“Міс Беларусь-2008”: шанц пашырыць межы свайго свету

№ 13 (831) 29.03.2008 - 04.04.2008 г

На гэтым тыдні сталі вядомы імёны яшчэ дзвюх прэтэндэнтак на карону “Міс Беларусь-2008”. Прыгажуні з Гомельскай вобласці Юля Супічэнка і Аксана Гапон па выніках другога паўфінальнага шоу атрымалі пуцёўку ў фінал, далучыўшыся да Крысціны Кузняцовай і Яўгеніі Русіноўскай, пераможцаў гродзенскага тура. 29 сакавіка журы і тэлегледачы вызначаць лёс прыгажунь Брэстчыны, а яшчэ праз тыдзень — Віцебскай вобласці. “К” звярнулася да дырэктара Нацыянальнай школы прыгажосці Вольгі СЯРОЖНІКАВАЙ з просьбай больш падрабязна распавесці пра ход адборачных падзей. У выніку гутарка закранула не толькі пытанні накшталт “што?”, “дзе?”, “калі?”, “як?”, але і праблемныя тэмы “індустрыі прыгажосці”. Пра маштабнасць сёлетняга конкурсу, англійскую мову, “кароткі век” каралеў прыгажосці і многае іншае атрымалася наша гаворка.

 /i/content/pi/cult/155/1226/Miss-Belarus1.jpg

Вольга Сярожнікава.

Прайсці выпрабаванне сцэнай
— Конкурс “Міс Беларусь-2008” праводзіцца па зусім іншым прынцыпе, чым папярэднія спаборніцтвы. Сёлета гэта сапраўды буйны праект, у які ўкладзены вялікія сродкі, над якім працуе каманда прафесіяналаў, які, нарэшце, мае добрую інфармацыйную падтрымку. Пры такім раскладзе, натуральна, чакаецца і большы плён.
Сёлета мы зрабілі вялікі тур па Беларусі. Раней адбіралі дзяўчат толькі ў абласных цэнтрах, сёлета ж аб’ездзілі і раёны: пабывалі ў пятнаццаці гарадах і выбралі з вялікай колькасці прыгажунь, якія заяўляліся на кастынгі, самых лепшых. Цікавасць да конкурсу была неверагодная: на сустрэчы прыходзіла па 200 — 300 чалавек! Мы з кожнай абавязкова размаўлялі, і калі дзяўчына нам не падыходзіла, стараліся адмовіць ёй як мага далікатней.
Зусім іншы ўзровень сёлета задаў конкурсу канал АНТ. Для кожнай вобласці зроблена сапраўднае шоу — паўфінальныя туры, у правядзенне якіх укладзена шмат грошай, каб прадстаўленне глядзелася штораз цікава, арыгінальна, нават бліскуча. Мяркую, мы даўно павінны былі выйсці на такі ўзровень, бо конкурс прыгажосці ва ўсім свеце — гэта праект камерцыйны. У нашым выпадку дзяржаўная падтрымка форуму, якая з’яўляецца асноўнай, надае яму яшчэ большую вагу: усё празрыста, адкрыта, зразумела, хто робіць конкурс і якім чынам спаборніцтва адбываецца. Фінал праводзіцца на адной з самых прэстыжных пляцовак краіны — на сцэне Палаца Рэспублікі. Падчас паўфіналу і фіналу дзейнічае інтэрактыўнае галасаванне, і кожная вобласць можа падтрымліваць сваіх зямлячак. Натуральна, што пры такім сур’ёзным падыходзе бацькі не баяцца адпускаць сваіх дачок на конкурс “Міс Беларусь”, ды і самім дзяўчатам не страшна да нас прыходзіць.
Паверце, нялёгка вытрымаць усе іспыты. Спярша адстаяць чаргу ў не заўсёды ўтульным ДК, потым выйсці да журы ў купальніку. Не забывайцеся на хваляванне, псіхалагічнае напружанне і на тое, што раней гэтага дзяўчаты ніколі не рабілі!
Пасля — шчыльны графік працы: у новых абставінах, сярод новых людзей. Калі дзяўчаты рыхтаваліся да паўфіналаў і жылі ў Мінску, мы не давалі ім спакою з 10 раніцы да 7 вечара. Заняткі, заняткі і яшчэ раз заняткі!
А затым выпрабаванне сцэнай: конкурсныя паўфіналы здымаліся ў СК “Уручча”, у зале — 600 гледачоў. Паспрабуйце, не маючы дачынення да мадэльнага бізнесу, выйсці на сцэну ў купальніку перад сотнямі людзей і тэлекамерамі. Але ўсе “пакуты” вартыя вынікаў, маральных і матэрыяльных дывідэндаў, якія дзяўчаты потым атрымліваюць. Дарэчы, сёлета наш прызавы фонд надзвычай высокі: “Міс Беларусь-2008” разам з каронай атрымае кватэру ў Мінску, а дзяўчаты, якія зоймуць другое і трэцяе месцы, — грашовыя прызы ў памеры 10 і 5 тысяч долараў адпаведна. Такі чынам, змагацца ёсць за што...
Нагадаю, што ў фінал конкурсу “Міс Беларусь-2008”, які адбудзецца 2 мая, патрапяць 24 канкурсанткі. Семнаццаць выбярэ журы, сем — тэлегледачы падчас трансляцыі паўфіналу. Такім чынам, інтрыга ў нас трымаецца да апошняга моманту.

