“Культпралёт” ад Полацка да Віцебска

№ 46 (1224) 14.11.2015 - 20.11.2015 г

Руслан ВАШКЕВІЧ, мастак
Калі рыхтаваліся вернісажы майго праекта “Культпралёт”, у эксплікацыі згадваўся выраз “белыя плямы”. Пад імі я меў на ўвазе кропкі на карце Беларусі, дзе мне не давялося пабываць. А ў рэгіёны я еду для таго, каб набрацца жывой энергіі. Яна тут ёсць, у адрозненні ад Мінска, запоўненага клішаванымі аднатыпнымі праектамі, якія не нараджаюць новых сэнсаў. Не ведаю, як гледачу, але мастаку там падсілкоўвацца няма чым. Хіба кіслароднымі кактэйлямі.

/i/content/pi/cult/560/12259/5-1.jpgЛюдзі па-за межамі сталіцы сапраўды іншыя. Яны не перакормленыя інфармацыйным бацвіннем. Моцна адрозніваюцца і адносіны адміністрацыі тых месцаў да мастакоў. Там абсалютна традыцыйны акадэмічны падыход да мастацтва, пры гэтым — вельмі любоўны: як мне тое бачыцца, мастацтва для клеркаў, чыноўнікаў гэтак жа важнае, як і для аўтара.

Вызначыў для сябе наступны фармат: выязныя выстаўкі, якія сінхронна праходзяць у розных гарадах краіны (адначасовасць тая дарэчная, таму што выстаўкі адна з адной не звязаны, апроч як аўтарам). Такім чынам быў рэалізаваны праект “Культпралёт”, частку якога прыняла Полацкая карцінная галерэя, размешчаная ў будынку колішняга езуіцкага калегіума, а частка адкрылася ў віцебскай “Арт-прасторы”.

Першы паверх калегіума прысвечаны абразам, праваслаўным, каталіцкім, уніяцкім. Паглядзець на гэтыя аб’екты з’язджаюцца людзі з усяго свету. Другі ўзровень сіламі дырэктара галерэі Ларысы Лысенка запоўнены калекцыяй работ ХХ стагоддзя. Трэці ж — аддадзены пад зменныя выстаўкі. Усё падрыхтавана да таго, каб стаць “вішанкай” на гэтым торце, таму рабіць “пшык” нецікава. Ларыса вельмі ўважлівая да таго, што павінна выстаўляцца ў галерэі. Яна сама вышуквае імёны за мяжой і ў нас. Таму, калі мы з ёй вызначыліся з супрацоўніцтвам, то сталі ўзгадняць працы.

І атрымаліся дзве серыі. Адна з іх — “Музей”. Вялікі, класічны, запоўнены работамі таленавітых вядомых мастакоў. Менавіта з імі я вяду бясконцую спрэчку, турнір. “Дзяўчынка на шары”, “Выкраданне Еўропы” — мне блізкія працы аўтараў, але я вырашыў, што можна зрабіць яшчэ лепш або паглядзець на іх з іншага боку. А некаторых персанажаў наогул “ажывіць”. І вось карлік Веласкеса ў мяне, як у мультфільме, на шасці палотнах паступова адкрывае вочы і закрывае рот. Мастацтва гэткім чынам жыве, а з ім “ажывае” і карлік. Такіх работ з гадамі стала неверагодная колькасць: гэта ператварылася ў даследчую лабараторыю.

Другая серыя больш хуліганістая. Гэта геаметрычныя працы: белыя палотны, нескладаныя прамалёўкі чорнай лініяй. Яны задзірлівыя, не без фарсу. Драйвовы, стрыт-артаўскі настрой у тых сценах глядзіцца сапраўды класна. Скляпеністыя столі, байніцы, далікатна-малочны фон. Выглядае так, быццам хуліган забег і хутка намаляваў. Карціны ў гэтай прасторы становяцца значнымі, а прастора — адкрываецца для новых перажыванняў. Я назваў серыю “Размалёўкі для дарослых”, прапануючы тым самым абстрактна ў галаве альбо на раздрукаваных маленькіх копіях з дапамогай алоўкаў самім усё гэта размаляваць. Водгук быў настолькі жывы, што ўсе лісткі разышліся за гадзіну. І, здавалася б, два нічым не звязаныя праекты, але, калі ўдумацца, то ў першым выпадку я гуляю з мастацтвам, перарабляючы яго і перакройваючы, а ў другім — прапаную гледачу тое ж самае зрабіць са мной.

У Віцебску я зноў адчуў добрае стаўленне. Чым больш пафасу сканцэнтравана ў пэўным месцы, тым больш моцна гэта адбіваецца на чалавечых адносінах. У Мінску ўсё адбываецца па іншай “схеме”: “круглыя сталы”, мадэратарства, куратарства. Гэта раз’ядае жывую плоць, не пакідае ў сухім астатку цэласнай з’явы. Яна яшчэ, можа, не саспела, а паміж мастакамі пабудаваны перагародкі. Яшчэ няма нічога, а людзі адзін з адным не размаўляюць, не вядуць агульных спраў: хтосьці кагосьці піярыць, хтосьці кагосьці замоўчвае. Мастацтва пад ціскам такіх дыскусій драбнее і вымірае.

Віцебская выстаўка адлюстроўвае ідэю паўзучага крызісу, мастацкага, фінансавага. Ён прапануе працаваць на хуткасць: стужка “Фэйсбука”, крамы “Ікея”, запоўненыя паўфабрыкатамі, процьма калажаў ў авангарднай тэхніцы, калі дастаткова нешта выразаць або выкарыстаць ужо наяўныя іміджы. Інтэрнэт перапоўнены фатаграфіямі на любую тэму. Для таго, каб напісаць партрэт чалавека, ужо не абавязкова садзіць яго перад сабой, дастаткова прагартаць яго старонку ў Сеціве. І мне захацелася зрабіць калажныя працы на белым фоне, з дзіўнымі аб’ектамі, якія, на першы погляд, ні аб чым не сведчаць. Яны зроблены ў фармаце эканом-класа, спрошчаным для ўспрымання, універсальным для экспанавання. Іх можна вешаць усюды: у галерэі, гіпермаркеце, на хайтэкаўскай кухні. Іх зручна друкаваць у каталогах, разглядаць, вярстаць, складаць з іх нешта новае. Назвы ж ім я не даваў наўмысна, спачатку яны былі сілуэтамі, цяпер жа нагадваюць мне прасціны ці вітрыны. Яны мне падабаюцца, гэта нешта такое да канца неадрэфлексаванае. Збор непрааналізаваных катэгорый. Ну і накіравана ўсё тое на гледача, якому прапануецца ўсё гэта склеіць як пазл. Я сабе ўяўляю гэта так: будуць прыходзіць ярка апранутыя людзі, запоўняць сабой прастору, і работы проста стануць для іх дэкарацыяй. Іх сілуэты, іх размовы — вось што важна, і зусім не трэба над кожнай работай стаяць і вырашаць, у залатую раму яе павесіць або ў срэбраную.

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст