Што сказала дзіва?

№ 46 (1224) 14.11.2015 - 20.11.2015 г

Фані Ардан — пра каханне, кіно і блаславёныя выпадковасці
Насамрэч, назіраць за ёй — адна асалода. Асалода для вачэй. Асалода для розуму. Высокая прычоска, высокія абцасы, чароўная ўсмешка… Французскі шарм. Гэта жанчына, якая ўмее падносіць сябе, жанчына, якая ведае, чаго хоча, і якая валодае якасцю адчуваць жыццё “тут і цяпер”. Гаворка — пра знакамітую актрысу тэатра і кіно Фані Ардан, якая прыехала на Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад”, а журналісты ды гледачы мелі магчымасць пачуць яе думкі.

/i/content/pi/cult/560/12253/13-1.jpgУладальніцу прэміі “Сезар”, прыза імя Станіслаўскага, музу Франсуа Труфо, выканаўцу роляў у фільмах “Суседка”, “Вясёленькай нядзелі”, “Калас назаўжды” Франка Дзэфірэлі… Фані Ардан прыбыла на “Лістапад” не проста ў якасці пачэснай госці, але і як рэжысёр (ды сцэнарыст) сваёй другой карціны — “Дакучлівыя рытмы”. Як і сама спадарыня Ардан, яе стужка створана з эмоцый, прыгажосці, запалу…

Гарэзлівая дзяўчына — на свае вочы мне ўдалося бачыць, як Ардан падскокнула ад задавальнення пасля прэзентацыі ўласнай карціны, — моцная актрыса, цікавы аўтар. Больш за тое, ні для каго ўжо не сакрэт, што Фані Ардан ведае і любіць творы нашага нобелеўскага лаўрэата Святланы Алексіевіч ды сустрэлася з ёй у Мінску.

Пра ўвасабленні кахання

— З 14 — 15 гадоў галоўная тэма, якая мяне цікавіла ў кнігах, — каханне. Я прачытала амаль усё з рускай літаратуры, і тады мне падавалася, што толькі яе прадстаўнікі могуць распавядаць аб непадзеленым каханні. Заўжы аддавала перавагу “Ганне Карэнінай”, а не “Мадам Бавары”. У каханні ёсць месца цуду. У сваім фільме я распавяла пра тое, як заканчваецца каханне, а не пра тое, як яно пачынаецца. Для мяне каханне — барацьба, а самае важнае — здольнасць кахаць. З нецярплівасцю, з памылкамі. Ёсць рацыя, калі кажуць, што мая карціна — надзвычай французская: у кіно маёй радзімы заўжды ёсць месца каханню, мо таму і роляў для жанчын нашмат больш, чым, да прыкладу, у амерыканскім. Усё тое — не выпадкова. Мая гераіня — гэта і сястра для Марыі Башар з “Суседкі”, і Мадам Бавары, і Карэнінай. Гэтыя жанчыны спальваюць сябе дзеля кахання.

Пра музыку ў карціне

— У тэатры мне давялося працаваць з вялікай французскай віяланчалісткай Соняй Відэр-Атэртон, якая вучылася ў Маскве. І кожны раз, калі я бачыла яе на сцэне, назірала за ёй — хваляванне ўва мне расло. Паралельна я пачала працу над сцэнарыем. Усё гэта не магло на мяне не паўплываць. Я зразумела, што гераіня мусіць быць музыкантам, такім, як Соня. І калі мы слухалі разам з ёй Баха, разважалі, як асобныя кавалкі могуць спалучацца з гукамі будоўлі, шумам, яна паказала мне, як гэта можа быць і нават перапісала асобныя кавалкі для віяланчэлі. Па жыцці я вельмі натхняюся музыкай, і, вядома, пастаралася ўсё, што люблю ў ёй, укласці ў мой фільм.

Пра здымкі як дар

— Складанасць сумеснай працы над фільмам была ў тым, што каманда — інтэрнацыянальная: акрамя Жэрара Дэпардзье, усе акцёры — не французы. Здымалі мы па тэхнічных прычынах у Партугаліі, краіне, дзе не гавораць на маёй мове, і мне даводзілася размаўляць па-англійску. Але я заўважыла такую рэч: усе акцёры — аднолькавыя. І японскія, і расійскія, і французскія… Калі кажаш “Матор!” — пачынаецца дзеянне, адчуваецца жарсць, адрэналін. Вось што самае галоўнае!

Аднойчы я працавала з кітайскім рэжысёрам Цай Мінлянам на Тайвані. І ён размаўляў толькі па-кітайску. Не на англійскай, французскай ці італьянскай мовах. Але я дзіўным чынам усё разумела — усё, што ён ад мяне хацеў. Згадваю і працу з Антаніёні, які ў той момант быў ужо зусім хворы і не мог размаўляць. Але мы таксама разумелі адзін аднаго. Ведаце, акцёры — свайго кшталту сабакі. Яны дзейнічаюць паводле чуцця.