“Міс” мусіць быць асобай
— Усе нашы канкурсанткі вельмі маладыя. Хаця на кастынг мы запрашалі дзяўчат ад 18 да 24-х гадоў, па шчырасці, 24-гадовыя амаль не прыходзілі: хтосьці ў гэтым узросце ўжо мае сям’ю ці добрую працу, хтосьці лічыць, што яму гэта не трэба.
Асноўная колькасць удзельніц конкурсу — дзяўчаты 18 — 20 гадоў, студэнткі, якія спрабуюць зрабіць пачатак кар’еры, яны маюць час і, спадзяюся, намер стварыць штосьці незвычайнае. На Захадзе ў падобных конкурсах, наадварот, прымаюць удзел дзяўчаты, якія адбыліся ў нейкай сферы. “Міс”, лічыцца, мусіць быць асобай. І звычайна на заходніх форумах прыгажосці перамагаюць удзельніцы, якія сапраўды маюць за плячыма пэўны досвед: яны скончылі універсітэт, дамагліся чагосьці ў кар’еры, шмат займаюцца сацыяльнай і дабрачыннай дапамогай, ведаюць некалькі моў.

 /i/content/pi/cult/155/1226/Miss-Belarus3.jpg

Прыгажуні Віцебшчыны аказаліся аднымі з самых падрыхтаваных удзельніц.

Дарэчы, цяпер мы закранулі “вострую” праблему, якая мяне вельмі хвалюе. Англійская мова — гэта проста гора, ці бяда нашых дзяўчат. А між тым на міжнародных форумах без валодання ёю перамагчы нельга. На кастынгу ў анкеце былі спецыяльныя пункты, якія дапамагаюць нам са шматлікіх пазіцый ацаніць канкурсантку. На пытанне пра валоданне англійскай мовай толькі, умоўна, 20 чалавек са 100 адзначылі, што маюць пэўныя веды і навыкі, астатнія — валодаюць мовай са слоўнікам, што, зразумела, практычна роўна нулю. Англійская мова на міжнародных спаборніцтвах — гэта неабходны мінімум: дзяўчаты, якія прыязджаюць на конкурс, ведаюць сёння дзве — тры мовы, што безумоўна спрыяе перамозе.
Да прыкладу, на апошнім конкурсе “Міс Свету” са 110 краін-удзельніц не ведалі англійскай мовы толькі пара ўдзельніц. У выніку гэтыя дзяўчаты амаль увесь час сядзелі ціхенька ў куточку: ні кантактаў ці інтэрв’ю, ні гутаркі з арганізатарамі, якім сёння зусім не патрэбны залішнія выдаткі на паслугі перакладчыка.
Сёння канкурсантка міжнароднага форуму прыгажосці мусіць мець не толькі выключную знешнасць, але і быць прыемнай, абаяльнай суразмоўніцай. Нельга думаць, што ваша прыгажосць будзе здольная кампенсаваць ваша няведанне мовы: там жа ўсе прыгожыя і таленавітыя.

