Анджэй Цеханавецкі

№ 46 (1224) 14.11.2015 - 20.11.2015 г

2 лістапада 2015-га з Лондана прыйшла сумная вестка: на 92-м годзе жыцця памёр шчыры прыхільнік беларускай культуры, польскі навукоўца, беларусіст, грамадска-культурны дзеяч Польшчы і Беларусі, ганаровы грамадзянін Заслаўя, вядомы мецэнат, нашчадак князёў Мсціслаўскіх і Заслаўскіх прафесар Анджэй ЦЕХАНАВЕЦКІ.

За сваё плённае жыццё ён здзейсніў шмат карысных спраў для беларускай культуры, да апошніх дзён нястомна займаўся данясеннем да замежнага чытача і карыстальніка звестак пра беларускую гісторыю, рабіў важкі ўклад у справу папулярызацыі помнікаў гісторыі і культуры, нямала сіл аддаваў іх захаванню і рэстаўрацыі. Быў ён і шчодрым ахвяравальнікам беларускім музеям, нават знакаміты слуцкі пояс перадаў у Беларусь. Яго манаграфія “Міхал Казімір Агінскі і яго “сядзіба музаў” у Слоніме” (1961 г.) — першае грунтоўнае даследаванне па гісторыі прыдворнага тэатра ў Беларусі.

Анджэй Цеханавецкі з’яўляўся ганаровым старшынёй Беларуска-польскай кансультатыўнай камісіі па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны, актыўна спрыяў працы беларускіх і польскіх навукоўцаў па аднаўленні Нясвіжскага замка, ствараў Міжнародны фонд “Нясвіж”, ахвяраваў Нацыянальнаму гісторыка-культурнаму запаведніку “Нясвіж” не адзін радзівілаўскі рарытэт.

Анджэй Цеханавецкі нарадзіўся 28 верасня 1924 года ў Варшаве, але яго радаводнае дрэва сваімі каранямі моцна зраслося з беларускай зямлёй — вёскай Бачэйкава Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці, дзе шмат дзесяцігоддзяў жыў ягоны род. Цеханавецкі вывучаў гісторыю мастацтваў у Ягелонскім універсітэце Кракава, удасканальваў адукацыю ў Германіі, ЗША, Партугаліі, Вялікабрытаніі.

З 1961 года жыў у Лондане. Ягоная нястомная і плённая дзейнасць адзначана многімі высокімі ўзнагародамі, у тым ліку беларускім ордэнам Францыска Скарыны. З’яўляўся ганаровым доктарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, ганаровым сябрам Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў.

Шануем і памятаем.

У.І. Адамушка, С.Ф. Алейнік, А.І. Бутэвіч, У.А. Гілеп, У.П. Грыдзюшка, Д. Дзінглі, С.М. Клімаў, А.І. Лакотка, А.В. Мальдзіс, Р.С. Матульскі, А.Ю. Міхневіч, У.І. Пракапцоў, Б.У. Святлоў, Т.І. Стружэцкі, А.А. Суша, І.М. Чарняўскі, У.Р. Шчасны.