“Неэўклідава” геаметрыя “Паралеляў”

№ 46 (1224) 14.11.2015 - 20.11.2015 г

Станковае і манументальнае перасякаюцца ці не?
Толькі што закрылася выстаўка “Іншыя паралелі”, якая сціпла, без усякіх дыскусійных абмеркаванняў, дзесяць дзён працавала ў Палацы мастацтваў. Такім чынам, быў час, каб падвесці некаторыя вынікі. Гэты арт-праект прадстаўляў чыста станковы жывапіс амаль усіх членаў творчай секцыі манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускага саюза мастакоў.

/i/content/pi/cult/560/12264/8-3.jpgЦікава, што ў экспазіцыі можна было ўбачыць і творы некаторых мастакоў, якія выстаўляліся для продажу. (Досвед “Восеньскага салона” з “Белгазпрамбанкам” відавочна даўся ў знакі.) Цана на работы вагалася ад 13 500 000 беларускіх рублёў (палатно Уладзіміра Зленкі “Кафейная кантата”) да 160 000 000 рублёў (карціна Васіля Зянько “Трансфармацыя У”). Валянцін Нудноў ацаніў свой дыптых “Масты Ліёна” ў 70 мільёнаў, а Іван Кліменка таксама дыптых пад назвай “Два чорныя элементы” ў 92 мільёны рублёў. Дарэчы, у Парыжы гэтыя творы калісьці былі выстаўлены на продаж амаль удвая даражэй. А вось назвы твораў іншых мастакоў, якія чакалі пакупніка: “Вясковы нацюрморт” Глеба Отчыка, “Бацькоўскі дом”, “Вечар на возеры” і “Абмыванне” Аляксандра Сушы, “Браняносец упоцемку” і “Гіпапатам” Андрэя Пяткевіча, тры пейзажы Сямёна Дамарада, “Міжсезонне” і “Аб’ект” Барыса Сямілетава … Пра вынікі гэтых продажаў не ведаю....

Канешне, цана ў мільённых лічбах за “картину маслом” можа прывесці шараговага абывацеля ў шок, але для “крутога” бізнесмена, буйнога калекцыянера ці багатага турыста з-за мяжы можа падацца дробяззю. Для параўнання: работы падобнага па якасці ўзроўню на міжнародных аўкцыёнах купляюцца за дзясяткі і сотні тысяч, а то і за мільёны долараў, праўда, калі іх аўтар — асоба “раскручаная” ў сусветным ці, прынамсі, еўрапейскім маштабе. Думаю, менавіта імя мастака, а не столькі якасць твора, сёння ў свеце акрэсліваюць яго цэнаўтварэнне, ягоны, так бы мовіць, коштавы “вобраз”.

Але я трошкі адхіліўся ад гаворкі пра арт-праект “Іншыя паралелі”. Уласна кажучы, гэта своеасаблівы працяг групавой экспазіцыі “БТР”, якую не так даўно экспанавалі ў Цэнтры сучасных мастацтваў і пра якую я нядаўна пісаў у “К”. Там была “васьмёрка” мастакоў, якія ўваходзяць у склад бюро секцыі манументальна-дэкаратыўнага жывапісу БСМ, тут — большасць членаў гэтай жа секцыі плюс тая ж самая “васьмёрка”, канешне, з іншымі творамі.

Усяго на выстаўцы ў Палацы мастацтваў прадставілі прыкладна, калі не памыляюся, сем ці восем дзясяткаў твораў станковага жывапісу. У асноўным, гэта мастакі сярэдняга пакалення, ёсць і маладыя. Тут і “аксакалы”, даўно вядомыя персоны, асабліва ў галіне ўласна манументальнага жывапісу (Юрый Багушэвіч, Камал Гаджыеў, Сямён Дамарад, нябожчык Генадзь Жарын). Траціна работ — новыя, гэтага года; астатнія — частка даўно знаёмыя, частка — з тых, што раней не выстаўляліся, хаця і зроблены ў мінулыя часы. Матэрыял — галоўным чынам алей, акрыл ці змяшаная тэхніка. У гэтым сэнсе навацый ніякіх: усё ў межах жывапіснага станкавізму. Толькі адна работа — карціна Ірыны Бараноўскай “Фарфаліка”: ляўкас, энкаўстыка, воск. Ну яшчэ ў матэрыяле алюміній, эмаль — адмыслова зроблены Аляксандрам Некрашэвічам аб’ект пад назвай “Мыльныя бурбалкі”.

Грэшнай справай падумаў, што хутка прыйдзе час, калі ўсе былыя манументалісты, якія сёння не могуць прымяніць на поўную моц першапачатковы дар у афармленні інтэр’ераў і экстэр’ераў будынкаў, арганічна і на поўных, а не на птушыных правах увойдуць у секцыю жывапісу БСМ...