 /i/content/pi/cult/155/1226/Miss-Belarus2.jpg

У апошнім конкурсе прыгажосці “Міс Свету” прымала ўдзел беларуска Алена Аладка. Алена добра ведае англійскую мову, але нават яна вельмі хвалявалася за свае публічныя выступленні, якія адбываліся штодзень. Да прыкладу, ёй трэба было прэзентаваць сувенір з Беларусі. Мы набылі для яе шыкоўнага зубра з дуба. Арганізатары доўга не маглі зразумець паходжанне гэтай “міфічнай” істоты. Калі ж уцямілі, што невядомы звер так і называецца — “зубр” (а гэтае найменне не перакладаецца на замежную мову), — былі ў захапленні. Яны потым увесь час прыводзілі яго ў прыклад, і папрасілі Алену зрабіць асобную прэзентацыю. Натуральна, такое выступленне вельмі адказнае: беларуска напісала прамову, даслала яе сваёй сястры, якая жыве за мяжой, каб яна выправіла магчымыя памылкі, — і бліскуча выступіла, паведаміўшы свету і пра зубра, і пра Белавежскую пушчу, і — найперш — пра Беларусь. На міжнародных конкурсах прэтэндэнткі на карону павінны ўмець абараняць свае інтарэсы. Увесь час — прэзентацыі нацыянальнага касцюма, краіны, розныя імпрэзы, і ў кожную хвіліну неабходна быць гатовым да таго, каб выйсці на сцэну і выступіць. Таму хачу звярнуцца да ўсіх сённяшніх і будучых канкурсантак: дзяўчаты, вывучайце англійскую мову!

На рэпетыцыю — з нататнікам
— Па выніках кастынгаў, якія праходзілі па ўсёй рэспубліцы, мы выбралі 84 прыгажуні: усе дзяўчаты вельмі розныя і вельмі “моцныя”. Сёлета, відаць, не будзе яўных фаварытаў падчас фіналу, і мне нават цяжка ўявіць, як журы справіцца са сваёй задачай.
Натуральна, што падрыхтаваць такую колькасць дзяўчат да паўфіналаў Нацыянальная школа прыгажосці адна не здолела б. Сёлета мы размеркавалі частку ўдзельніц па агенцтвах Тамары Ганчаровай і Сяргея Нагорнага, якія ўзялі да сябе на падрыхтоўку па “дзве вобласці”. Дзяўчаты прайшлі вельмі добрую школу, трошкі адрозную ў залежнасці ад скіраванасці кожнага агенцтва, аднак усе ўключалі і дэфіле, і працу над знешнімі данымі, і псіхалагічную падрыхтоўку.
Што да нашай школы, дык мы зрабілі ўпор на спартыўную падрыхтоўку і дэфіле. Адзначу, што тыя дзяўчаты, якія займаліся ў мадэльных агенцтвах, адразу вылучаліся на фоне канкурсантак, што не мелі вопыту выхаду на сцэну: з імі працаваць было значна лягчэй, бо падрыхтаванаму чалавеку і падказаць больш проста, ён цябе зразумее.

 /i/content/pi/cult/155/1226/Miss-Belarus4.jpg

Дзмітрый Калдун разам з удзельніцамі конкурсу.