Але падобныя малабюджэтныя здымкі — заўжды складаная справа. Аднак гэта і тое, дзеля чаго варта жыць. І пэўныя здарэнні на пляцоўцы могуць пайсці на карысць фільму. Увогуле, усё, што адбываецца ў гэтыя моманты, трэба ўспрымаць як дар Божы, выкарыстоўваць тое на карысць стужкі. І ні ў якім разе нельга ісці супраць абставін. Памятаю выпадак, які адбыўся на здымках “Атэлла” Орсана Уэлса. Рэжысёр таксама быў заціснуты ў вельмі жорсткія часавыя і фінанасавыя рамкі. Да ўсяго, у дзень, калі трэба было здымаць масавую сцэну ў двары, былі скрадзены ўсе касцюмы. Але замест таго каб упасці ў роспач, рэжысёр сказаў: “Добра, тады будзем здымаць у хамаме”. І вы, напэўна, памятаеце гэту сцэну, дзе ўсё акцёры распранутыя, хамам, пара, і адбываецца нейкае чараўніцтва ў тыя моманты. Але мала хто ведае, што знаходка рэжысёра — вымушаная мера.

Здаецца, нехта з рускіх класікаў сказаў, што свет належыць таму, хто ўмее з гэтым светам працаваць. Гэта выслоўе дакладна пасуе і кінасправе.

Пра настаўнікаў

— Напэўна, самы вялікі ўплыў, які я атрымала ад рэжысёраў, з якімі давялося працаваць, — іх энтузіязм, імпэт. Кожны з іх валодаў унікальным стылем, кожны знаходзіў свае дэталі ў гісторыях, якія распавядаў, у кожнага быў асаблівы погляд на свет і кіно. Але іх усіх аб’ядноўвала жарсць, тое моцнае жаданне працаваць, якое яны выпраменьвалі. Гэтаму я і вучылася ў іх.

Заўжды лічыла, што быць актрысай і рэжысёрам — божая ласка, якая на нас сыходзіць, і трэба атрымліваць асалоду ад кожнага імгнення ў прафесіі.

Пра літаратурную працу

— Мне вельмі спадабалася займацца літаратурнай работай, пісаць сцэнарыі. Па натуры я адзінокі чалавек, не люблю свецкае жыццё, у мяне не так шмат сяброў. Але калі я са сваім сшыткам, сваімі персанажамі застаюся сам-насам, гэта падобна на тое, нібы я збіраюся на спатканне. Дарэчы, калі я скончыла першую версію сцэнарыя і паказала яго аднаму чалавеку, ён мне адрэзаў: “Нейкая бессэнсоўная гісторыя, бо галоўная гераіня закахалася проста ў крэціна”. І потым я перарабіла сцэнар і перарабіла мужчыну. Асабліва мне спадабалася ў гэтай працы абмяркоўваць і нават спрачацца пра людзей, якія не існуюць. І мне вельмі падабаецца, што пасля прагляду фільма ці спектакля, можна гэтак жа горача спрачацца і перажываць. Напрыклад, як пасля футбольнага матча.

Пра ідэальнае кіно

— Для мяне ідэальны фільм — той, пасля якога прагнеш жыць далей. Нават калі вы прыходзіце ў кінатэатр і глядзіце штосьці такое драматычнае, але потым сыходзіце з адчуваннем уздыму, жаданнем жыць — тое і ёсць для мяне ідэальнае кіно. Бо “жыве той, хто змагаецца”, як сказаў Віктор Гюго.

Пра фінансы

— Вы ведаеце, я ніколі не ўмела “гандляваць дыванамі”. Калі апынулася на перамовах наконт карціны, патэнцыйныя спонсары запыталі: “А на якую ўзроставую катэгорыю разлічана ваша гісторыя?”. І ў мяне не знайшлося адказу. І, адпаведна, аргументаў, каб упэўніць іх даць грошы. Ведаеце, я заўжды раблю свае карціны з малым бюджэтам. Але заўважыла, што на каманду — акцёраў і тэхнічную групу — гэта ўплывае такім чынам, што кожны з іх імкнецца вельмі добра зрабіць сваю працу.

Пра ідэальнага мужчыну

— Вы ведаеце, ідэальны мужчына для мяне — гэта той, які кахае і якога кахаюць. Каханне — вось мой ідэал. А тое галоўнае, што здолеў перадаць мне мой бацька, гэта — незалежнасць і вольнадумства, якія захоўваю да гэтай пары. У мяне — няма забаронаў.

А наконт далейшай кар’еры, наконт таго, чаму аддам перавагу? Акцёрскай дзейнасці ці рэжысёрскай? Пажывем — пабачым…

Фота Аліны САЎЧАНКА

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"