А што такое “іншыя паралелі” ў кантэксце выстаўкі? Па-першае, гэта своеасаблівы сінтэз мінулых пошукаў манументалістаў у галіне “станкавізму” (усе яны прайшлі добрую школу майстэрства ў Акадэміі мастацтваў і па малюнку, і па кампазіцыі, і па колеравай пластыцы: таму ім не трэба было “перавучвацца”). Па-другое, сёння, у соцыуме яны на сваіх палотнах імкнуцца прыцягнуць гледача да роздуму над праблемамі чалавека і грамадства, іх узаемапранікнення і ўзаемаадмаўлення. Праз прызму жывапісу спрабуюць весці дыялог адносна важных і асноватворных, на іх погляд, сфер быцця, такіх, як духоўнае развіццё, свабода і звязаныя з ёй абмежаванні, слушнасць выбару, апраўданасць надзей і чаканняў.

Частка ўдзельнікаў праекта ставіць перад сабой выключна эксперыментальныя задачы ў галіне “беспрадметнага” мастацтва ў разліку на разумнага гледача, нейкім чынам знаёмага з рознымі “-ізмамі” ў сучасным жывапісе. Эксперыменты розныя, не звязаныя адзін з адным ні тэматыкай, ні паслядоўнасцю жанраў, вобразаў, выяўленчых пераказаў. Пластычныя стратэгіі аўтараў свабодныя ад узаемаўплываў, іх аб’ядноўвае глыбіня задумак і эмацыйнасць рашэння, як, скажам, у палотнах “абстрактнага напрамку” — “Белае воблака над залатым полем” і “Тры ракі” Сяргея Крыштаповіча, “Лабірынт” і “Кампазіцыя” Настассі Хобатавай, “Трыа” Сяргея Варкіна ці “Заплюшчы вочы” Станіслава Гурскага.

Вопыты паралельнага светаўспрымання, выходзячы за рамкі фармальнай гульні, пашыраюць гарызонты кожнага з мастакоў, адкрываюць багатыя магчымасці ў галіне колеру, фактуры, прасторы. Ёсць тут і рэчы зусім “натурнага” кшталту, напісаныя ў старых добрых традыцыях так званага рэалізму (“Край зямлі” Васіля Матусевіча, “Успамін” Сямёна Дамарада, “Сланечнікі” Валерыя Чайкі, ”Травень” Уладзіміра Зленкі). А як бы паміж імі, паміж “мадэрнам” і “рэалізмам”, — філасофскія экзерсісы Уладзіміра Кандрусевіча, Камала Гаджыева, Ірыны Бараноўскай, Аляксея Хацкевіча…

Погляды мастакоў паралельныя, але знаходзяцца ў вострых перасячэннях з навакольнай прасторай. Аўтары, канешне, ахоплены жаданнем спасцігнуць асноўныя катэгорыі жыцця, адкрыць у ператвораных формах аб’ёму, кампазіцыі, рытму свае схаваныя быційныя заканамернасці. І такая аб’ядноўчая ідэя атрымлівае ў творчасці мастакоў больш-менш арыгінальную інтэрпрэтацыю.

Прызнаюся, выявіць у экспазіцыі лідараў — вельмі цяжкая задача, бо карціны, як і людзі, індывідуальныя, непаўторныя і па-свойму цікавыя. Бо адлюстроўваюць характар і настрой творцы, дэманструюць мастакоўскія магчымасці кожнага і выпраменьваюць пэўную энергетыку. Таму кожны аўтар заслугоўвае добрых слоў і павагі, тым больш, што творы свае яны малявалі па поклічы душы, а не па чужой замове. Ну а пра работы, якія зусім не кранулі душу маю, што казаць?

Дык вось пра паралелі… Жывапіс станковы і жывапіс манументальны (фрэска, мазаіка, вітраж, сграфіта і да таго падобнае) — у прынцыпе, паралелі? Так. Канешне, гэтыя “брацкія” віды мастацтва арганічна перасякаюцца, перакрыжоўваюцца, часам зліваюцца “ў абдымках”, часам сустракаюцца ў паядынках за права быць “першым” у прасторы выяўленчага быцця, часам ідуць у паралельных мастацкіх сусветах. Урэшце, гэта не дзіўна: жыццё ўсіх пластоў нашага грамадства праходзіць паралельна. Вечная барацьба і адзінства супрацьлегласцей. Так і мастакі: розныя па стылі, агульныя па духу. Спрэчкі іх вечныя, дыскусія бессэнсоўная, бо жывуць яны ў розных плоскасцях. Толькі плоскасці гэтыя, як бы хтосьці не стараўся ахоўваць сваю тэрыторыю, перасякаюцца. Як у “неэўклідавай” геаметрыі Лабачэўскага. Самае важнае ў такіх спрэчках тое, што ад перасячэння гэтых плоскасцей выйграем мы, гледачы — а не ўласна манументалісты ці “чыстыя” жывапісцы-станкавісты…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"