У гэтым сэнсе надзвычай здзівілі нас дзяўчаты з Віцебска: там былі моцныя мадэльныя агенцтвы, фестываль “Белая Амфара”, што мае ў горадзе над Дзвіной трывалую прапіску, — усё гэта складваецца адзін да аднаго, таму віцябчанкі і аказаліся вельмі “моцнымі” канкурсанткамі. Памятаю, як да мяне прыбегла рэжысёр-пастаноўшчык Наталля Петухова і з захапленнем распавяла пра тое, што ўсе дзяўчаты з Віцебшчыны прыйшлі на рэпетыцыю з нататнікамі і алоўкамі ў руках. Яны запісвалі ўсе парады і ўказанні, сходу зрабілі складаную праходку. Мадэльная школа тут аказалася вельмі дарэчы.
На жаль, сёння ў Беларусі засталося няшмат падобных устаноў, мадэльныя агенцтвы можна пералічыць на пальцах. І справа тут нават не ў тым, што пасля навучання адтуль выходзяць скрозь дзяўчаты-топ-мадэлі: справа ў падыходзе да асобы. Да нас вельмі часта мамы прыводзяць сваіх дачок з такімі словамі: “Каб не патрапіла ў благую кампанію”. Маці просяць узяць дачку ў нашу Школу для таго, каб мы навучылі яе прыгожа хадзіць, добра выглядаць, сачыць за сабой.
Чалавеку неабходна данесці, што значыць быць прыгожай і што дзеля гэтага належыць рабіць, якога ладу жыцця прытрымлівацца. Пасля навучання дзяўчынка ўжо не захоча “сядзець на лаўках”, а паставіць перад сабой зусім іншыя мэты. У гэтым сэнсе мадэльныя агенцтвы вельмі патрэбны.

Пра “кароткі век” каралеў прыгажосці
— Гэта няпраўда, што ў каралеў прыгажосці кароткі век. Усё залежыць ад таго, як вы паставіцеся да сваіх дасягненняў. Калі будзеце думаць, што “вось зараз я стану “Міс Беларусь” і на мяне абрынецца слава, і ўсе навокал мне абавязаны”, вы нічога не дасягнеце. Сваю перамогу на конкурсе трэба разглядаць як старт. Гэта ваш вялікі шанц. Памятаю, як я сама ўдзельнічала ў конкурсе “Міс Беларусь”. Мне было тады 23 гады, я працавала эканамістам, і зусім не думала, што мая кар’ера можа скласціся гэткім чынам. Але я прыняла рашэнне ўдзельнічаць — і пайшла на конкурс. У выніку заваявала тытул “Міс Фота”.
Пачаўся ўдзел ў розных міжнародных спаборніцтвах, фотасесіі і, нарэшце, такі шанц, як пасада дырэктара Нацыянальнай школы прыгажосці. Сёння я нават не ўяўляю, што маё жыццё магло прайсці недзе ў бухгалтарскай канторы. Можа, сядзела б зараз там і глядзела ў акенца, калі б не ўдзел у лёсавызначальным конкурсе.
Такая ж гісторыя адбылася і з “Міс Беларусь-2004” Вольгай Антропавай. Вольга родам з Полацка, і ў той час, калі праходзіў конкурс, у яе была вучоба, малады чалавек, і Яна ўжо падумвала аб замужжы. Паспрабавала паўдзельнічаць у конкурсе дзеля забавы — і ў выніку стала ўладальніцай кароны. Сёння яна супрацоўнічае з прэстыжным амерыканскім мадэльным агенцтвам, ездзіць у Нью-Йорк, вяртаецца на радзіму, шмат здымаецца, сама зарабляе грошы.
Усё, канешне, залежыць ад таго, як вам пашанцуе. Але сустрэць лёсавызначальнага чалавека ці працу шанцаў заўжды болей, калі вы пашыраеце межы свайго свету. Дзеля таго, каб сустрэць агента вядомай кампаніі, вам трэба знаходзіцца там, дзе ён можа быць. І конкурс у гэтым сэнсе — прыступка ў новае жыццё. Але ўсё залежыць ад таго, ці здолееце вы на яе ўзняцца.

 

Занатавала Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