Ды яна і ў жыцці выглядае зоркай — у адрозненне ад многіх сваіх гераінь, часта куды больш старэйшых за яе па ўзросце.
— І не крыўдна вам, Тамара Васільеўна, бабулек іграць?
— Я ж не ўзрост іграю, а характар. Дый бабулькі бываюць — о-го-го! За такімі і не кожны малады ўгоніцца.
— Вы мне заўсёды ўяўляліся найперш камедыйнай артысткай. Але ж на апошняй Купалаўскай прэм’еры ў вашай Арыне Іванаўне, жонцы Ванюшына, столькі пяшчоты, матчынага клопату і любові да ўсіх...
— Мне хацелася зрабіць сваю гераіню заўважнай, адысці ад стэрэатыпу “шэрай мышкі”. Бо на ёй, па сутнасці, трымаецца ўся сям’я. Дый яна жыве — адно сям’ёй. Гэткі сімвал маці, жонкі — ці ж гэта не актуальна сёння?
— А што сёння ўвогуле, на вашу думку, у тэатры актуальна?
— Усё. І ў кожным з тэатраў — сваё. Нават сама назва — Нацыянальны акадэмічны — сведчыць пра тое, што ў купалаўцаў павінны захоўвацца і развівацца класічныя традыцыі, лепшыя тэатральныя здабыткі.