Мінімум, максімум, оптымум…

№ 46 (1224) 14.11.2015 - 20.11.2015 г

Падчас камандзіроўкі ў гутарцы з майстрам народнай творчасці я неасцярожна закрануў балючую тэму аптымізацыі ўстаноў культуры. Той аптымізацыі, якая, як меркавалася, з цягам часу дазволіць падвысіць заробкі супрацоўнікам галіны. “Ад мёртвага асла вушы!” — гэтыя словы вялікага камбінатара з вядомага рамана Ільфа і Пятрова я пачуў ад візаві.

/i/content/pi/cult/560/12258/4-22.jpgСкепсіс майстра, як на мой погляд, шмат у чым апраўданы. Вось толькі адзін факт з нядаўняга камандзіровачнага выезду: у Глускім раёне Магілёўшчыны сярэдні заробак супрацоўнікаў сферы, па словах начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі мясцовага райвыканкама Наталлі Гулевіч, складае 3 мільёны 400 тысяч рублёў. Між тым, згодна з данымі Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь, сярэдняя налічаная заработная плата ў студзені-верасні 2015 года ў Магілёўскай вобласці склала 5 мільёнаў 761 тысячу рублёў. Атрымліваецца, што сёння культработнікі Глушчыны зарабляюць прыкладна 59 % ад сярэдняга абласнога заробку.

Падобная сітуацыя назіраецца ў іншых рэгіёнах краіны. Так, па словах першага намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама Святланы Баранок, заробак культработнікаў вобласці знаходзяцца ў межах 4 мільёнаў рублёў. (Пра ініцыятыву, што ў пэўнай меры дазволіць палепшыць сітуацыю, чытайце на старонцы 6. — Ю.Ч.) А сярэдняя заработная плата за студзень-верасень бягучага года, паводле той жа статыстыкі, роўная па вобласці 6 мільёнам 610 тысячам рублёў. Значыць, і тут культработнікі маюць прыкладна 60,5 % ад агульнаабласнога заробку.

Дарэчы, падобная сітуацыя назіралася і летась. У 2014 годзе ўзровень сярэднямесячнага заробку работнікаў культуры склаў толькі 60,6 % да сярэдняй зарплаты па рэспубліцы — пісаў пра гэта ў адным з нядаўніх артыкулаў. Такім чынам, нягледзячы на аптымізацыю, сітуацыя з заробкамі ў галіне не змяняецца. І, як вынікае з прыведзеных лічбаў, механізм пераразмеркавання грошай для матэрыяльнага стымулявання работнікаў, на якіх ускладаецца дадатковая нагрузка, не прадугледжаны ні на раённым, ні на іншых узроўнях…

Ад культработнікаў патрабуюць выканання планаў, нарошчвання пазабюджэтных даходаў арганізацый, павелічэння аб’ёмаў спонсарскай дапамогі… Але парадаксальным застаецца і наступнае: колькасць работнікаў скарацілася, абнаўлення матэрыяльна-тэхнічнай базы даводзіцца чакаць гадамі, а ў сферы не прадугледжана ніякіх фінансавых стымулаў для тых супрацоўнікаў, якія засталіся “шчыраваць” на культурнай ніве пасля аптымізацыі. Разам з тым, як было адзначана ў лютым бягучага года на выніковай калегіі Міністэрства культуры краіны, эканамічны эфект ад аптымізацыі сферы культуры склаў каля 294 мільярдаў рублёў…

Задумацца над праблемай варта — і вельмі пільна, неадкладна. Бо можна “аптымізавацца” да такой ступені, што перспектыўныя (асабліва больш маладога веку) творчыя сілы сыйдуць у “Еўраопты” ды “Гіпа” — заробкі там значна вышэйшыя…

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"