Абед ці спектакль?

№ 46 (1224) 14.11.2015 - 20.11.2015 г

Меню замкавых рэстаранаў не пакіне галоднымі замежных грамадзян, а вось беларусам, за рэдкім выключэннем — яно “не па кішэні”. Памятаю, як падчас першага арт-фэсту ў Нясвіжскім замку (у 2012 годзе) нашы турысты харчаваліся піражкамі, піцай і іншым печывам пад летнімі паветкамі, бо цэны рэстарана “Гетман” здольныя былі “адхапіць палец”.

Напярэдадні арт-фэсту ў Міры адбываўся “Рыцарскі турнір”. Зранку моладзь з розных краін свету разгортвала свае палаткі на беразе возера перад замкам і рыхтавалася да спаборніцтваў. Некалькі хлопцаў пайшлі ў краму па прадукты, бо, па словах “рыцараў”, “княжацкі абед” вельмі дарагі. Падарожжа і без таго багата каштавала, таму на страўніку варта эканоміць.

Такі водгук іншаземцаў з Украіны, Польшчы і Літвы прымусіў мяне, тады яшчэ работніка культуры, наведаць замкавы рэстаран “Княжацкі двор”. Дазволіць сабе змагла я толькі каву “Латэ” без дэсерту, бо абед каштаваў даражэй за білет на спектакль. Але, пакуль яе падалі, агледзела залу. Наведвальнікаў апоўдні было няшмат, а за столікамі гаворка вялася на замежнай мове. У той момант нават стала крыўдна ад таго, што на сваёй зямлі не можам сабе дазволіць тое, чым частуюцца іншаземцы, і тое не ўсе.

Нядаўна зноў выправілася ў Мір на выстаўку “Партрэты князёў Радзівілаў” з прыватнай калекцыі Канстанціна Гогенлоэ Шілінгсфюрста (Баварыя). Цэны ў рэстаране падраслі, непрапарцыйна заробкам у сферы.

Непадалёк ад мірскага аўтавакзала ёсць кавярня “Рагнеда”, прыгожая і ўтульная. Там кошт — даступны кожнаму беларусу, толькі адно “але” — без папярэдняй замовы (са слоў афіцыянта) падаюць толькі напоі. Усё гатуецца пад замову. А ўвогуле, пад’есці можна нядрэнна.

Не ведаю я рэстараннага маркетынгу і тэхналогіі разлікаў кошту, але цудоўна ўсведамляю, што кожны турыст, незалежна ад памеру сваёй кішэні, хоча не толькі азнаёміцца з турыстычным аб’ектам, але і добра пад’есці. А яшчэ, мяркую, рэстараны ды кавярні з гістарычнымі найменнямі нашых продкаў проста павінны частаваць і адпаведнай ежай. Інакш кажучы, меню гэтых пунктаў харчавання варта складаць толькі з “гістарычных страў”.

Вольга ПАЛУНЧАНКА, чытачка "К"