.jpgПра тэхналогію правядзення свята такога кшталту мне распавёў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Любанскага райвыканкама Васіль Каткавец. “У нашым рэгіёне, лічы, запаведнік традыцыйнай народнай песні і творчых калектываў, што працуюць у аўтэетычнай манеры, — зазначыў суразмоўца. — Толькі шаснаццаць з іх мы запісалі ў праекце “Наперад у мінулае” тэлеканала “Беларусь 2”. Тры аб’яднанні ў раёне маюць статус гісторыка-культурнай традыцыі пэўнага песеннага стылю. Таму і фэст “Бабулі” (як і творчасць саміх кабет) у нас вельмі запатрабаваны. А калі да гэтага мерапрыемства дадаць цікавую творчую “акантоўку”, што мы і робім, то яно атрымліваецца арыгінальным, непаўторным, самабытным”.

Адметнасць “Бабуляў” у тым, што свята не выглядае пастановачным. Выканаўцаў і гасцей запрашаюць занурыцца менавіта ў сельскі антураж, выбіраючы для правядзення абавязкова вясковы клуб ці нават хату, але не атынкаваны, хай сабе і больш прывабны, будынак установы культуры аграгарадка. Кожным разам (а пакуль фэст праводзіўся раз на паўгоддзе) “Бабулі” будуць наведваць новую вёску Любаншчыны, карагодзячы гэтак па раёне. Цяпер пашчасціла жыхарам вёскі Дарасіно. Туды з’ехалася магутная каманда з 8 раённых калектываў і аднаго запрошанага з Лунінецкага раёна Брэстчыны — усяго каля 70 чалавек, якія прывезлі песні, танцы, легенды, паданні і стравы нацыянальнай кухні, прыгатаваныя ў адпаведнасці з лакальнымі традыцыямі. Гаворка пра стравы кшталту дранікаў-баранікаў, грыбнога квасу, кашы, зваранай у гаршку...

Па словах спадара Каткаўца, канцэртнае выступленне гэтым разам доўжылася тры з паловай гадзіны, і ўвесь гэты час поўная зала знаёмілася з вясельнымі, жніўнымі, а таксама і журботнымі песнямі, з байкамі ды легендамі. “Бабулям” атрымалася аб’яднаць вакол сабе і людзей сталага ўзросту, і маладых. Праўда, збольшага жанчын, але і мужчыны, варта адзначыць, назіралі за дзеяй з непадробнай цікавасцю. (Дарэчы, самай старэйшай спявачцы — 92 гады, а самым малым слухачом было немаўлятка, спакой якога гэты канцэрт зусім не парушыў.) “Мы імкнуліся, каб свята гэтае праходзіла не толькі для саміх бабуль, але і каб іншыя любаваліся імі ды слухалі песні”, — сардэчна кажа Васіль Сцяпанавіч. Канешне, не забыліся арганізатары і аддзячыць спявачкам сімвалічнымі падарункамі: усе калектывы, а гэта і “Глыбокія крыніцы” з вёскі Закальное, і “Журавушка” з вёскі Ямінск, і “Хамеліха” з вёскі Кузьмічы, і “Беражніца” з вёскі Пласток, атрымалі дыпломы ды вырабы з лёну.

Не ведаю, як аднесліся б да такога свята беларускія этнографы (хаця адным з галоўных арганізатараў “Бабуляў” з’яўляецца Сяргей Выскварка, таксама вядомы даследчык у гэтай галіне). Справа ў тым, што фэст не ставіць за мэту дасягнуць гістарычнай, энцыклапедычнай дакладнасці жыцця нашага народа. Такія мерапрыемствы маюць хутчэй імправізацыйны характар, і тут аўтэнтычную культуру ніхто строга не вывярае. Напэўна, рабіць так — слушна. Бо галоўнае ў “Бабулях” — нават не захаванне песняў, а захаванне добрых адносін паміж людзьмі, асабліва сталага веку. Бо вясковыя бабулі, як заўважыў Васіль Каткавец, вельмі маюць патрэбу ў чалавечых зносінах: “Гэта іх душа, гэта іх жыццё”.

Вялікія грошы для такіх мерапрыемстваў не патрэбныя. Усё ладзіцца разам, сваімі сіламі. Бабулям не асабліва затратна пачаставаць гасцей, кіраўнікам народных калектываў і суседзям-вяскоўцам не складана ўзяць на сябе транспартныя і арганізацыйныя пытанні. Дарэчы, вялікі ўклад у тых жа “Бабуль” зрабіла моладзь. Менавіта яна была асноўным складнікам арганізацыі мерапрыемства.

Наступным разам “Бабулі” пройдуць у лютым, бо кабеты вельмі папрасілі сустракацца часцей, чым раз на паўгоддзе. Гэтую просьбу падтрымаў і райвыканкам, і жыхары рэгіёна. У планах жа фэсту — пашырэнне геаграфіі, бо вакол Любаншчыны яшчэ столькі раёнаў са сваёй непаўторнай нематэрыяльнай культурай. Вядома, хацелася б, каб мерапрыемства цікавіла не толькі жыхароў мясцовых вёсак, але і гараджан, бо яны, як тыя яблыкі, што далёка адкаціліся ад свайго дрэва з магутнымі каранямі.

Дарэчы, у пятніцу ў Мінску пасля вакацый зноў запусціўся праект “Спеўны сход”, пра які “К” ужо неаднойчы пісала. Дык вось аб’яднанне такіх стыхій, хаця б разавае, таксама было б вельмі арганічным і паспяховым.

Фота са старонкі фестывалю ў сацыяльнай сетцы

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст